Усе эмоцыі, якія адчуваюць мужчыны ў працэсе галення — ад болю і непрыязнасці, засяроджанасці і спакою да радасці, што ўсё ззаду, а глянец ўжо наведзены, — прадстаўлены вядомымі беларускімі персонамі ў праекце Мікалая Батвінніка “Бег па лязе брытвы”, які распачаўся 18 сакавіка ў галерэі “Ў”.
Застацца “без маскі” пагадзіліся музыкі, літаратары, мастакі, мадэльеры, прадусары, бізнэсоўцы, кінарэжысёры, культуролагі, тэатралы, дызайнеры, рэстаратары і г.д.
Па словах Мікалая, “на фоне тых, каго грамадскасць ведае даўно (як Сяргея Міхалка), хацелася паказаць людзей, якіх ведаюць менш. Напрыклад, Юрыя Шыфа, які бярэ першыя месцы на конкурсах дызайну ў Іспаніі і Амерыцы”.
“Я хацеў паказаць, што ў Беларусі ёсць мужчыны”, — сказаў аўтар, адкрываючы імпрэзу.
Прычым, як расказаў Мікалай, спіс удзельнікаў складаўся вельмі доўга, але ніхто не адмовіўся.
Камера замяніла мадэлям люстэрка, а інструментамі паслужылі не толькі квачы, аднаразовыя станкі, нажніцы, але і небяспечныя брытвы, што ўжо зрабіліся рарытэтамі, і нават зброевы ствол.
Трыццаць пяць партрэтаў не пакінуць абыякавымі не толькі жанчын, але і мужчын, якія не па чутках ведаюць, што такое галіць твар. У адрозненне ад прадстаўніц слабога полу, якім відавочна цікава разглядаць асобы смелых, знятыя ў стылі Esquire, мужчыны рэагуюць на ўбачанае зусім неадназначна: ад адкрытай радасці да “культурнага шоку”.
“Хочацца сказаць, што праект гэты не скончаны, ён будзе працягвацца. Я думаю зрабіць праект з жанчынамі (make up) і прадставіць яго ў наступным годзе. Час на здымкі ёсць, але, думаю, на гэты праект, са зразумелых прычынаў, пойдзе больш часу”, — раскрыў аўтар невялікі сакрэт. Будзем чакаць.