Зразумела, што Papa Roach – сусветна вядомы гурт, і яго прыезд у Сінявокую – гэта вялікая падзея, але я і падумаць не мог, што на канцэрт прыйдзе столькі людзей! 8 лістапада Re:Public быў запоўнены пад завязку задоўга да пачатку канцэрта. У гурта Mad Game, які граў на разагрэве, была такая аўдыторыя, якую не ўсякі нават замежны хэдлайнер бачыць у нашай краіне. Паміж сцэнай і другім паверхам Re:Public’а быў не проста натоўп, а аднароднае мора з людзей. Гэтае мора павольна рухалася ў такт меланхалічным мелодыям ад Mad Game і ахвотна крычала, калі вакаліст штосьці пытаў. Думаю, гурт сам не чакаў такой папулярнасці: на хвалі поспеху вакаліст Mad Game сам сябе паклікаў на біс, таму ці тры, ці ажно чатыры песні рабіліся “the last song for tonight”. Але публіка, здаецца, была не супраць.
Пасля на сцэну выйшлі тэхнікі, якія хвілін 30 усталёўвалі і наладжвалі апаратуру. Неяк гэта ў іх не вельмі добра атрымалася, бо гук у Papa Roach быў не самы лепшы – асабліва калі ўзгадаць, што канцэрт быў у Re:Public, дзе для “вялікіх” гуртоў усё робіцца выдатна. (Затое святло было проста на вышыні: штук шэсць магутных рознакаляровых пражэктараў па перыметры сцэны і падсветка за спінамі музыкантаў.) Але лішак высокіх частотаў зусім не перашкодзіў фанатам пусціцца ў скокі разам з першымі ж песнямі. Сэтліст разумна сумяшчаў старыя хіты і новыя песні, у тым ліку з апошняга альбома Papa Roach. Амаль перад кожнай песняй гіперэнергічны вакаліст рабіў невялічкую прамову, якая звычайна амаль на траціну складалася з англійскай лаянкі. У ліку іншага, музыкант падзякаваў беларускім фанатам за крамбамбулю (яны сустрэлі гурт перад выступам і пачаставалі яго айчынным “вадкім цяплом”) і паабяцаў прыехаць да нас як-небудзь яшчэ. Увогуле, фанатская арганізацыя была амаль беспрэцэдэнтнай: паводле дамовы амаль усе ў зале былі з бранзалетамі, якія свецяцца ў цемры, а ахвочыя маглі ўзяць у холе плакаты з сімволікай Papa Roach. Таму не дзіва, што падчас выканання хітоў накшталт Angels and Insects музыканты і публіка рухаліся адзіным велізарным арганізмам, які запаўняў сабой увесь немалы клуб. Рытмічная музыка, яркія пражэктары, святло на самой сцэне, каляровыя бранзалеты на сотнях узнятых рук і штучны дым разам стваралі нейкую проста магічную атмасферу. На жаль, усё гэта даволі хутка скончылася (апошнюю Last Resort разам з вакалістам спявала некалькі сотняў чалавек!), і музыканты пакінулі сцэну. Ніякія крычалкі ці калектыўныя спевы не прымусілі іх выйсці яшчэ разок. Але я думаю, что 2000 з лішкам чалавек выходзілі ў той вечар з Re:Public’а нерасчараванымі.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч