Трэнд у беларускім фольку такі: экспэрымэнты з фальклёрам саступаюць мейсца іх адсутнасьці. Быццам музыкі ды публіка стаміліся ад рознастылёвых варыяцыяў. Таму зараз прыходзіць час «сырое» аўтэнтыкі: тут няма слухача, бо калі ты прысутнічаеш, то таксама сьпяваеш. І няма сцэны, бо калі ты не музыка, то ты танчыш. Адзін з прыкладаў фольку «заўтрашняга дня» – гурт «Горынь».
У асяродку старадаўняе музыкі зараз назіраюцца такія тэндэнцыі: мэдывальшчыкі далучаюцца да фальклярыстаў, а дудары пераходзяць на скрыпкі. Кідаецца ў вочы яшчэ адзін, магчыма, пакуль ня надта праяўлены трэнд: экспэрымэнты з фальклёрам саступаюць мейсца іх адсутнасьці. Быццам музыкі ды публіка стаміліся ад рознастылёвых варыяцыяў. Народны сьпеў за апошнія дзесяцігодзьдзі, насамрэч, зьмешвалі з усім, з чым можна й ня можна. Таму зараз прыходзіць час «сырое»аўтэнтыкі: тут няма слухача, бо калі ты прысутнічаеш, то таксама сьпяваеш. І няма сцэны, бо калі ты не музыка, то ты танчыш. Мы маем справу зь перайманьнем традыцыі, яе працягам на новым узроўні, калі гарадзкая моладзь сьпявае старадаўнія вясковыя песьні й танчыць такія ж танцы. Яны адчуваюць сябе ўнутры традыцыі, бо яны – яе працяг.
Да прыкладу, новаствораны гурт «Горынь». У яго складзе чатыры ўдзельніцы «Студэнцкага этнатаварыства»: Наста Глушко, Галіна Друк, Юлія Літвінава ды Тацяна Лук’янава. Свой назоў«Горынь» тлумачыць тым, што так па ўсёй Беларусі называюць адмысловыя чырвоныя ніткі для вышыўкі, якія можна пабачыць на традыцыйных вышыванках. Дарэчы, усе ўдзельніцы «Горыні» – ня толькі сьпявачкі, але й выдатныя вышывальшчыцы.
ТГ: Ці правільна гурт «Горынь» залічаць да рэканструктараў фальклёру альбо да этнографаў? Кім вы самі лічыце сябе?
Наста Глушко: Слова «рэканструктары» мне не падабаецца ў дачыненьні да фальклёру. Нашыя песьні яшчэ жывыя, іх ня трэба пакуль аднаўляць. Так, я думаю, усе мы лічым сябе этнографамі, таму што займаемся вывучэньнем сьпеўнае традыцыі пераважна ў экспэдыцыйных умовах, працуем з запісамі, а ня з нотнымі варыянтамі песень. Натуральнымі прадаўжальнікамі мы ня можам ужо быць, бо ўсе мы адарваныя ад традыцыі, ад умоваў, дзе яна ўзьнікла й разьвівалася, таму можам лічыць сябе толькі пераймальнікамі. Хаця й гэты тэрмін не зусім дакладны.
Нядаўна «Горынь» выдала свой першы альбом «Да падай, Божа, ключы… » Дыск друкаваўся ў Маскве, а над гукам працаваў Генадзь Сыракваш, вядомы па супрацы з N.R.M. ды многімі іншымі рок-гуртамі. Па словах Насты, «Генадзь апынуўся вельмі цярплівым і далікатным чалавекам».
ТГ: Якія песьні вы адабралі для дэбютніку?
Наста Глушко: Песьні веснавога цыклу. Распачынае альбом стрэчаньская песьня. Ёсьць таксама гукальныя, велікодныя, русальныя, юраўскія ды проста сьпевы, прымеркаваныя да вясны. Меркавалася , што гэты дыск стане першым з сэрыі.
Большая частка альбома зробленая выключна галасамі. Прычым, у кожнай са сьпявачак «Горыні» свой характэрны тэмбар. І кожны сьпеў тут падаецца як асабістае перажываньне. Бяз гэтага, як кажа Наста, песьня не жывая. Зрэшты, у некалькіх рэчах не абышлося без запрошаных музыкаў.
ТГ: Чаму вы вырашылі дадаць у некаторыя сьпевы інструмэнты?
Наста Глушко: Дуда, сапілка, гусьлі дадаюць калярыту. Напрыклад, вядома, што велікодны абыход адбываўся пад гукі дуды, пазьней скрыпкі ці гармоніка. Хаця некаторыя абрадавыя песьні настолькі моцныя па гуку, што не ўспрымаюць музыкі ў дадатак, толькі галасы.
Альбом «Да падай, Божа, ключы… » яшчэ ня трапіў у продаж, як і ў сеціва. Набыць дыск пакуль можна асабіста ў дзяўчат. Прэзэнтацыя таксама адклалася, бо сьпяваць вясновыя песьні паводле традыцыйных правілаў можна толькі вясной.
ТГ: Некаторыя кажуць, што больш рэзонна выдаваць арыгіналы тых запісаў зь вёсак, песьні зь якіх вы перасьпяваеце. Што «Горынь» адкажа на такія заўвагі?
Наста Глушко: Безумоўна экспэдыцыйныя запісы маюць вялізную каштоўнасьць як першакрыніца. Мяркуем, знойдзецца магчымасьць іх выдаць. Але тое , што робім мы – гэта нашая творчасьць, нашае разуменьне ды адчуваньне тае ці іншае песьні, нашыя эмоцыі, водгук песьні ў нашых сэрцах. Менавіта гэта мы й нясем слухачам.
У выглядзе эксклюзыву «Горынь» прадстаўляе на Tuzin.fm сьпеў «Шось у лесе гукае», дзе на гуслях грае Кася Радзівілава (экс-«Стары Ольса»).
Горынь – Шось у лесе гукае (народная)
Віктар Сямашка, «Тузін Гітоў”