Вечар серады выдаўся ў Мінску прадказальна гарачым. Месцам асаблівай увагі моладзі і сіл правааховы стала плошча Перамогі. І не дзіва: у цэнтры горада вядомы беларускі музыка, лідар гуртоў “Крамбамбуля”, “NRM” і “Мроя” Лявон Вольскі падпісваў свой першы зборнік прозы ўсім ахвотным. Празаічны першынец, названы проста “Міларусь”, разлятаўся “на ўра”.
Адметным стаў той факт, што хоць кніга і лічыцца першынцам, падпісваў аўтар ужо другое яе выданне. Асабліва ўважлівыя чытачы не маглі не звярнуць увагі на гэты факт. Як высветлілася, “першым выданнем” сталі сігнальныя асобнікі кнігі, а “другім” — непасрэдна наклад. Шалёным бібліяфілам жадаем поспехаў і паведамляем: “першае выданне” існуе ў 10 (!) асобніках.
Большасць прысутных на імпрэзе склалі прыхільнікі Вольскага-музыкі, пра што сведчылі фірмовыя цішоткі публікі і кулуарныя размовы. Адзін асобнічак быў падпісаны для Сяргея Міхалка, які сам, праўда, на імпрэзе не прысутнічаў.
Сваім меркаваннем падзялілася Югася з Гародні, “упёртая фанатка Лявона”: “Ад кнігі чакаю больш інтымных падрабязнасцяў. Любых. Ну, вы разумееце. Ад чалавека публічнага, такога таленавітага і яскравага, заўжды чакаеш чагосьці такога патаемнага, таго, што звычайна на публіку не трапляе. Спадзяюся, што, прачытаўшы кнігу, многія зразумеюць, хто ж такі Лявон насамрэч”.
Выказаўся і Барыс Пятровіч, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў»: “Я заўжды ведаў Лявона як музыку і як паэта. Добра памятаю выхад ягонага зборніка вершаў, ужо тады я заўважыў здольнасці Вольскага-літаратара. Але ж проза — справа нашмат больш сур’ёзная, чым песні ці вершы. У ёй няма месца імгненнаму натхненню. Яна патрабуе значна больш часу, працы, намаганняў. Дзеля такой формы, як аповесць, думаю, былі прынесеныя ў ахвяру і песні, і час адпачынку. Кнігу я чытаў як чытач, а не як рэдактар. З асалодай. Чаго і жадаю ўсім!”
Кніга выйшла ў Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Назву зборніку дало адно з апавяданняў, галоўныя героі якога, беларускія актывісты, увесь час хочуць нешта змяніць, напрыклад, назву краіны, у якой жывуць.
Аўтар запэўнівае, што «Міларусь» — толькі старт пісьменніцкай дзейнасці, але далёка не аднаразовая акцыя. Кніга выйшла накладам 1000 асобнікаў. Зусім хутка, у адпаведнасці з рэаліямі часу, у сеціве з’явіцца pdf-варыянт зборніка. Пакуль жа кнігу можна набыць у кнігарні “логвінаЎ”.
Андрэй Кудзіненка
Вера Дзядок
Артур Клінаў, Андрэй Расінскі, Андрэй Кудзіненка
Севярын Квяткоўскі
Таццяна Заміроўская
Аляксей Мінчонак
Сяргей Будкін
Адам Глобус