Карлсан адляцеў… але вярнуўся!

27.09.2013 Тэатр

У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася прэм’ера спектакля “Малы і Карлсан, які жыве на даху”.

Карлсан адляцеў… але вярнуўся!

Тэатралы, якія наведваюць дзіцячыя пастаноўкі, ведаюць, што ў большасці такіх спектакляў ёсць адзін вялікі недахоп: вельмі часта яны часта нагадваюць ранішнікі. Бо акцэнт у іх зроблены на вонкавых эфектах. Часам можа адсутнічаць логіка ў падзеях і ва ўчынках герояў (маўляў, якая дзецям розніца?). А каб аўдыторыя не засынала і не “выключалася” з дзеяння, можна час ад часу звяртацца да яе з просьбамі аб дапамозе. Класічных пытанняў два. Які герой: добры ці дрэнны? І куды ён накіраваўся: налева ці направа? Малеча часта ўспрымае такія пастаноўкі на ўра. Але для дарослых, якія прысутнічаюць у зале разам з дзецьмі або па прафесійных абавязках, прагляд “ранішнікаў” — пакута і бессэнсоўна змарнаваны час. Выключэнні, на жаль, нешматлікія. Адным з іх стаў “Малы і Карлсан”.

За пастаноўку ўзяўся малады рэжысёр Аляксандр Янушкевіч, вядомы сваёй інтэрпрэтацыяй на сцэне Лялечнага тэатра “Вянчання” Вітальда Гамбровіча. Спектакль створаны паводле п’есы Маргарыты Мікаэлян і Соф’і Пракоф’евай, напісанай, у сваю чаргу, на аснове класічнай аповесці Астрыд Ліндгрэн. Жанр “Малога і Карлсана” пазначаны як “гульня ўяўлення ў дзвюх дзеях”. Сапраўды, падчас спектакля ў нейкі момант пачынаеш задумвацца: Карлсан (Цімур Муратаў) існуе ў рэальнасці ці з’яўляецца фантазіяй хлопчыка (Дзмітрый Чуйкоў)? Можа, нездарма “самы ўкормлены мужчына ў самым росквіце моцы” знікае, як толькі ў пакоі з’яўляюцца дарослыя? А яго гульня з Малым падчас эксперыментаў з паравой машынай паказаная праз тэатр ценяў (зноў-такі, праз уяўленне героя).

Пэўную падказку дае сцэнаграфія (мастак — Таццяна Нерсісян). Прастора падзеленая на дзве гарызантальныя плоскасці. Ніжняя ўвасабляе рэальны свет Малога, верхняя — казачны свет Карлсана. Вельмі дасціпна вырашаная праблема ўзросту і росту. Вобраз Фрэкен Бок (Наталля Кот-Кузьма), якая ёсць поўным кантрастам сям’і Малога, вырашаны ў камедыйна-фарсавым стылі. У дадатак яе фігура наўмысна расцягнутая па гарызанталі. Гэта сведчыць, што яна наўрад ці зможа “дарасці” да Карлсана і зразумець яго свет.

 

Карлсан адляцеў… але вярнуўся! Карлсан адляцеў… але вярнуўся!

 

А вось вобразы “дарослых” сваякоў героя — фру Свантэсан, мамы хлопчыка (Святлана Цімохіна), яго сястры Бетан (Надзея Чэча), Пеле, хлопца Бетан (Аляксандр Васько) — увасобленыя праз высачэзныя лялькі. Таму галоўны герой успрымаецца малодшым за іх. Лялька-мама выкананая ў поўны рост. Часам здаецца: вось-вось — і яна дакранецца да столі. Што да падлеткаў, дык іх твары і тулава знаходзяцца ўверсе, фактычна на “лініі” Карлсана, а вось сваімі доўгімі нагамі яны кранаюцца зямлі. Тут мастак акрэслівае праблему пераходнага ўзросту, імкненне герояў адпавядаць дарослым. Галоўнае, што Бетан і Пеле яшчэ могуць паверыць у свет Карлсана (бо знаходзяцца з ім у адной прасторы), але самі не жадаюць таго. Бадай, у гэтым і заключаецца адказ на пытанне, фантазія Карлсан ці рэальнасць. Казачны герой існуе тады, калі ў яго вераць. Пацверджаннем таму ёсць выгляд Карснана, апранутага ў скураную куртку лётчыкаў. Для рамантыкаў гэта сведчыць пра яго здольнасць лётаць. А вось прагматыкі скажуць, што ён звычайны чалавек, які прыляцеў на самалёце або верталёце.

Разам з тым спектакль падаўся не зусім роўным. Першая дзея пабудаваная па ўсіх законах дзіцячай пастаноўкі: дыялогі чаргуюцца з дынамічнымі сцэнамі. А вось у другой частцы размовы пачынаюць дамінаваць (асабліва калі “ідуць” рэплікі з тэлевізара), таму малыя гледачы часам страчваюць цікавасць да дзеяння. Тут таксама крыху не хапае сцэнічных “разынак”, якімі А. Янушкевіч шчодра ўпрыгожыў першую частку (напрыклад, згаданая сцэна гульні; з’яўленне высачэзных “дарослых”, а таксама злодзеяў; малюнкі Малога на дошцы, якая нагадвае тую, што знаходзіцца ў кожным класе). Так, вельмі эфектным выглядае фінал, калі ўсе героі літаральна на вачах у гледачоў збіраюць ляльку сабакі, пра якую марыў герой. Але калі б такіх фрагментаў было больш, яны толькі б ўпрыгожылі дзеянне.

Некаторыя іншыя спрэчныя сітуацыі можна назваць нават не заўвагамі, а пазнакамі на палях праграмкі. Напрыклад, не зусім зразумела, якую ролю ў пастаноўцы адыгрывае Астрыд, сяброўка Малога (Іна Ганчар). Яе з’яўленне асабліва не ўплывае на развіццё сюжэта (ажыццявіць палёт на дах, а потым выкрыць злодзеяў можна з лёгкасцю і без яе). Магчыма, Астрыд уведзеная ў спектакль для ілюстрацыі сяброўства паміж хлопчыкам і дзяўчынкай? Цікава была вырашаная сцэна, падчас якой перад гледачамі ўпершыню з’яўляюцца два злодзея: “першакласны” Філе (Аляксандр Казакоў) і пачатковец Руле (Дзмітрый Рачкоўскі). Але іх рэплікі, на жаль, не заўсёды былі чутныя.

Зрэшты, нашмат больш істотнае агульнае ўражанне. У дарослых “Малы і Карлсан” пакідае адчуванне свята, дазваляе атрымаць шмат пазітыву і хоць бы на паўтары гадзіны вярнуцца ў свет дзяцінства. А маленькіх гледачоў спектакль ненавязліва пераконвае ў простых ісцінах. Што сапраўдны сябра не пакіне цябе аднаго і дапаможа ў змаганні з несправядлівасцю. Што не трэба саромецца марыць і фантазіраваць. І, нарэшце, варта спадзявацца і верыць. Бо цуды ўсё-такі могуць здзяйсняцца.

Дзяніс Марціновіч
Фота прадстаўленае Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек