Гурт “BosaeSonca” прэзентуе міні-альбом “Shara”

02.01.2012 Музыка

Гурт «BosaeSonca» прэзентуе навагодне-калядны падарунак у выглядзе міні-альбому «Shara». Інтэрнэт-рэліз уяўляе сабой 4 песні, прасякнутыя рок-н-рольным драйвам, месцамі прыфанкованымі фішачкамі, ды настроем са знакам «+», сцвяржаюць музыкі калектыва.
Песні гэтыя запісваліся досыць спантанна і ненапружна, – кажа лідэр каманды, Алесь Кот-Зайцаў, – ня гледзячы на тое, што зараз мы працуем у іншым стылі, нам было весела і прыемна ўзгадаць і пераасэнсаваць свае старыя творы. А некаторым з песень «Shar’ы» ужо год па 5, а то і больш. Мы папросту вырашылі зрабіць такі падарунак, уздым настрою ў святочныя дні і сабе, і тым, хто спампуе ды праслухае «Sharu».

Міні-альбом прэзентаваны для вольнага спампоўвання на афіцыйнай старонцы гурта ў інтэрнэце www.bosaesonca.by, якая адмыслова да прэзентацыі атрымала новае афармленне. Пасля афіцыйнага інтэрнэт-рэліза, міні-альбом «Shara» будзе выдадзены лімітаваным накладам на CD. Выданне па словах музыкаў будзе мець эксклюзіўны дызайн і будзе дапоўненае прыемнымі нечаканкамі ў выглядзе некалькіх бонус-трэкаў. Live-прэзентацыя міні-альбому адбудзецца 17 студзеня ў клубе «Графіці» на сумесным канцэрце з гуртом «Recha».

Гурт «BosaeSonca» распачаў новую плыню свайго музычнага жыцця 1 снежня 2011-га году, прэзентаваўшы сінгл «Зіма». Песня імкліва ўзнялася на 3-е мейсца гіт-параду «Тузін гітоў» (www.tuzin.fm), пакінуўшы перад сабой толькі зорныя гурты – «Воплі Відаплясава» ды «Ляпіс Трубяцкі». Прэзентаваўшы «прахадны» міні-альбом «Shara», гурт вернецца да працы над сваім дэбютным паўнафарматным альбомам, а таксама да падрыхтоўкі адмысловай unplugged-праграмы, якая прагучыць у сумесным канцэрце з гуртом «J-mors». Канцэрт пройдзе ў рамках праекта «Тузiн-unplugged» і адбудзецца 30-га студзеня ў клубе «Графіці».