Гэта было хутка і не балюча. Брайан Хью Уорнер разам з гуртом Marilyn Manson даў гадзінны канцэрт у Мінску ў межах тура “Hey, Cruel World” проста з колаў. Амерыканцы прыпазніліся ў беларускую сталіцу і вымушаныя былі граць без папярэдняй адладкі.
Беларусы стаялі ў чарзе на Мэнсана, сцісківаючы ў руках пашпарты. Такі кампраміс быў прыдуманы арганізатарамі і мінскімі ўладамі ў адказ на шматлікія просьбы вернікаў і маралістаў забараніць прыезд шок-рокера, якому, між іншым, нельга выступаць ажно ў 23 штатах Амерыкі. Але, як даўно ўжо вядома, Беларусь – не Амерыка. І тое, што можна там, нельга тут, і наадварот. Пашпарты зрэшты ніхто не глядзеў і ахова наогул была падкрэслена тактоўнай і стрымана рэагавала на “парад дэманаў”, як назвала пераапранутых фэнаў Мэнсана мясцовая прыбіральшчыца. Каб яшчэ не лічыць непаразумення з камерай захоўвання ў якасці якой выступаў аўтобус, падагнаны да Палацу спорту, дык і няма нараканняў да знешняй арганізацыі мерапрыемства. Людзі з лёгкасцю занеслі ў “камеру” свае сумкі ды заплечнікі (з імі не пускалі), але вось забраць пасля іх было няпроста. Трэба было стаяць ля таго аўтобуса на марозе, трымаць свой нумар як мага вышэй і чакаць, пакуль спецназавец выцягне з завалаў менавіта тваю рэч.
Уорнэр ехаў (а дакладней ляцеў) у Мінск з Кіева, дзе граў за дзень да гэтага. Музыкаў памарынавалі на мяжы, так што дабраліся яны ў беларускую сталіцу ўсяго за некалькі гадзінаў да канцэрту. Затрымалася і апаратура. Нейкім неверагодным чынам тэхнікі здолелі змантаваць усе дэкарацыі ў самую апошнюю хвіліну, але гук так і не паспелі адладзіць. У выніку чаго, не сыграла заяўленая беларуская каманда Drum Ecstasy, а музыкі з Marilyn Manson вымушаныя былі выступаць без папярэдняга саўнд-чэку. З гукам чаравалі па ходу справы. На першых трэках наогул нешта ўцямнае пачуць было складана і некаторыя сталі жартаваць – а ці не падробка гэта, зробленая ў якой Расіі? Але недзе на сярэдзіне сэта, на песнях “Rock Is Dead” і “Personal Jesus” сітуацыю ўдалося ўратаваць канчаткова і “мэнсаны” загучалі, як у казцы.
Ахвочыя да сенсацыяў адразу ж пабачылі знак у звыклай бел-чырвона-белай баявой расфарбоўцы франтмена Marilyn Manson. Мусіць, ніхто амерыканцу не патлумачыў загадзя, што тая сімволіка шмат чаго значыць для беларусаў і за яе выкарыстанне можна трапіць у турму. “Ага, а за ім крыж Еўфрасінні”, – пажартаваў нехта абазнаны, паказваючы на сцэнічныя дэкарацыі. Выкручваць рукі музыканту за недазволенае спалучэнне колераў не сталі. Усе, уключна з міліцыянтамі, глядзелі на яго, нібы на прышэльца з космаса. Кожны трэці глядач узмоцненна фіксаваў тое, што адбывалася, на мыльніцу ці на тэлефон, нягледзячы на забарону на фота- і відэа-здымак. Былы музычны журналіст Уорнер вельмі неахвотна кантактуе з прэсай, а фатографаў на яго канцэрт дапусцілі толькі на адну песню, так што напамінам пра мінскі канцэрт Мэнсана будуць у асноўным тэрабайты аматаршчыны.
Насуперак чаканням, на сцэне нічога такога, што прымусіла б душу скалынуцца не адбывалася. 43-гадовы заўважна папаўнелы Брайн хадзіў у атачэнні крыжоў, пад кожную песню змяняючы сваё ўбранне, у чым пераплюнуў нават Джэніфер Лопез. Музыкант паўставаў то ў вобразе гламурнага наркамана, то нацыскага недаробка, то трансвестыта, то прапаведніка… З публікай музыка практычна не размаўляў. Толькі ў пэўны момант брудна вылаяўся ды сказаў: “У вас тут холадна і так шмат снега, не ўяўляю, як вы з гэтым спраўляецеся, якія тут рэвалюцыі?”. Канцэрт адбываўся ў дзень уяўнага канца света, таму артыст падыграў сітуацыі ды прапанаваў “адрывацца ў апошні дзень, які мы жывем”. Ясна, што трэк пад назвай “The Last Day on Earth” пасаваў тут проста выдатна. Адрываліся беларусы пад апакаліптычныя спевы, праўда, нядоўга. Праз гадзіну пасля пачатку музыкі раскідалі на сувеніры медыятры і часткі свайго рыштунку ды зніклі. І як не гукалі іх, на біс так і не выйшлі.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч