У рубрыцы «Гітара Мулявіна» паразважаем пра музычныя тэндэнцыі 2023 года, узгадаем найбольш перспектыўных выканаўцаў, прапануем свой топ-10 альбомаў і ЕР гэтага года.
Маладыя і перспектыўныя
Тут сапраўды ёсць, што пра што сказаць і чаму ўзрадавацца. Менавіта маладыя выканаўцы сёлета здзіўлялі па-сапраўднаму, прагнулі эксперыментаў і не баяліся адкрыта казаць і пра ментальнае здароўе, і пра сяброўства-недастасункі і нават, месцамі, цытаваць класікаў.
Інтэнсіўней за ўсіх дзейнічала мінская спявачка Nevika. Шэсць беларускамоўных сінглаў за год — гэта неблагая заяўка на светлую будучыню. Вось яны, злева направа: Пакліч, Любоў, Вечарына, Лепшы сябар, Памылілася, Эндарфін. Пералічэнне назваў трэкаў гучыць як сюжэт фільма. А можа, у гэтым і ёсць нейкі сакральны сэнс? Адзначым і тое, што як раз напрыканцы года адбыўся першы сольны канцэрт-кватэрнік спявачкі ў Мінску, і не абы-дзе, а ў музеі Якуба Коласа!
Не выключаем са спісу не менш таленавітую LEAR, якая, хоць і не была такой жа прадуктыўнай, аднак сваёй песняй «Маветон» закранула тэму любові да сябе і выхаду з эмацыйна не стабільных стасункаў. Шчыра чакаем ад Леры новых песень у новым годзе!
Малады ціктокер і спявак Ілья Шынкарэнка нядрэнна стартануў яшчэ ў 2022, аднак, па-сапраўднаму раскрыўся ў гэтым годзе, выдаўшы некалькі моцных сінглаў і EP «Пад сярпом тваім». Музычная частка трэкаў не адстае ад тэкставай і зроблена з пэўнай якасцю, але сам Ілья пакуль што больш блогер, чым спявак і яго пошукі свайго стылю актыўна працягваюцца.
Яшчэ адзін малады выканаўца, які залятаў летам у рэкамендацыі цік-току — Souqween. Яго трэк «Зялёныя вочы» выйшаў у жніўні і сапраўды падсадзіў на сумныя рэп-вайбы сваіх слухачоў. Гэта быў першы і, мы спадзяемся, не апошні трэк па-беларуску ад выканаўца. Усё толькі пачынаецца.
Адным з тых, хто таксама не пакідае слухачоў без сумных рэп-балад, з’яўляецца мінскі поп-рэпер bayski. Негледзячы на тое, што артыст даўно не выпускаў новага матэрыялу, яго сінгл «Не існуе» ўсё яшчэ гучыць cвежа нават на канец 2023 года. «Не існуе» — гімн ментальным траблам і паразам у амурных справах. Сумны тэкст тут выступае на кантрасце з джэрсі-клаб бітом і энергічным флоў.
Свой след у гэтым годзе пакінула і сталічная артыстка Iva Sativa. Сінгл «Dadomu» западае ў самае сэрца з першых нот і словаў «Гэта Беларусь, ёў!».
Яшчэ адна паўнавартасная кампазіцыя пад назвай «Я иду за мечтой» выйшла ў спявавачкі ўжо пад канец года, а на адным трэку з ёй сваё месца адшукаў беларускі рэпер Мікіта Масцяк. Гучыць песня ў нетыповым стылі для Івы, але ніхто ж не забараняў выходзіць з зоны камфорту, тым больш, што гучыць гэта якасна і вайбова.
Альбомы, якія мы дакладна запомнім
Palina — «Ни берега, ни дна»
Palina выпусціла свой першы за доўгія гады чакання альбом пад назвай «Ни берега, ни дна». Поўны пранікнёнага вакалу, густоўных аранжыровак і жыццёвых тэкстаў, гэты альбом па-рознаму сустрэлі слухачы, але збольшага, засталіся задаволеныя такой рознай, але ўсё ж такі блізкай і роднай Палінай.
Wavy Mroy — «Mielancholija»
ЕР «Mielancholija» ад выканаўцы з Осла пад псеўданімам Wavy Mroy — амбіцыёзная і таленавітая спроба зрабіць свой унёсак у стварэнне беларускага R&B. Музычная частка трэкаў лёгкая і ненавязлівая, тэксты — максімальна жыццёвыя і рамантычныя, недзе нават не без юнацкага максімалізму, але ўсё пра тое ж: каханне, сяброўства, сум па родным і дому і, канешне ж, творчыя блуканні.
Лявон Вольскі — «Emihranty»
Тэндэнцыя, якая з’явілася ці лепей сказаць больш выразна праявілася ў 2023 — новы музычны паджанр, які можна характарызаваць як «эмігранцкая песня». Эмігранцкая тэматыка натхняла музыкаў не толькі на трэкі, але і на цэлыя альбомы. Выключэннем не стаў Лявон Вольскі са сваім альбомам «Emihranty», дзе ў класічнай для артыста манеры, распавядаецца пра боль, адзіноту, сум, а таксама пра вострасацыяльныя тэмы, якія так непакояць шматлікіх простых беларусаў.
Leibonik «Таm»
Альбом гурта Leibonik з назвай «Таm» мае абсалютна падобны да Вольскага, эмігранцкі настрой, але гучыць больш свежа, так бы мовіць, для зумераў.
Агулам дзве тытанічныя працы не пазбаўлены сатырычных элементаў, бо дзе б мы ўсе былі без кроплі самаіроніі? Сапраўды падкупае тое, што кожная песня з’яўляецца не проста апісаннем жыццёвых прыгодаў лірычнага героя, а рэальнымі гісторыямі з уласнага жыцця артыста.
NOCHY — «Ціхі акіян»
Гурт NOCHY выдаў настолькі круты альбом «Ціхі акіян», што не ўзгадаць яго ў нашым топе было б злачынствам. Аматарам індзі-поп жанраў павінна прыйсціся даспадобы, бо праца грунтоўная і разнастайная. У альбоме атрымалася дасягнуць балансу і гармоніі такім чынам, што ўсе кампазіцыі не зліваюцца ў адну, а застаюцца асобнымі гісторыямі, ідэйна прыналежнымі да агульнай канцэпцыі ўсяго твору.
Zeman — «Vandroŭny cyrk majho hramadskaha žyćcia»
Гэта па-сапраўднаму сталы і дарослы альбом, амаль поўнасцю пазбаўлены юнацкага максімалізму. У ім адчуваецца пераасэнсаванне ці не ўсяго жыццёвага і творчага шляху артыста. «Вандроўны цырк» — вельмі інтымны і «свой» альбом, асабліва для тых, хто ўжо даўно знаёмы з творчасцю артыста.
ЛСП — «Несчастные люди»
Алег ЛСП, як ніхто, умее гуляцца з формай і тэкстам, а яркія аранжыроўкі дадаюць кожнай з кампазіцый асаблівага настрою. Адметнасць у тым, што ў гісторыі Алега хочацца верыць, а падчас праслухоўвання карцінкі ў галаве ўсплываюць з лёгкасцю.
Uniqe, nkeeei і Artem Shilovets — «2007 ч.1»
Трыё маладых рэпераў з Баранавіч — uniqe, nkeeei і Artem Shilovets уварваліся ў гэтую восень са сваім альбомам «2007 ч.1». Хлопцы намагаліся зрабіць гук у стылі 2010-х, атрымалася гэта нетрывіяльна і па-свойму з густам. Адчуваецца, што ўсе, хто датычны да стварэння гэтага альбому, глыбока пагружаны ў стылістыку тых часоў, калі галоўным музычным каналам быў MTV. Пасля праслухоўвання застаецца толькі адно пытанне: «Яны сапраўды вярнулі 2007?»
Litvintroll — Trollwald
Хэві-металічная праца насычаная жахлівымі казкамі пра троляў і іншых міфічных істот, якія жывуць у розных кутах свету. Файны сторытэлінг у міксе з добрым вакалам ствараюць сапраўды круты і канкурэнтны прадукт для ўсіх аматараў дадзенага жанру.
Анастасія Рыдлеўская — «Mugwort»
Закрывае гэты топ і 2023 год, мастачка Анастасія Рыдлеўская са сваім альбомам «Mugwort». Пра яго скажу сціпла — ачмурэнна музыкальны і індывідуалістычны рэліз, які абавязкова трэба паспець паслухаць да надыходу Новага года.
Падводзячы вынікі года, можна шмат разважаць пра тое, што беларуская музыка, нават знаходзячыся часткова ў эміграцыі, так ці інакш набірае сілу: ладзячы фэстывалі кшталту Тутака і Варушняка за мяжой, ствараючы тым самым кам’юніці і збіраючы фан-базу.
Прыемная тэндэнцыя — з’яўленне беларускамоўных трэкаў у тых, хто не спяваў раней па-беларуску (як, напрыклад, сёлета гэта зрабіў вядомы гурт Пятля Прыхільнасці).
Артысты растуць не толькі за межамі Беларусі, а і ўнутры яе, і гэта відавочна. Галоўнае — умець знаходзіць, чуць і разумець сваё у гэтыя няпростыя часы.
Ахапіць неахапляльнае і апісаць кожны беларускамоўны рэліз, альбом ці падзею проста немагчыма, бо дакладна штосьці абавязкова забудзецца і згубіцца, але ці не гэта паказальнік таго, што беларуская музыка сапраўды жыве?
Хатні Томпсан, budzma.org