Пра паэтку Насту Кудасаву ў пэўны час пачалі ўжо казаць як пра аўтарку адной кнігі. Яркі малады дэбют са зборнікам «Лісце маіх рук», пасля замужжа, пераезд ў Расію, нараджэнне дваіх дзяцей і шчаслівае маўчанне. Як аднойчы сказала паэтка Таццяна Сапач, калі яе спыталі, чаму яна перастала пісаць вершы, «паэзія скончылася, пачалося жыццё». Наста Кудасава нечакана для ўсіх вярнулася, лёгка і прыгожа, узнёслым і гранічна шчырым зборнікам «Рыбы». А ў выдавецтве «Логвінаў» ужо ляжыць рукапіс трэцяй кнігі пад назвай «Ждома».
— Наста, вы вярнуліся ў Беларусь і адначасова вярнуліся ў паэзію. Раскажыце, як гэта — вяртацца.
— Я і знікла выпадкова. Проста не ведала гэтай схемы: выходзіш замуж, з’язджаеш, нараджаеш дзіця, перастаеш пісаць. Шчыра думала, што ў мяне ўсё будзе па-іншаму. Але ўвесь гэты час мне было складана без вершаў. Я ўсведамляла, што жыву не сваё жыццё. У маладосці вершы пішуцца па натхненні, несвядома, успышкамі, і здаецца, што так будзе заўсёды. Самыя любімыя творы — тыя якія нараджаюцца адразу. Ідзеш па вуліцы альбо нешта робіш, і раптам верш, як ліст, падае ў далонь. З узростам гэта праходзіць. Тады трэба ўспрымаць паэзію як працу, рамяство, дысцыплінаваць сябе, разважаць, дапрацоўваць і адчуваць адказнасць, бо мне ж гэта было дадзена чамусьці. Калі “пачынаецца жыццё”, трэба ствараць паэзію насуперак яму.
— А чаму вы з’ехалі ў Расію?
— Нам з мужам хацелася шукаць сябе, спрабаваць нешта новае, мы паехалі ў Піцер. Муж у мяне мастак, хацеў там сябе рэалізаваць — ён не прывязаны да мовы, таму можа працаваць у любым месцы.
Я ж, жывучы ў Расіі, зразумела, што без мовы не магу, мне здавалася, я пачала яе забываць, бо мала размаўляла. Тады пачала шмат чытаць, з’ездзіла ў Мінск, набрала кучу кніжак. Раней я трохі цынічна думала, што жыць за мяжой вельмі проста. Але выявілася, што я сапраўдная патрыётка, не магу без Беларусі. Я ведала, што вярнуся ў любым разе, як бы ні склалася жыццё. Вось прыехала сюды нараджаць дачку і засталася.
— У Пецярбургу вершы не пісаліся зусім? З чаго складаецца кніга “Рыбы”?
— Гэтая кніга выйшла крыху запознена, у ёй большая частка вершаў напісалася яшчэ да ад’езду, шлейфам пасля першай. Калі вярнулася ў Беларусь, пачала зноў пісаць і стала думаць пра выхад другой кнігі. Вершы я пішу ў сшытках, сабрала ўсе свае рукапісы, набрала іх на камп’ютары. І толькі я пра гэта падумала, як да мяне звярнуўся Рагнед Малахоўскі з прапановай выдаць кнігу. Я зразумела, што гэта знак, трэба выдаваць, хоць я не была гатовая, таму ў кнігу трапіла некалькі старых вершаў, з першага зборніка, бо трэба было неяк канцэптуалізаваць гэта ўсё.
— А што ў трэцяй кнізе будзе?
— Там будуць новыя вершы, якія за апошнія два гады напісаліся. Яна будзе яшчэ больш гукапіснай і яшчэ больш паглыбленай у мае ўлюбёныя стыхіі — рэкі, дарогі, мову, каханне. Можа, калі яна выйдзе, я зірну звонку і зразумею, ці стала я лепшай, ці тым займаюся. Цікава паглядзець, як людзі ўспрымаюць мяне і маю лірычную гераіню. Увогуле ў мяне няма вялікіх амбіцый. Калі я адчую, што мне больш няма чаго сказаць, я проста перастану гэтым займацца. Пачну рабіць нешта іншае. Ёсць шмат заняткаў на свеце, трэба проста крытычна да сябе ставіцца, і калі гэта не тваё, умець лёгка адмовіцца.
— Калі са з’яўленнем сям’і паэткі не перастаюць пісаць, то зазвычай звяртаюцца да тэмы мацярынства, складаюць дзіцячыя вершыкі альбо рэфлексуюць наконт таго, што ахвяравалі неўтаймаванай творчасцю дзеля сямейнага шчасця. У вас, здаецца, гэтыя тэмы калі і з’яўляюцца, то вельмі далікатна.
— Я думала, што падчас чакання дзіцяці буду шмат пісаць пра цуд нараджэння. Я здзіўлялася, чаму жанчыны так рэдка пішуць пра гэта. Нараджэнне дзяцей — галоўнае ў жыцці, але нешта настолькі непаэтычнае, фізіялагічна-біялагічнае, што абсалютна не натхняе.
Часам мяне натхняе сын, але гэта адносіны нас як дзвюх асобаў. Гэта не стасункі маці і сына, гэта па-за сям’ёй.
— А ўвогуле вершы падчас цяжарнасці могуць пісацца? Гэта ж такі асаблівы стан.
— Не, гэта не асаблівы стан, гэта нармальны стан для жанчыны, мне яго цяпер не стае. У пэўным узросце жанчына ўваходзіць у такую пару, калі перыядычна хочацца быць цяжарнай. Пры ўсіх фізічных цяжкасцях ёсць адчуванне, што без цяжарнасці — нейкая пустэча. Недарэчна адчуваць сябе нецяжарнай.
— Чым вы ахвяравалі з нараджэннем дзяцей?
— Я не магу чымсьці ахвяраваць, хачу паспяваць усё: быць гаспадыняй, маці, паэткай. Не ведаю, ці добра атрымліваецца. Муж лічыць, што не вельмі. Але я спрабую.
— “Мару аб доме з потам і бытам” — у вашых вершах увогуле даволі моцны канцэпт дому. Які для вас ідэальны “зямны дом”?
— Складана сказаць, бо я за гэты час столькі розных дамоў змяніла. Адно я зразумела дакладна: дом — гэта тое, што носіш з сабою. Дзе б ні быў, заўсёды прыносіш туды сябе, ад сябе нікуды не падзецца. Я камфортна пачуваюся ў Рагачове, таму што я адтуль расту, у мяне там ёсць мае дрэвы, мае берагі на Дняпры. Там я адчуваю сілу. Дом — гэта калі адчуваеш сябе абароненым. Я не ўспрымаю дом як менавіта агмень, раней мне хацелася сям’ю, побыт. Але пасля я зразумела: няважна, ёсць у цябе дом і сям’я альбо ты вандроўнік, сутнасна гэта нічога не мяняе, ты застаешся сабой. Мая прага дому — гэта толькі жаданне адчуць сябе несамотнай.
— А вы вандроўнік?
— Я была вандроўнікам, але цяпер у мяне дзеці, і мары пра вандроўкі так надоўга адклаліся, што я ўжо не ведаю, можа, яны і перагарэлі. Вось дзеці падрастуць, і я пагляджу. Мне падабаецца свет, розныя рэлігіі, розныя мовы, мне падабаецца, што ўсе людзі розныя і можна ўсюды знайсці штосьці сваё.
— Напэўна, таму ў вашых вершах шмат Бога ў розных яго іпастасях.
— У розных ягоных імёнах. Так, мне здаецца, што ў чалавецтва шмат шляхоў да Бога, але кожны па-свойму правільны.
— Ці адбілася сталенне на вашай паэзіі?
— Я не адчуваю сябе дарослай. Мне здаецца, я ўсё яшчэ ў першай стадыі развіцця, толькі пачынаю, шукаю сябе. І ўжо дакладна не пачуваюся сталым сур’ёзным чалавекам, які мае статус у літаратуры.
— Вашыя вершы недзе паміж мэйнстрымам і традыцыйнай паэзіяй. Куды б вы самі сябе аднеслі, у які час? І ці патрэбныя вам лінгвістычныя пошукі? Ведаю, што вы падтрымліваеце ідэі Міхася Баярына і Ігара Кулікова, якія ствараюць Свамову.
— Ёсць пэўныя культурныя прасторы, дзе я пачуваюся ўтульна. Напрыклад, абсалютна натуральна магу атаясамліваць сябе з героямі антычнага свету. Многае з мэнстрымавай паэзіі мне не блізкае, таму што я не вельмі люблю сучасную мову. Некаторыя словы не нашыя, лацінізмы, у мае вершы проста не ўлазяць, не плывуць. Многія паэты выкарыстоўваюць мат, і ён цалкам арганічны. А я не ўмею, таму ў мяне мова больш класічная.
Я не мела дачынення да семінараў Ігара і Міхася, але мяне натхнілі іхныя знаходкі. Мне часта не хапала словаў. Бывае, нешта просіцца, зірнеш у слоўнік — а слова такога няма. І я як філалагіня баялася іх ужываць. А потым зразумела, што можна карыстацца пэўнымі словаўтваральнымі мадэлямі, і гэта прыгожа, мова ўзбагачаецца, робіцца больш рафінаванай, бо можна перадаваць нюансы думкі. Я не ствараю словы фанатычна, а толькі калі адчую сапраўдную патрэбу ў наватворы, якому немагчыма знайсці адпаведнік.
— Ці сапраўды ў вашых тэкстах так шмат “цвятаеўскага”, як пішуць крытыкі?
— Ну, гэта быў мой улюбёны паэт у школе. Хаця любіла і беларускіх — Янішчыц, Барадуліна, Разанава. У Цвятаевай мне блізкі экспрэсіянізм як лад жыцця.
— Вашая паэзія напоўненая пачуццёвасцю, жаноцкасцю, такой нервовасцю. Як не страціць гэтую вастрыню пасля некалькіх гадоў сямейнага жыцця?
— Я думаю, людзі пакрысе робяцца лянівымі, інертнымі, таму і перастаюць адчуваць. А ў мяне, мабыць, нейкі прыроджаны інстынкт, я чамусьці адчуваю вельмі многа, зашмат, можа, нават тое, што мне не дазволена адчуваць.
Гутарыла Аляксандра Дорская