Міжнародны фестываль-кінакааперацыя незалежных фільм-мэйкераў Cinema Perpetuum mobile, арганізаваны сіламі Мінскага кінаклуба (www.kinaklub.org) пры падтрымцы “Белвідэацэнтра”, упершыню прайшоў у Беларусі.
На фестываль паступіла каля 200 фільмаў з 35 краін свету, знятых у самых разнастайных стылях і жанрах: ад чорна-белых камедый да 3D-анімацыі, ад лірыкі да анархіі.
У шорт-ліст увайшло 38 работ, якія ацэньвала кампетэнтнае журы — вядомыя прадстаўнікі незалежнага кінематографа розных краін, сярод якіх Коры Макебі (ЗША) — культавы амерыканскі рэжысёр, старшыня Федэрацыі кінаклубаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Мацей Гіль (Польшча), Віктар Аслюк (Беларусь) — рэжысёр і сцэнарыст, чалец Еўрапейскай кінаакадэміі, і іншыя.
З 13 па 18 студзеня мінскія кінагурманы маглі пабачыць незалежнае аўтарскае кіно на некалькіх фестывальных пляцоўках: у Нацыянальным мастацкім музеі, Палацы мастацтваў, Палацы моладзі, арт-кінатэатры “Рубін Плаза”, Музеі гісторыі беларускага кіно і галерэі імя Шчамялёва. Варта адзначыць, што не толькі моладзь творчых ВНУ актыўна наведвала прагляды: было дастаткова людзей старэйшага пакалення, нават вельмі дарослых, асабліва на спецыяльна падрыхтаванай да фестывалю праграме “Хроніка і міфы беларускага відэаарту”.
Як адзначыў на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў, што адбылася ў гасцінных сценах Нацыянальнага мастацкага музея, сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык, які ўзняў удзел у фэсце ў якасці чальца журы, “не кожны фестываль, можа пахваліцца такім узроўнем прац, якія былі прадстаўленыя тут”. Яшчэ адзін прадстаўнік журы, дэкан факультэта экранных мастацтваў, прафесар кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Павел Іваноў падкрэсліў, што “вельмі важна для маладых людзей, якія спрабуюць свае сілы ў кінематографе, убачыць сябе на фоне іншых прац”. А дырэктар “Беларускага відэацэнтра”, сцэнарыст і рэжысёр, сябра журы фестывалю Юры Ігруша абвясціў пераможцаў па намінацыях:
Perpetuum Vita — “Паводле вобразу і падабенства” (In the image and likeness, Нікіта Ціханаў-Рау, Расія-Іспанія)
Perpetuum Arts — “Сцэна” (Scene, Стэфан Раселін (Францыя)
Perpetuum Mobile — Perpetuum mobile (Агнія Буржэўска, Польшча)
Perpetuum Idea — “Чарада” (Flock, Асьер Алтуна, Іспанія)
Perpetuum Amor — “Начная школа” (Night School, Бэн Сопер, Вялікабрытанія)
Perpetuum History — “1937” (Галаўлёў С., Расія)
Perpetuum Adversi — “Пляцоўка для гульняў” (PlayGround, Elad Primo, Ізраіль)
Perpetuum Libertas — “Тыя, што жывуць на даху” (Enterrados, Alex Lora, Іспанія)
Прыз за найлепшы беларускі фільм, прадстаўлены на фестывалі, атрымаў пераможца “КінаVаркі-2011” Aрцём Лобач за сваё “Змярканне”. Па заканчэнні цырымоніі Арцём прызнаўся, “што гэта грандыёзная нечаканасць”, але вельмі прыемная.
Гран-пры журы прысудзіла іспанскай стужцы “Вялікія гонкі” (The Great Race, Котэ Камача).
“Першапачаткова фестываль быў задуманы як фестываль-праект, што адлюстравана ў яго назве. Мы хацелі запусціць такі “вечны рухавік” беларускага кіно і цягам года (да наступнага фестывалю) будзем праводзіць розныя імпрэзы, звязаныя з гэтым праектам. Па-першае, гэта будуць замежныя паказы работ нашых фіналістаў, якія адбудуцца дзякуючы нашым фестывалям-партнёрам у Германіі, Польшчы і Амерыцы. Па-другое, гэтыя работы будуць паказаныя і ў Беларусі, бо не ва ўсіх ахвотнікаў атрымалася прыехаць у Мінск. Магчыма, мы разаб’емся яшчэ на некалькі секцый (дакументалістыку, відэаарт) і правядзем некалькі майстар-класаў, семінараў па гэтых напрамках. Іншымі словамі, цягам года яшчэ нешта будзе адбывацца. Сачыце за навінамі!” — сказала арт-дырэктар фестывалю Вера Анціпава.
Зарына Кандрацьева