Восень – найлепшы час для дзвюх рэчаў: крэатыўнага пошуку і ўтульных канцэртаў добрага року. Менавіта з гэтай нагоды грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” і гурт Re1ikt запрашаюць вас узяць удзел у конкурсе “Быць беларусам: адшукай свой Re1ikt” і завітаць на канцэрт гурта ў вашым горадзе.
Да канца кастрычніка мы разам абярэм найлепшую выяву рарытэтнай і дарагой вам рэчы, якую можна ахарактарызаваць як сапраўдны беларускі рэлікт. Гэта можа быць нешта з бабулінага куфра, ваш дзіцячы малюнак, зроблены ў 3 гады, падарунак з асаблівай гісторыяй, любімая кашуля з сэканд-хэнду ці плыта гурта “Уліс” “Чужаніца”, якая змяніла вашае жыццё. На конкурс прымаюцца фотаздымкі (з арыгінальным каментарамі і без), крэатыўныя калажы і нават зафіксаваныя ў малюнку “тыя самыя словы”.
Каб узяць удзел у конкурсе, вам трэба далучыцца да афіцыйнай суполкі кампаніі “Будзьма беларусамі!” Укантакце і дадаць свой фотаздымак у альбом конкурсу “Быць беларусам: адшукай свой Re1ikt”.
Памятныя прызы ад гурта Re1ikt і кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымаюць дзесяць пераможцаў. Пяць чалавек – тыя, хто набярэ максімальную колькасць “лайкаў” пад сваімі малюнкамі ў альбоме, і яшчэ пяць – абраныя арганізатарамі конкурсу. Вынікі конкурсу будуць падведзеныя 31 кастрычніка.
Гурт Re1ikt мае 3 студыйныя альбомы, 2 DVD і шэраг афіцыйных і аматарскіх відэакліпаў. Сёння музыкі дзеляцца сваім фотаздымкам з “рэліктавай” кнігай, без якой, па іх прызнанні, “рэкі б ніколі не прабілі лёд у іх жыцці” ды запрашаюць усіх да ўдзелу ў конкурсе і чакаюць на сваіх канцэртах.
Найбліжэйшыя канцэрты гурта адбудуцца:
Светлагорск – 29 верасня, 17:00, цэнтр “Тандэм”
Рэчыца – 30 верасня, 15:00, мастацкая галерэя
Гомель – 30 верасня, 19.00, клуб “Імперыя”