Якія смелыя ідэі культурніцкіх праектаў жывуць у галовах гамельчукоў? Пра што мараць, якім бачаць развіццё горада над Сожам яго жыхары? Адказы на гэтыя пытанні прагучалі падчас “Кірмашу праектаў”, арганізаванага грамадскай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.
— Нашая сустрэча адбываецца дзеля таго, каб дапамагчы праявіць ініцыятыву тым, каго хвалююць не толькі ўласныя праблемы, пазнаёміць адзін з адным тых невыпадковых людзей, якія змогуць разам зрабіць унёсак у паляпшэнне культурнага жыцця горада! — зазначыла вядучая гомельскага “Кірмашу праектаў” Крысціна Карчэўская.
І сапраўды, больш за паўсотні гамельчукоў не паленаваліся прыйсці ў залу Гомельскай гарадской бібліятэкі, каб адчуць, чым дыхае горад ды спрычыніцца да паляпшэння гарадскога жыцця (адны ўдзельнікі сустрэчы прадстаўлялі праекты, іншыя — ацэньвалі прапановы).
— У нас цудоўныя, вельмі цікавыя людзі, ствараецца вельмі шмат культурніцкіх праектаў, але рэалізаваць іх, данесці да слухача, чытача, спажыўца — з гэтым праблема. Тое ж самае — з людзьмі. Многія беларусы маюць часам геніяльныя ідэі, але думаюць: ну, што я камусьці буду расказваць пра сваю ідэю, можа, яна гэтага не вартая, каго я знайду сабе ў дапамогу, ды і дзе шукаць? Насамрэч гэта не так. Важна публічна расказаць пра сваю ідэю. Тады пад гэтую ідэю падцягнуцца іншыя людзі, з’явяцца аднадумцы. І гэта прынясе вялікую карысць і асобна ўзятаму гораду, і ўсёй краіне, — падбадзёрыла прысутных каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская.
Агулам у Гомелі было прадстаўлена 11 праектаў. Гэта ідэя аднаўлення замчышча, правядзення паэтычнага фэсту, штогадовага фестывалю творчай моладзі ў вёсцы, этнаграфічна-танцавальных вечарын і сапраўднага ткацкага фэсту, стварэнне “арт-каморы” і сцяны, на якой кожны ахвочы выказваў бы, што ён хоча паспець зрабіць за сваё жыццё, тэатральна-цыркавы праект, гарадскі інтэрнэт-часопіс, праект гомельскага артхаус-кіно і пешаходнай вуліцы. Дарэчы, падчас апошніх прэзентацый некаторыя з аўтараў праектаў ужо разглядалі магчымасць супрацоўніцтва з іншымі гамельчукамі, якія прадставілі свае прапановы на “Кірмашы”.
Шмат для каго досвед публічнай прэзентацыі сваіх ідэй і пошуку партнёраў у адкрытым фармаце стаў першым у жыцці. Удзельнікі з цікавасцю слухалі і абмяркоўвалі праекты адзін аднаго, знаходзілі аднадумцаў і магчымасці супольных дзеяў. Для працягу абмеркавання, для якога часу “Кірмашу” не хапіла, створаная суполка ў “Вконтакте”, дзе ўсе прысутныя могуць працягнуць пошук абмен думкамі і тых элементаў, якіх пакуль не хапае.
Дыскусійныя пляцоўкі для прэзентацыі сваіх праектаў і іх абмеркавання будуць ладзіцца і ў астатніх гарадах Беларусі. Пасля “Кірмашоў”, што адбыліся ў Гомелі і Магілёве, ”Кірмаш” адбудзецца ў Віцебску 9-га красавіка!
Кірмаш праектаў –Гомель. Адзнакі гледачоў
№ пп | Назва праекта | Актуальнасць ідэі | Важнасць для мэтавых груп | Магчымасць рэалізацыі |
1 |
Фестываль творчай моладзі “Арт-вёска” |
8,42 |
8,56 |
7,08 |
2 |
«Перш чым я памру, я хачу…» |
5,85 |
6,8 |
9,2 |
3 |
Пешаходная вуліца як цэнтр гарадской вулічнай культуры |
8,31 |
9,16 |
6,33 |
4 |
Танцавальныя этна-вечарыны |
6,27 |
7 |
8,88 |
5 |
Арт-камора |
6,54 |
7 |
7,24 |
6 |
Гарадскі інтэрнэт-часопіс “The Mag” |
7,62 |
8,28 |
9,29 |
7 |
Тэатральна-цыркавы праект “Ікропка” |
8,42 |
8,12 |
8,48 |
8 |
Фестываль “Вулічныя вершы” |
6,04 |
7,84 |
9,08 |
9 |
Праект “Замчышча” |
7,73 |
8,04 |
5,12 |
10 |
Арт-хаус |
4,27 |
4,71 |
7,26 |
11 |
Ткацкі фэст “Кросенцы” |
7,96 |
7,4 |
8,72 |
Да ведама
“Кірмаш праектаў” — месца збору культурніцкіх прапановаў, іх аўтараў і крытыкаў. Праекты збіраюцца з тым, каб усім разам абмеркаваць іх важнасць, актуальнасць і магчымасці рэалізацыі. У планах кампаніі “Будзьма беларусамі!” — стварэнне адмысловай анлайн-пляцоўкі для банку ідэяў, што дэманструюцца аўтарамі для прыцягнення грамадскай увагі і пошуку самай рознай падтрымкі.
Аліна Таранік, фота — Зарына Кандрацьева