«Ляпис Трубецкой»: новая песня і суперконкурс!

01.02.2011

lyapis-mihalok01

Гурт “Ляпис Трубецкой” прэзентаваў публіцы новую песню “Я веру”. Яна ўвойдзе ў новы альбом “Весёлые картинки”, рэліз якога запланаваны на 11 сакавіка. У прыпеве гэтай кампазіцыі ёсць такія словы: “Я веру ў Ісуса Хрыста, я веру ў Гаўтаму Буду, я веру ў прарока Мухамада…”. Акрамя таго, у песні “Я веру” згадваюцца Крышна, Тор, Джа і яшчэ цэлы шэраг багоў розных эпох і кантынентаў. Спампаваць яе можна на сайтах www.lyapis.com и www.budzma.org.

Ляпис Трубецкой – “Я верю” (спампаваць)

“Мультыканфесійнасць” новага трэку пракаментаваў лідар “Ляпісаў” Сяргей Міхалок:

– Усё, што датычыць рэлігіі, веры, у нас альбо абрастае патрыярхальным пафасам, альбо людзі пра гэта ўвогуле імкнуцца не гаварыць: аднекваюцца, аджартоўваюцца, хіхікаюць… Таму мне і захацелася зрабіць песню, прысвечаную гэтай складанай і нават, я б сказаў, далікатнай тэме. Прычым такую поп-песеньку, у зразумелым і даступным для ўсіх троххвілінным фармаце.

Магчыма, людзям, якія сур’ёзна цікавяцца філасофіяй, эзатэрыкай, містыкай, яна падасца прымітыўнай, але ў мяне не было жадання занурацца ў тэалагічныя нюансы. Я проста хацеў зрабіць песню, у якой бы даступна і ясна, ледзь не ў духу дзіцячых лічылак, гаварылася пра тое, як я ўяўляю сабе ўладкаванне Сусвету.

Я ўпэўнены, што кожны народ і кожны чалавек нясе ў сабе часцінку нейкай сакральнай ісціны, усё роўна, адукаваны гэта чалавек ці непісьменны, злы ці добры, прэзідэнт або шахцёр, рэлігійны дзеяч або атэіст. І толькі прыслухоўваючыся адно да аднаго, толькі разам, у салідарнасці, сяброўстве і ўзаемнай павазе мы можам паспрабаваць хаця б на крок наблізіцца да боскай задумы. Гэта вельмі сур’ёзная рэч, і я ў гэта веру.

А калі мы будзем па-ранейшаму знаходзіць заганы ў веры іншых людзей, у іх маральна-этычных прынцыпах, у колеры скуры, у разрэзе вачэй, калі мы будзем будаваць узаемаадносіны на аснове гвалту, то працягнем аддаляцца ад ідэалаў, у тым ліку і рэлігійных, якім на словах служым.

Пры гэтым Міхалок не хоча, каб яго ўспрымалі як наваяўленага прапаведніка, “рок-зорку ў сутане”:

– Я – вакаліст гурта “Ляпис Трубецкой”, а ў любым нашым творы ёсць доля іроніі. Я нават са сваіх уласных перакананняў заўсёды гатовы пасмяяцца, бо чалавечыя погляды – гэта струмень, рака.

Яны зменлівыя, таму што эвалюцыя чалавека, які мысліць, грунтуецца на сумневах, а не на перакананнях. А людзі з цвёрдымі, выразнымі, раз і назаўсёды сфармаванымі перакананнямі — палітычнымі, рэлігійнымі — якраз яны і выбухаюць у аэрапортах”.

lyapis-band02

КОНКУРС “БУДЗЬМА СВАБОДНЫМІ!”

Паслухайце новую песню гурта “Ляпис Трубецкой” “Я веру” і стварыце візуальны прадукт па яе матывах (гэта можа быць відэа, фота, анімацыя, графіка, жывапіс, калаж, дэматыватар – усё, што падыходзіць для рэтрансляцыі з манітора ці экрана).

Сябрамі журы, у якое ўвойдуць прадстаўнікі гурта “Ляпис Трубецкой” і каманды “Будзьма разам!”, у першую чаргу будзе ацэньвацца творчая ідэя кожнай працы. 10 фіналістаў конкурсу атрымаюць падарункі з аўтографамі ад гурта “Ляпис Трубецкой”, а таксама па два білеты на любы з канцэртаў туру “Весёлыя картинки” (гл. графік ніжэй). Найлепшыя працы або іх фрагменты будуць выкарыстаныя ў відэаінсталяцыі падчас туру.

Ну а галоўным прызам конкурсу будзе паездка на прэзентацыю альбома “Весёлые картинки” ў Маскву, Санкт-Пецярбург ці Мінск! Пераможцу будзе аплачаная дарога туды і назад з любога пункту СНД, пражыванне ў Маскве, Піцеры ці Мінску, а таксама ўручаны VIP-білет на канцэрт “Ляпісаў”.

Працы прымаюцца да 25 лютага па адрасе: lyapis@budzma.org з паметкай “Будзь свабодным!”. (Просьба ўказваць сваё імя або псеўданім, узрост, паштовы адрас і нумар мабільнага тэлефона).

Аб’ём дасланага файла не павінен перавышаць 25 Мб.

lyapis-mihalok02

ТУР “Весёлые картинки”

10 лютага – Ліда, Беларусь. “РДК”
11 лютага – Гродна, Беларусь. “Парламент”
12 лютага – Брэст, Беларусь. “ДК прафсаюзаў”
13 лютага – Віцебск, Беларусь. “Энергія”
16 лютага – Баранавічы, Беларусь. “ГДК”
18 лютага – Кіеў, Украіна. “Бинго”
19 лютага – Сімферопаль, Украіна. “Витамин”
20 лютага – Адэса, Украіна. “Сады победы”
22 лютага – Днепрапятроўск, Украіна. “Тайм-аут”
23 лютага – Луганск, Украіна. “Colosseum”
25 лютага – Запарожжа, Украіна. “ZimaProject”
26 лютага – Данецк, Украіна. “Liverpool”
27 лютага – Харкаў, Украіна. “Жара”
28 лютага – Нікалаеў, Украіна. “Иллюзионъ”
4 сакавіка – Магілёў, Беларусь. “Ліга”
5 сакавіка – Масква, Расія. “Олимпийский”. Фестываль “Чартова Дюжина”
6 сакавіка – Санкт-Пецярбург, Расія. “Юбилейный”. Фестываль “Чартова Дюжина”
7 сакавіка – Яраслаўль, Расія. “Авангард”
8 сакавіка – Цвер, Расія. “От заката до рассвета”
11 сакавіка – Масква, Расія. “A2”
13 сакавіка – Гомель, Беларусь. Лёгкаатлетычны манеж “Дынама”
18 сакавіка – Санкт-Пецярбург, Расія. “ГлавCLUB”
30 сакавіка – Варшава, Польшча. “Stodola”
1 красавіка – Мінск, Беларусь. “Рэактар”
2 красавіка – Мінск, Беларусь. “Рэактар”

Квіткі на канцэрты ў Мінску: 55 тыс. (толькі танцпляц). Даведка: (017) 288 61 60. У продажы з 15 лютага.