Гітарыст Уладзімір Майсюк даў астатнім беларускім музыкам прыклад таго, як можна выйсці за межы невялікіх клубаў і здабыць поспех.
Уладзь Майсюк нарадзіўся ў невялікай вёсцы Арабаўшчына, што пад Баранавічамі. Вядомай яна стала праз трагічны выпадак — у 1996 годзе тут разбіўся лётчык Корват. Пасля нараджэння Уладзіміра сям’я Майсюкоў перабралася ў Гірманатаўцы. Цяпер гэта аграгарадок. Тут дагэтуль жывуць бацькі 37-гадовага музыкі. У тых краях нарадзіўся адзін з пачынальнікаў беларускага року Ігар Варашкевіч, але пазнаёміліся музыкі зусім нядаўна, ужо ў Мінску.
У пачатку нулявых таленавіты малады гітарыст, які засвяціўся ў некалькіх гуртах (самы вядомы — “Экивоки”) вырашыў пачаць кар’еру за мяжой. Заявіўся на шэраг міжнародных конкурсаў і здабыў поспех — стаў пераможцам спаборніцтва сярод гітарыстаў Fusion Funk Guitar, прызёрам конкурсу Shred This і ўвайшоў у сотню найлепшых на аўтарытэтным сусветным конкурсе Guitar Idol. 10 гадоў беларускі гітарыст ездзіў у складзе гуртоў Cinderella Rockefella і InTune па ўсім свеце. Вярнуўся ў Беларусь паўтара года таму, каб запісаць тут альбом, аднавіць старыя кантакты ды набраць новых. “Цяпер я, мусіць, ведаю ўсіх! Лёс не звёў хіба што з Пітам Паўлавым”, — кажа Уладзімір. І праўда: на прэзентацыю яго альбома прыйшло нямала вядомых музыкаў — ад маладой джазавай спявачкі Сашы Захарык да гітарыста “залатога” складу “Песняроў” Уладзіміра Ткачэнкі.
Упершыню на сцэну Майсюк выйшаў, калі яму было 17 — браў удзел у конкурсе “Надзея-1993” у Горадні. Цікава, што інструменталіст перакананы: спяванне для музыкі — абсалютна натуральная з’ява. Таму ён рыхтуе колькі трэкаў з вакалам у наступным альбоме. Магчыма, што запяе Уладзь па-беларуску. Ён вучыўся ў беларускамоўнай школе (іншага выбару ў вёсцы і не было) і нават спрабаваў пісаць вершы па-беларуску. Падчас паступлення ў Інстытут культуры ён здзівіў камісію на сумоўі па беларускай літаратуры бездакорным валоданнем беларускай мовай. Але за 10 гадоў працы за мяжой падзабыў яе — у камандзе сабраліся музыкі з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Калумбіі, Канады, Партугаліі і Сінгапура, так што практыкавацца не было з кім. Але музыка заўжды пазіцыянуе сябе за мяжой як беларус. “Працэнтаў 50 замежнікаў зусім не ведаюць пра існаванне нашай краіны, яны яе адносяць чамусьці да Расіі. Але тыя, хто ведае, вельмі станоўча прымаюць, нягледзячы ні на што”. Уладзь вельмі шануе беларускую этнічную музыку. На запіс аднаго з трэкаў для свайго дэбютнага альбома “Mountains” ён паклікаў Аляксандра Жыха, музыку “Песняроў”, каб той прапісаў жалейку.
Але чаму паспяховы музыка не з’ехаў са сваёй краіны назусім? “А я ні ў адной краіне свету так і не пусціў каранёў, бо меў адвечныя гастролі. Пагатоў не хацелася заставацца ў азіяцкіх краінах, там зусім іншая культура. Беларусь — найлепшае месца для мяне, лаўлю кайф ад Мінска, асабліва калі прыязджаю са спякотных краінаў. Мне даспадобы нашае непрадказальнае надвор’е. Ідэальна — жыць тут і мець магчымасць ездзіць паўсюль”.
У працу Майсюка “Fretwalk” увайшлі 11 інструментальных трэкаў, якія сам выканаўца называе “ўрыўкамі са свайго жыцця”. Дакладна акрэсліць стылістыку альбома ён не можа, але кажа, што тут пасуе няіснае пакуль найменне — “соўл-мелодык рок”. Пры тым, што ў праграме ёсць гітарныя запілы, хапае і задушэўнасці ды мяккасці — выканаўца актыўна карыстае як электрычную, так і акустычную гітару. Гонар для Майсюка, ды і для ўсёй беларускай музыкі, у тым, што альбом пісаўся ў найлепшых студыях Амерыкі. Зводзіліся трэкі на той жа студыі, дзе працавалі гітарыст Rolling Stones Мік Тэйлар, Гілбі Кларк з Guns N’ Roses і Грэг Хоў, што граў у гурце Майкла Джэксана і Крысціны Агілеры. Зводзіў жа працу беларуса Берні Грандман, уладальнік “Грэмі”, вядомы найперш з супрацы са Стывам Ваем.
Нягледзячы на тое, што Майсюк толькі што прадставіў свой дэбютны альбом, яго ўжо даўно шануюць у музычных колах. “У нас яшчэ з 60-х гадоў пастаянна з’яўляюцца выдатныя гітарысты, — кажа заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткачэнка. — Але ўсё адно, калі бачыш новага таленавітага музыку, то здзіўляешся. Майсюк здзівіў і парадаваў найперш сваёй працаздольнасцю, я яму пажадаў на прэзентацыі не зніжаць хуткасці. Калі ён будзе працаваць так і далей, то роўных яму не будзе”.
Добра пра яго адгукаюцца і музычныя журналісты. Кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны зазначае, што вельмі важна, каб у нашай музыцы з’яўляліся і набывалі вядомасць не толькі спевакі і гурты, але і інструменталісты. “Гітарыстаў у нас шмат, але адзінкі з іх выдаюць свае запісы. Майсюк падышоў да сваёй працы вельмі адказна, запісаў яе з амерыканскім гукарэжысёрам, і гэта прыемная тэндэнцыя. Трэба выходзіць за межы клубаў, каб у нас з’яўляліся свае Джо Сатрыяні і Стывы Ваі”.
Сяргей Будкін
Фота: Павел Садоўскі