Міжнародны моладзевы тэатральны форум «Март-контакт», які на працягу тыдня цешыў магілёўцаў выдатнымі пастаноўкамі, учора завяршыўся. У Магілёўскім абласным драматычным тэатры прайшоў апошні спектакль, а публіка нарэшце даведалася імёны пераможцаў фестывалю. Гэтым разам галоўныя ўзнагароды дасталіся гаспадарам фестывалю — але пра ўсё па парадку.
Апошнім спектаклем «Март-контакта» была пастаноўка Рыжскага тэатра рускай драмы «Граненка». Цікавая, гарэзная і смешная пастаноўка пра карысць і шкоду алкаголю спадабалася ўсім без выключэння. Зразумела, што алкагалізм — гэта вострая сацыяльная тэма, і пра яе можна шмат чаго сказаць. Рыжскі тэатр палічыў за лепшае падысці да пытання з ладнай доляй гумару. Некалькі кароткіх вясёлых сцэнак закранулі самыя распаўсюджаныя праблемы — п’янства ў школе, мужы-алкаголікі, распад сям’і да г.д. Але, на шчасце, без прапаганды Міністэрства аховы здароўя, мараляў і залішняга трагізму. Так што быццам і пасмяяліся, а быццам і ёсць над чым падумаць.
Пасля заканчэння спектакля журы сабралася на апошнюю нараду, а гледачы паглядзелі невялікую замалёўку ад акцёраў Магілёўскага тэатра драмы. І вось нарэшце наступіў адзін з самых чаканых момантаў фестывалю — вызначэнне пераможцаў.
Спачатку свае ўзнагароды — «лайкі» — уручылі прадстаўнікі фестывальнай газеты «Вестник «Март-Контакта»:
• «Самы крэатыўны спектакль» — «Жанчыны Гоі», Тэатр пантамімы і пластыкі «Атэлье», Санкт-Пецярбург;
• «Найлепшы маладзёжны ансамбль» — «Рамэа і Джульета», Дзяржаўны драматычны тэатр на Ліцейны, Санкт-Пецярбург;
• «Шокавая тэрапія» — «Пахаванне Кармэн», тэатр «Biuro Podrozy», Познань;
• «Мастацтва ў мастацтве» — «Палёт над горадам», Ерэванскі дзяржаўны тэатр лялек ім. О. Туманяна;
• «Найлепшы спектакль форуму», «Спектакль-адкрыццё» — «Гамлет», Магілёўскі абласны тэатр лялек.
Дыпломы міжнароднага журы размеркаваліся наступным чынам:
• Спецыяльны дыплом «За захаванне традыцый рэпертуарнага тэатра» атрымаў Чарнігаўскі абласны акадэмічны ўкраінскі музычна-драматычны тэатр ім. Т. Шаўчэнкі, спектакль «Наш гарадок»;
• Спецыяльны дыплом «За яркі дэбют» дастаўся Кацярыне Ергулевіч, акцёрцы Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра за ролю Кацярыны I ў спектаклі «Шут Балакіраў, або Прыдворная камедыя»;
• Дыплом «За арыгінальнасць сцэнічнай мовы» атрымала рэжысёр і акцёрка Нарынэ Грыгаран, «Палёт над горадам», Ерэванскі дзяржаўны тэатр лялек ім. О. Туманяна;
• Дыплом «Найлепшая рэжысёрская праца» быў уручаны Галіне Жданавай, Дзяржаўны драматычны тэатр на Ліцейным, Санкт-Пецярбург;
• Дыплом «Найлепшая маладая акцёрка» атрымала Кацярына Зорына, якая сыграла ролю Гелены ў «Варшаўскай мелодыі» Дзяржаўнага драматычнага тэатра «Прытулак камедыянта», Санкт-Пецярбург;
• Дыплом «Найлепшы малады акцёр» дастаўся Анатолю Баранніку, які сыграў Холдэна ў пастаноўцы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамолу Беларусі «Над прорвай у жыце»;
• І нарэшце Гран-пры VIII Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «Март-контакт-2013» атрымаў спектакль «Гамлет» Магілёўскага абласнога тэатра лялек, рэжысёр Ігар Казакоў.
Гэтым разам і маладзёжнае, і прафесійнае міжнароднае журы сышліся ў сваіх ацэнках — «Гамлет» сапраўды быў найлепшым спектаклем форуму, і магілёўцы могуць заслужана ганарыцца сваім Тэатрам лялек за гэтую перамогу.
Марыя Гілёва