Фестываль “Вершы на асфальце”, які прайшоў 25-26 лютага ў Мінску, яго арганізатары — ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Беларускі ПЭН-цэнтр ды Інстутут імя Гётэ ў Мінску — прысвяцілі Міхасю Стральцову. 14 лютага 2012-га аўтару паэтычнага зборніка «Мой свеце ясны» споўнілася б 75 гадоў.
Аматараў літаратуры ў першы дзень прыйшло так шмат, што не ўсім хапіла месцаў у даволі вялікай канферэнц-залі Інстытута імя Гётэ, некаторым давялося стаяць.
Пачаўся фестываль з сустрэчы тых, хто ведаў Міхася Стральцова асабіста.
Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Сямён Букчын і Барыс Пятровіч цёпла згадвалі Міхася Лявонавіча. Перакладчыца Стральцова на рускую мову Любоў Турбіна таксама падзяліліся сваімі ўспамінамі пра класіка беларускай літаратуры. У яе выкананні прагучалі творы паэта па-руску.
“Моладзь, чытайце Стральцова!”— настойліва раіў наведнікам фестываля паэт Леанід Дранько-Майсюк, гэтыя ж словы прагучалі і з вуснаў старшыні СБП Барыса Пятровіча, а таксама старшыні ПЭН-цэнтра Андрэя Хадановіча, які зачытваў вершы Стральцова з ягонага зборніка.
Літаратурны вечар працягнулі Алесь Аркуш, Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Балахонаў, Леанід Галубовіч, Галіна Дубянецкая, Віктар Жыбуль, Югася Каляда, Дар’я Ліс, Тацяна Нядбай, Олена Стэпаненка (Украіна), Мары Сілкеберг (Швецыя).
Госць з Магілёва Дзмітры Дзмітрыеў агучыў і паказаў амбіграмы — паэтычныя радкі, запісаныя так, каб пры перагортванні аркуша, на якім яны змешчаны, у іх раскрываліся іншыя сэнсы.
Генадзь Бураўкін не толькі пачытаў свае вершы, але і прыгадаў студэнцкія гады, калі з Міхасём Стральцовым яны жылі ў інтэрнаце і разам ездзілі на бульбу.
Завершыўся першы дзень жаночым слэмам.
Другі дзень фестываля прайшоў больш спакойна, але не менш цікава і насычана.
Аматары сапраўднай паэзіі мелі шанец паслухаць майстра слова Алеся Разанава, які пачаў чытанні, Раісу Баравікову, пераможцу жаночага слэму шведска-фінскую аўтарку Солью Крапу, Людмілу Рублеўскую, Віктара Слінку, славацкага паэта Петэра Мілчака, Ярылу Пшанічнага.
Працягнулі чытанні маладыя аўтары: Андрэй Адамовіч, Вольга Гапеева, Ігар Кулікоў, Антон Рудак, Сяргей Прылуцкі.
Тацяна Беланогая выканала песні на вершы Яўгеніі Янішчыц і Дануты Бічэль Загнетавай.
Бліжэй да вечара прэзентавалі сваю працу перакладчыкі.
Вершы замежных аўтараў па-беларуску прадставілі Алеся Башарымава, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Вылінскі, Аксана Данільчык, Галіна Дубянецкая, Марына Казлоўская, Зміцер Колас, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Маціеўская, Марыя Пушкіна, Юля Цімафеева.
Паводле lit-bel.org.