Новая кніга вершаў Марыі Мартысевіч “Амбасада” днямі пабачыла свет у серыі “Кнігарня Пісьменніка” і ўжо з’явілася ў продажы. Пра ўражанні і наступствы выдання першай кнігі, пра тое, чым адрозніваецца новая кніга ад папярэдняй і як гэта – быць паэтам – у інтэрвію для сайта budzma.org.
— Марыя, найперш цікавіць, у чым розніца паміж тваімі вершамі з першай кнігі і вершамі з новай.
— Розніца найперш у кампазіцыі. Калі ў “Цмоках…” мяшаліся эсэ і вершы, то другая кніга — цалкам паэтычная. У ёй чаргуюцца мае ўласныя творы і вершаваныя пераклады. Гэта вельмі важна для мяне, бо перакладчык — мая першая творчая іпастась, дарагая мне асабіста. Я старалася, каб усе тэксты — мае і чужыя — складаліся ў цэльную карціну, апавядалі агульную гісторыю.
— Што за змены адбыліся з “Сястрой Зояй”?
— Паэма “Сястра Зоя і Канец Свету” набыла дадатковыя сімвалічныя рысы — цяпер у ёй 12 частак, а не 11, як у першай рэдакцыі. Таксама пасля бібліязнаўчых гутарак з Ірынай Дубянецкай я ўнесла ў тэкст некалькі дробных правак. Але галоўная прычына, з якой я яе перадрукавала, — чыста эмацыйная: эсхаталагічная трывога, якой проста брыняе ўсё ў Беларусі ад пачатку 2011 года, напярэдадні 2012-га. Я хачу, каб мае чытачы прачыталі паэму яшчэ раз. Апроч гэтага, “Сястра Зоя” — прыдатная грунтоўка пад фарбу “Амбасады”.
— Раскажы, як твая новая паэма “Амбасада” паўставала — чым “узбройвалася” і як збіралася?
— Не буду хаваць, што паэма “Амбасада” — гэта сума ўражанняў ад шматбаковага знаёмства з еўрапейскай дыпламатыяй. З аднаго боку, па квоце ад “літаратурнага бамонду” я часам трапляю на дыпламатычныя прыёмы (апісаныя ў мяне як “балі, раўты, перамовы…”). Але ўражанне ад прыгожых прадстаўнічых вечарынаў, на жаль, рэзка рассейваецца, калі праз некаторы час даводзіцца ісці па візу ў консульства тых самых амбасадаў. Я кажу найперш пра ўражанні да 2008 года (тады я і пачала пісаць паэму) — апошнім часам выдача візаў у Мінску адбываецца больш цывілізавана. Пакуль у мяне не з’явілася магчымасці атрымаць шматразовы шэнген, кожны выезд за мяжу здаваўся раем, радасць ад якога моцна псавалася досведам чыстца — такі вэрхал панаваў перад рознымі консульствамі Мінска (я не маю на ўвазе нейкую адну еўрапейскую краіну — гэта сума ўражанняў). Кожны, хто стаяў чэргах па візы, мае матэрыялу ці не на цэлы псіхалагічны раман, я думаю. У гэтых нервовых, нявыспаных чэргах людзі часта прызнаваліся адно аднаму, што, уласна, не пачуваюцца людзьмі, праходзячы праз усё гэта, каб, напрыклад, адведаць магілкі сваякоў ці выехаць на мора. Краіны, якія нібыта сімвалізуюць для беларусаў Свабоду, для многіх пачынаюцца з несвабоды, непавагі, прыніжэнняў.
Важна разумець, што адбываецца гэта не па віне дыпламатаў, што па той бок акенцаў, — такія ж, як мы, людзі, чыноўнікі, залежныя ад абставінаў, змушаныя рабіць сваю працу. Паэма “Амбасада” — пра духоўныя і пачуццёвыя сувязі паміж людзьмі незалежна ад іх грамадзянства і пра ўмоўнасць любых межаў.
Лёсы, апісаныя ў паэме, зразумела, выдуманыя, але адзін з эпізодаў натхнёны рэальным выпадкам. Званок Янкі Ліхтаровіча — гэта парафраз гісторыі з жывым класікам украінскай літаратуры Тарасам Прахаськам, у якога ў 2008 годзе ў польскім консульстве Львова запатрабавалі “даведку, што ён — пісьменнік”. Ягоны выступ на фестывалі ў Кракаве апынуўся пад пагрозай зрыву, пра што напісалі ў “Газеце Выборчай”. Выбухнуў гучны дыпскандал, украінскі консул быў вымушаны апраўдвацца, візу Прахаську выдалі вокамгненна.
На той жа фестываль у тыя ж тэрміны запрасілі таксама мяне і пісьменніцаў Югасю Каляду з Гомеля ды Ксеню Харчанка з Кіева (якой і адрасаваная мая паэма). З намі абышліся амаль гэтак жа, як з Прахаськам: візы выдалі не на ўвесь час фестывалю, мы тэлефанавалі ў свае консульствы цэлы тыдзень і кожны дзень чулі па тэлефоне развагі ў стылі “а як вы дакажаце, што едзеце не на шопінг”? Гэтыя штодзённыя размовы з консульскім аўтаадказчыкам падказалі мне “серыяльную”, цыклавую структуру “Амбасады”.
— Як ты зразумела, што рукапіс гатовы?
— Сюжэт ды кампазіцыя паэмы былі прыдуманыя яшчэ ў 2009 годзе, і я нават прэзентавала ўрыўкі з яе цягам 2010 года. Але калі я адаслала рукапіс другой кнігі на конкурс Саюза беларускіх пісьменнікаў у сакавіку 2011-га, тэкст паэмы “Амбасада” быў яшчэ не скончаны — у гэтым уся бяда. Калі я даведалася, што кнігу надрукуюць, у мяне было некалькі тыдняў на дапрацоўку. Давялося прымусіць сябе і запісаць рэшту тэкстаў з галавы ў файл. Я бязмежна ўдзячная такой магчымасці — калі б не падтрымка СБП, невядома, калі б гэта ўсё нарэшце напісалася.
— Як яно ўвогуле — выдаваць другую кнігу?
— З аднаго боку, гэтак жа, як і першую, — столькі ж клопатаў ды хваляванняў. З іншага — спакайней, бо ўжо ведаеш, чаго чакаць. Думаю, гэта прыкладна як і з дзецьмі: вялікая радасць ад нараджэння ўраўнаважваецца вялікай адказнасцю за іх існаванне. Што да першай кнігі, то, паводле маіх адчуванняў, яе так і не прачыталі. Было шмат каламбураў з выкарыстаннем словаў “цмокі” і “нераст”, некалькі абяцанняў фізічнай расправы за эсэ “Мужчыны, якіх мы выбіраем”, а вось рэцэнзій як такіх было няшмат.
У любым выпадку, я радая, што нешта пішу, і кнігі выходзяць, але калі пісаць перастану — не вельмі расстроюся. Літаратура — гэта надта стрэмна.
— Расійскі паэт Фёдар Свароўскі пісаў пра тое, што паэтам сёння называцца сорамна, і ўвогуле не так важна, як гэты від дзейнасці называецца. Скажы, што значыць сёння ў Беларусі называцца/быць паэтам?
— Паэт — гэта адназначна не прафесія. Я думаю, гэта прыўкрасна, што савецкая сістэма пісьменніцкіх саюзаў ляснулася, і цяпер выхад кнігі вершаў зусім не азначае пераезд у новую кватэру або набыццё “Волгі”. Я думаю, паэт — ва ўсе часы і ва ўсіх народаў — гэта пэўны стан псіхікі, кшталту аўтызму. У суворыя часы такіх скідаюць у мора са скалаў, у дэмакратычныя — даюць сацыяльны пакет і пакой у інтэрнаце, з гэтым (у залежнасці ад ступені цяжкасці) можна жыць, і часам гэта нават не замінае зараблянню грошай ды стварэнню сям’і. Калі назіраеш літаратараў у масе, то заўважаеш: сімптомы вельмі падобныя.
Ці сорамна быць паэтам? А ці сорамна нарадзіцца даўнам, ці сорамна ездзіць на інвалідным вазку? Такое не выбіраюць, такому не даюць маральных ацэнак. Але калі ўжо здарылася — трэба ставіцца да гэтага спакойна. Урэшце, быццё паэтам прыносіць свае хімерныя бонусы.
— Паэт Зміцер Прыгаў у адным са сваіх інтэрв’ю казаў, што 90% паэзіі, нават калі казаць пра вядомых паэтаў, — гэта народныя рамёствы, кшталту лазапляцення. Пытанне на сціпласць: ты займаешся народнымі рамёствамі?
— Лазапляценне — вельмі ўдалая метафара для вершаскладання, я думаю. У Прыгава яна гучыць хутчэй грэбліва, але асабіста я нічога прыземленага ў народных рамёствах не бачу. Адважуся пераасэнсаваць метафару Змітра Аляксандравіча. Так, лазапляценне — гэта пераважна тое, чым я займаюся ў літаратуры. Напісаць добры верш — гэта як сплесці добры кошык: важна, каб ён крута выглядаў і не парваўся падчас першай жа носкі. Калі я пачала пісаць вершы, выявілася, што байкі пра натхненне і палёт душы — гэта замануха для наркаманаў-пачаткоўцаў: ім абяцаюць незямны кайф, але не паведамляюць пра ломку. Паэзія — гэта цяжкі, мутарны працэс, а вынік — банальны кошык, вартасць якога наўрад ці відавочная камусьці, хто не ходзіць у ягады.
Я думаю, сучасная беларуская паэзія — гэта кошыкі, сплеценыя з рознакаляровых дратоў, а таксама кілімкі, вязаныя здаравеннымі гаплікамі з нарэзаных на палоскі цэлафанавых пакетаў ды капронавых калготак. Тэхналогія тая ж, але само жыццё дае паэту радыкальна іншыя матэрыялы. Аматары этнаграфічнага кічу ўсё адно будуць скупаць кошыкі з лазы і кілімкі з саломы, але тое, што з дроту і калготак, яно сапраўднае. Калі ў пачатку 1990-х у маёй бабулі зламалася кола ў пралцы, дзядуля паставіў замест яго роварнае. Знаёмы краязнаўца, пабачыўшы здымак гэтай пралкі, рагатаў як шалёны, але я лічу, гэта самая крутая пралка на свеце, бо яшчэ ў 1994-м годзе яна працавала па прызначэнні замест таго, каб пыліцца ў музеі.
— Як наогул адрозніць “саматужца з маторам” ад паэта?
— Я думаю, крытэр адзін і абсалютна просты. Паэзія — гэта калі ты не можаш не пісаць. Ты скажаш, рыхтык так характарызуюць графаманаў, але я скажу, што графаман мог бы і не пісаць, проста ён пра гэта не ведае. Паэзія як такая — гэта вельмі балюча. Напісаць шмат за кароткі час немагчыма фізічна.
Новую кнігу паэзіі Марыі Мартысевіч “Амбасада” ўжо цяпер можна набыць у кнігарні “Логвінаў” (пр. Незалежнасці 37 А)
размаўляў В.Р.