Літаратурную вечарыну, што адбылася 11 траўня ў Горадні, можна назваць вечарынай пераемнасці пакаленняў літаратараў.
Андрэй Хадановіч перад пачаткам мерапрыемства расказаў, што за гадзіну да гэтага ў гарадзенскай кватэры стваральніку грамадскага музея Васіля Быкава Мікалаю Мельнікаву была ўручаная прэмія імя Алеся Адамовіча.
А падчас самога мерапрыемства гарадзенка Ганна Аўчыннікава, якая стала фіналісткай літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, атрымала сваю ўзнагароду. Гарадзенская паэтка ўганараваная за дэбютны зборнік вершаў “Ад зачыненай брамы”, што выйшаў у кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” год таму.
Менавіта Ганна Аўчыннікава і распачала вечарыну, прачытаўшы некалькі сваіх вершаў.
Павал Касцюкевіч прэзентаваў кнігу «Зборная РБ па негалоўных відах спорту». Ягоныя дасціпныя аповеды пра спартоўцаў выклікалі у зале ўздым настрою, і аўра вяселля распаўсюдзілася амаль на ўвесь будынак.
Уладзімір Арлоў прэзентаваў гарадзенцам сваю новую кнігу “Пакуль ляціць страла”. Гэтая кніга – адказы аўтара на пытанні, якія ён збіраў некалькі гадоў, а можа, і дзясяткаў гадоў, як кажа сам пісьменнік.
Вечарыну вёў Андрэй Хадановіч, які чытаў урыўкі са свайго новага перакладу – кнігі Эрыка-Эманюэля Шміта “Евангелле паводле Пілата”.
– “Евангелле паводле Пілата” лічыцца адной з самых паспяховых кніг Шміта, якога ўвогуле цікавяць розныя культуры, розныя сусветныя рэлігіі. І ў сваёй кнізе ён сутыкнуў дзве цывілізацыі – юдэйска-хрысціянскую і антычную, – кажа перакладчык.
Апроч перакладу А. Хадановіч чытаў свае новыя вершы, напісаныя падчас наведвання Парыжу.
Амаль дзве гадзіны літаратуры прайшлі для гарадзенцаў непрыкметна.
Андрэй Мялешка

