Маргарыта Слабадзян: “Я быццам бы трапіла ў фільм жахаў”

margaryta2

Маргарыту Слабадзян уратавала ад смерці падчас выбуху ў метро тое, што яна знаходзілася за лесвіцай, якая вядзе ад станцыі метро “Кастрычніцкая” да “Купалаўскай”. Маргарыта – грамадзянка Украіны, але яшчэ ў 1999 годзе яна разам з бацькамі пераехала ў Мінск. Яна вывучае архітэктуру ў Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы. У той нешчаслівы дзень Маргарыта сустракалася на платформе станцыі “Кастрычнікая” са сваёй знаёмай.

– Мы стаялі за лесвіцай і размаўлялі на працягу 15 хвілін, затым, калі мы хацелі развітацца, адбыўся выбух. Спачатку мы пачулі ўсплёск, потым я пабачыла як на нас ляцяць падпаленыя рэчы і попел. Частка аскепкаў трапіла мне ў галаву. Абгарэлі мае валасы, а куртка ўратавала ад пашкоджання спіну.

Маргарыта разам са знаёмай жанчынай упоцемку праз клубы дыму і попелу выйшла да выхаду са станцыі “Купалаўскай”. Іх адразу падхапіла невядомая жанчына і на ўласным аўтамабілі даставіла ў 2-і гарадскі клінічны шпіталь. Па дарозе Маргарыта патэлефанавала маці і паведаміла, што жывая.

– Я хацела, каб мама даведалася пра мой стан не з навінаў, а менавіта ад мяне.

У шпіталі Маргарыту накіравалі ў рэанімацыю. Яна знаходзілася ў шокавым стане.

margaryta3

Спачатку я думала, што гэта ўсё адбылося не ў сур’ёз. Я думала, што гэта сон, але калі я пабачыла трупы людзей, то зразумела, што гэта на самой справе. Я толькі зараз уцяміла, дзе я знаходжуся.

Па словах Маргарыты, медперсанал шпіталю абыходзіцца з ёй вельмі добра. За гэты час яе наведала шмат знаёмых і незнаёмых людзей, бацькам Маргарыты тэлефанавалі з украінскага пасольства і прапанавалі сваю дапамогу. А вось прадстаўнікі адміністрацыі раёна, дзе пражывае дзяўчына, дагэтуль так і не дайшлі.

“Прадстаўнікі Цэнтральнага і Ленінскага раёнаў Мінска прыходзілі з дапамогай да пацярпелых у шпіталь, – кажа маці Маргарыты Таццяна Іванаўна, – але прадстаўнікі адміністрацыі Першамайскага раёна, дзе мы пражываем, так і не завіталі.”

Зараз стан Маргарыты ацэньваецца як сярэднецяжкі, але яна дагэтуль знаходзіцца ў шоку.

– Я зараз баюся любых моцных гукаў. Мне нават страшна выходзіць на вуліцу, бо ў шпіталі такіх гукаў не чуеш. Паколькі я жыву далёка ад вучобы, каледж прапанваў мне інтэрнат, каб не ездзіць да заняткаў на метро.

margaryta1

Лекары абяцалі выпісаць Маргарыту са шпіталю акурат на ейны Дзень народзінаў. 22 красавіка дзяўчына адзначыць сваё 20-годдзе.