Купіце партрэт Элтана Джона і дапамажыце жывёлам

У Гародні 21 сакавіка на дабрачынным аўкцыёне можна будзе набыць партрэт Элтана Джона і дапамагчы жывёлам.

У гэты дзень таварыства абароны жывёл “Адданае сэрца” адсвяткуе свой другі ​​дзень нараджэння ў начным клубе Alpha Centauri.

Як расказала каардынатар дзейнасці ГГААЖ “Адданае сэрца” Эла Ласончык, грошы, атрыманыя за продаж аўтографа Элтана Джона, пойдуць на дапамогу бяздомным сабакам і коткам.

— Гэты партрэт з аўтографам наш валанцёр атрымаў яшчэ ў 2005 годзе падчас канцэрта ў Мінску. Тады гэты хлопец валанцёрам яшчэ не быў і, нядаўна да нас прыйшоўшы, вырашыў дапамагчы такім чынам: прадаць партрэт знакамітасці. Трэба адзначыць, што і ў Элтана Джона таксама ёсць сабака. Зараз ягоны подпіс можа дапамагчы жывёлам. Такі партрэт ужо зрабіўся рэдкасцю. На тым канцэрце наш гарадзенец быў адным з нямногіх людзей, што атрымалі аўтограф Элтана Джона.

Частка грошай, атрыманых з продажу квіткоў на само мерапрыемства ў самым вялікім гарадзенскім клубе, таксама пойдзе на дапамогу бяздомным жывёлам.

“Адданае сэрца” — адна з самых вялікіх гарадзенскіх арганізацый, што дапамагае бяздомным жывёлам. Пра яе дзейнасць ужо вядома праз сацыяльныя сеткі, пазнаёміцца з ёй бліжэй можна на іх сайце: https://predannoeserdce.org.

Андрэй Мялешка
Фота: vgr.by