6 красавіка пісьменнікі Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк з творчым візітам наведалі Баранавічы, дзе правялі тры літаратурныя сустрэчы: на філфаку БДУ, у СШ №21 і Польскім доме. Імпрэзы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і сабралі агулам больш за пяцьсот чалавек.
Пасля паездкі выступоўцы падзяліліся ўражаннямі з сайтам www.budzma.org: “Дзень, пражыты намі ў Баранавічах, прайшоў па-вясноваму ярка і запамінальна. Як заўсёды цёпла і сонечна прайшла сустрэча са студэнтамі-філолагамі Баранавіцкага ўніверсітэта. Было вельмі прыемна, што, нягледзячы на тое, што апошні раз мы выступалі тут аж чатыры гады таму, нас да гэтага часу памятаюць і любяць. З велізарным поспехам прайшлі міні-прэзентацыі трэцяга нумару часопіса “Верасень” і пяцідзясятага, юбілейнага нумару часопіса “Дзеяслоў”.
На сустрэчу ў сярэднюю школу №21 былі запрошаныя старшакласнікі з некалькіх навучальных установаў горада. Яна запомнілася інтэрактыўнасцю і дынамізмам. Школьнікі з задавальненнем адказвалі на пытанні літаратурнай віктарыны, паўтаралі вясёлыя паэтычныя радкі, спявалі.
У Польскім доме сабралася творчая эліта Баранавічаў. Таму й размова пайшла ў больш сур’ёзным рэчышчы. Прысутных востра хвалявала праблема выжывання беларускай мовы і літаратуры, лёс нацыянальнай культуры і беларускай нацыі. Сваім выступам мы пастараліся пераканаць прысутных у тым, што не ўсё так трагічна, як здаецца на першы погляд і што мы абавязкова пабачым “залацісты, ясны дзень” Беларусі, калі будзем не проста чакаць яго, а набліжаць усімі магчымымі сродкамі, у тым ліку і такімі вось літаратурнымі імпрэзамі”.
Сапраўдны дзень беларускай літаратуры і паэзіі ў Баранавічах быў як след падтрыманы шматлікімі прыемнымі памятнымі падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” для самых актыўных гасцей сустрэчаў.