Напой “Крамбамбуля” вяртаецца!

24.12.2008

Пасьля паўтарагадовага перапынку на паліцы беларускіх крамаў вяртаецца легендарны напой “Крамбамбуля”. “Для нас важна падкрэсьліць, што мы не бульбашы, а спадкаемцы старадаўняй эўрапейскай культурнай традыцыі, — тлумачыць адзін з кіраўнікоў кампаніі БелПІ (прадпрыемства-вытворца) Зьміцер Дайнэка. – Новы дызайн бутэлек “Крамбамбулі” блізкі да старадаўняга стылю. Мы хочам, каб “Крамбамбуля” пашырылася як адзін з нацыянальных беларускіх брэндаў, як выкшталцоная і прадстаўнічая рэч”.

Напой мусіць пайсьці ў шырокі продаж акурат перад Новым Годам – 29-30 сьнежня. Кампанія БелПІ запускае цэлую сэрыю напояў пад агульнай назвай “Крамбамбуля”. Можна будзе пакаштаваць ня толькі напой з клясычнай рэцэптурай, які мае падназву крамбамбуля “Панская”. Сярод іншага ў сэрыі:

Крамбамбуля “Паляўнічая” (настойка горкая, моцнасьць 40%). Падрыхтаваная на траве зуброўкі і на чаборы.

Крамбамбуля “Шчодрая” (настойка горкая, моцнасьць 40%). Настоеная на выдатных кедравых арэхах і хваёвых пупышках.

Крамбамбуля “Вогненная” (настойка горкая, моцнасьць 40%). Сілу гэтаму бадзёраму напою даюць чырвоны, чорны і духмяны перац.

Крамбамбуля “Хлебасольная” (настойка горкая, моцнасьць 40%). Падрыхтаваная на духмяным хлебе з дабаўленьнем настою каляндры.

Крамбамбуля “Джын Рыцарскі” (джын, моцнасьць 45%). Моцны рамантычны напой для адважных мужчын.

Крамбамбуля “Раскошная” (настойка салодкая, моцнасьць 20%, цукар 16 г/100 см3). Настоеная на зярнятах кавы, з цэльнымі зярнятамі ўнутры бутэлькі.

“Слоган новай сэрыі “ Крамбамбуля — глыток Гісторыі!!!”, – тлумачыць Зьміцер Дайнэка. – Для нас важна, каб слова “Крамбамбуля” сталася самастойным гатункам напою, як гарэлка, брэндзі, уіскі”.