За першы месяц новага года беларускія музыкі паспелі парадаваць слухачоў цікавымі рэлізамі. Кампазіцыя на верш Міхася Чарота ад вакаліста гурта Rel1kt і спявачкі пад псеўданімам Pani Anna, пранікнёная песня LEAR на тэму аб’юзу і сіндрому ратавальніка, новы ЕР ад Iva Sativa і R&B па-беларуску ад Wavy Mroy — ёсць што паслухаць, пад што патанчыць і паплакаць. Распавядаем пра ўсё па парадку.
На могілках
У беларусаў, як і ў любых іншых народаў, ёсць свае абрады, паданні і нават святы, звязаныя з памерлымі продкамі. Песня «На могілках», не зусім пра гэта, хоць і наводзіць сваёй назвай на пэўныя думкі.
Гэта кампазіцыя — сумесная праца двух беларускіх музыкаў: вакаліста гурта Rel1kt Уладзіміра Казлова (спадзяюся, яго вы пазнаеце з першых нот) і беларускай кампазітаркі і вакалісткі пад псеўданімам Pani Anna. Цікавая калабарацыя павінна атрымацца, ці згодны? Яшчэ больш цікавасці дадае той факт, што песня напісана на верш Міхася Чарота.
Увесь сінгл прасякнуты трагічнымі распевамі, у якіх пераплятаючыся, перагукаюцца мужчынская і жаночая вакальныя партыі. Градус драматызму перададзены ледзь не ідэальна і ў камбінацыі з моцным тэкстам у некаторых момантах працінае да дрыжыкаў. Сама песня падаецца ці то плачам, ці то енкам і крыкам чалавека, які як мінімум, апынуўся на могілках у сваёй альбо свайго некалі каханага чалавека. Маналог душы, так бы мовіць. І гэты маналог добра перадае мінімалістычны інструментал, дзе ўсім кіруе фартэпіянная і скрыпічная партыя. З усяго гэтага складаецца сапраўдная траўрная балада як па даўжыні кампазіцыі, так і па працяглых, эмацыйных распевах з пранікнёнымі радкамі ад вядомага беларускага паэта.
Я ратавала цябе нібы свечка
У адрыве ад кантэксту песні радкі гучаць сапраўды па-вар’яцку, але раю не спяшацца з вынікамі.
Новая кампазіцыя спявачкі LEAR «Свечка», глыбока закранае тэму аб’юзу і сіндрому ратавальніка. Наконт якасці песень Леры, як звычайна, пытанняў не ўзнікае: зроблена з густам, высокім узроўнем музыкальнасці (наколькі гэта магчыма ў цяперашніх рэаліях беларускай музыкі) і саўнддызайну. Насычанасць гуку аднолькава адчуваецца і ў навушніках, і на студыйных маніторах, і на дынаміках ноўтбука. Але ўсё гэта, хоць і файная, але толькі абгортка. Цукерка тут — тэкст і сэнсы, звязаныя з ім.
Лера, у адрозненне ад большасці поп-спявачак і спевакоў, выдатна гуляе з метафарамі ўжо не першы год. У гэтай песні, артыстка параўноўвае сябе са свечкай, якая асвятляе шлях, ахутвае пяшчотным полымем, калі хочаце, то і сагравае. Не сумнявайцеся, гэта песня пра яе саму і пра тое, што адбывалася ці адбываецца менавіта з ёй, бо, як гаварыў класік: «Файную гісторыю немагчыма прыдумаць. Яе можна альбо пражыць, альбо скрасці». На выкрадальніка Лера не надта падобная, а таму — адказ на паверхні.
Адчуванне дэжавю
Менавіта яно не пакідае мяне заўсёды, калі я вырашаю ўключыць штосьці па-беларуску і з налётам электроннай музыкі. «Усё гэта ўжо дзесьці чуў, амаль адзін у адзін...», — намагаюся ўзгадаць я. І, нарэшце, узгадваю, што падобны этап на сумесі народных спеваў, фолку і электроншчыны праходзіла ўкраінская музыка. Праўда, гадоў 5 таму. Але гэта неістотна, калі мы гаворым пра Беларусь тут і цяпер. Iva Sativa са сваім новым ЕР «А Ў ЛУЗІ», разам з вядомымі (і не вельмі) саўндпрадзюсарамі ў калабе, са мной бы не пагадзіліся. Маюць на гэта поўнае права.
У зборніку 6 трэкаў і ўсе яны фактычна рэміксы на акапэльны title-track з аднаіменнай назвай «А ў лузі». Слухаецца ўсё класна і лёгка, а зроблена крута, але ж ці своечасова? Прадзюсары прадставілі 6 сваіх варыянтаў бачання адной песні артысткі, хтосьці ў больш клубным фармаце, хтосьці ў менш. На гэтым, бадай, усё. Хацелася б часцей чуць Яну ў больш хітовых фарматах, напрыклад, як у яе трэку «Каса», але эксперыменты таксама патрэбныя, і хто ведае, куды можа прывесці такі шлях? Спадзяюся, толькі ўверх.
Зноў R&B, зноў па-беларуску і зноў з берагоў... Нарвегіі?
Артыст Wavy Mroy выпусціў ужо другі сінгл з пачатку новага года. Гэтым разам песня атрымала назву «Тоk» і па гучанню стае зразумелым, што выканаўца не плануе адхіляцца ад гуку, курс на які ўзяў папярэднімі сінгламі. Праблемы, што хвалююць Стаса — тыя ж, што і кожнага маладога чалавека: каханне, сяброўства, сваё месца ў свеце, сям’я, дом. Але песня зусім не сумная, а наадварот — больш клубнага фармату, пад якую было б зручна запальваць танцпляц. Біт у стылі хаўс, з засэмпленым вакалам і рытмічнымі барабанамі. Для выходных — самае тое.
Хатні Томпсан, Budzma.org