На календары — лета, на тэрмометры — вышэй за 30, а многія беларусы згодныя больш за суткі ехаць у гарачых і душных вагонах, каб нарэшце трапіць у Крым. Навошта? Паспрабую адказаць на гэтае пытанне. А падчас пошукаў адказу прапаную ўласную версію, чаму Беларусь дагэтуль успрымаецца ледзь не адзіным прыкладам рэалізацыі савецкага раю.
Частка прычын, якія прымушаюць беларусаў выправіцца ў Крым, ляжыць на паверхні. Большасць нашых суайчыннікаў звыкла абірае цёплае, а не халоднае мора (адпаведна, Балтыка адпадае). Егіпецкая спёка лягчэй пераносіцца зімой. Адпачынак у Грэцыі, Італіі, краінах былой Югаславіі і ў меншай ступені Балгарыі, патрабуе немалых фінансавых выдаткаў (да якіх трэба дадаць кошт візы). Прычым такія падарожжы амаль заўсёды звязаныя з турыстычнымі фірмамі і агенцтвамі. Бо для самастойна арганізаванага адпачынку, які выглядае не такім дарагім, неабходнае годнае веданне замежнай мовы. А большасць беларусаў маюць тут праблемы. У выніку цёплае мора, руская мова і адносная таннасць падарожжа робяць Крым фактычна безальтэрнатыўным варыянтам для асоб, чые даходы вагаюцца ад невысокіх да сярэдніх. Небагатыя суайчыннікі часцей застаюцца ў Беларусі (заўважце, гаворка пра тых, хто не можа паехаць, а не пра тых, хто свядома таго не жадае). Сярэдні клас выбірае Балгарыю або Турцыю. Асобная размова пра аматараў падарожжаў, якія трапляюць у Крым, каб паглядзець яго гістарычныя і прыродныя адметнасці. Іншая справа, што іх цікавасць пасля наведвання найбольш вядомых аб’ектаў хутка пераключаецца на іншыя рэгіёны.
Але існуе яшчэ адзін фактар. Не сакрэт, што крымскі сэрвіс ўжо даўно не адпавядае хоць бы мінімальным сусветным стандартам. Таму ў Крыме амаль не сустрэнеш турыстаў з Заходняй Еўропы. Летам на паўвостраў прыязджаюць прадстаўнікі ўсяго трох нацыянальнасцяў. Але украінцы адпачываюць на тэрыторыі сваёй дзяржавы. Нашы ўсходнія суседзі фактычна знаходзяцца ў сябе дома. Бо да 1950-х, калі Мікіта Хрушчоў, які ў свой час узначальваў кампартыю Украіны, зрабіў гэтай рэспубліцы падарунак і перадаў Крым у склад УССР, гэты паўвостраў ніколі не належаў Украіне і дагэтуль ментальна з’яднаны з Расіяй. А вось беларусаў вабяць у Крым не толькі традыцыі (калі кіравацца імі, туды мусілі б прыязджаць на адпачынак народы з усяго былога СССР), але і агульны савецкі менталітэт.
Чытачам, якія раней адпачывалі ў Крыме, бадай, не трэба нагадваць, як выглядае шэраг курортных гарадоў. Напрыклад, у Ялце і Феадосіі, найбольш буйных паселішчах на паўднёвым і ўсходнім беразе паўвострава, галоўнае месца займаюць не сапраўдныя культурныя каштоўнасці (напрыклад, дамы-музеі Чэхава або Грына), а безліч гандляроў і палатак, прычым размешчаных у самым цэнтры. Бадай, кантрастам успрымаецца Севастопаль. Зразумела, яго ўскраіны такія ж брудныя, а дарогі неадрамантаваныя, як і ў іншых крымскіх гарадах, а вось цэнтр надзвычай чысты і дагледжаны. Ён у найменшай ступені савецкі і нават крыху нагадвае Еўропу. Чаму?
Севастопаль здаўна з’яўляецца базай Чарнаморскага флоту. Ваеннае асяроддзе не спрыяла пашырэнню, скажам так, кірмашова-гандлёвай прасторы, альтэрнатывай якой былі парадак і чысціня. Акрамя таго, горад доўгі час (1939—1959, а пасля з 1980-х і да пачатку 1990-х) быў закрытым. Туды не маглі трапіць ні замежнікі, ні грамадзяне, якія прыязджалі ў Крым адпачываць. Тут ніколі не будаваліся санаторыі і дамы адпачынку, што не магло не ўплываць на агульную культуру горада.
А вось тут зробім невялікае адступленне і згадаем выказванне Сяргея Даўлатава: “Савецкая ўлада даўно ўжо не з’яўляецца формай праўлення, якую можна змяніць. Савецкая ўлада ёсць вобразам жыцця нашай дзяржавы”. Сапраўды, на постсавецкай прасторы ў большай ці меншай ступені адмовіліся ад савецкай палітычнай сістэмы (або істотна змянілі яе), перайшлі да рынкавай эканомікі ці хоць бы да яе асобных элементаў. А культура і мысленне змяняюцца куды павольней. Паколькі Севастопаль быў закрытай тэрыторыяй, на яго, у параўнанні з іншымі крымскімі гарадамі, у меншай ступені ўздзейнічала савецкая культура.
А цяпер правядзем паралель з нашай краінай, на тэрыторыі якой ля заходніх межаў СССР размяшчалася моцная вайсковая групоўка (яна мела назву Беларуская ваенная акруга). Невыпадкова, што менавіта ў БССР заставаліся жыць ваенныя, калі выходзілі ў адстаўку. Дый ва ўладзе ў брэжнеўскія часы ў нас знаходзіліся прадстаўнікі “партызанскага пакалення” — людзі, якія раней адстойвалі свае перакананні са зброяй у руках. Адпаведна, можна казаць пра ўплыў на грамадства вайсковай культуры.
Наогул, на чым трымаўся СССР? Напэўна, гэтую формулу можна сфармуляваць так: савецкая палітычная сістэма + планавая эканоміка + савецкае мысленне + побыт. Палітычная і эканамічныя сферы былі нязменнымі і ўсеагульнымі, таму не маглі мець рэгіянальных адметнасцяў. А вось з іншымі элементамі ўсё выходзіць не так адназначна. Мала хто будзе спрачацца з тэзісам, што найбольш папулярныя лідары БССР (напрыклад, Пётр Машэраў) шчыра верылі ў савецкую ўладу і яе асновы. У іх свядомасці прысутнічала перакананне, што ў савецкай сістэме можна выправіць дробныя недахопы — і яна запрацуе. У выніку адносны парадак, пурытанскае мысленне, больш звязанае з ідэалістычнымі ідэямі першых камуністаў, чым з брэжнеўскімі рэаліямі, а таксама побыт, больш прыстасаваны для патрэбаў грамадзян, стварылі ў свядомасці жыхароў іншых нацыянальнасцяў вобраз ідэальнай савецкай рэспублікі. У часы СССР гэта было максімумам, якога магло дасягнуць кіраўніцтва, не змяняючы асновы тагачаснага ладу.
Але нават калі ўбачыць агульнае ў прыкметах жыцця севастопальцаў і беларусаў, узнікае іншае пытанне. Прычым тут астатні Крым, узровень якога прыкметна саступае нашай рэспубліцы? Але давайце параўнаем сітуацыю з савецкімі часамі. І Беларусь, і больш еўрапейская Прыбалтыка ўсё роўна былі часткай СССР. Так і Севастопаль, нават з’яўляючыся вяршыняй крымскага айсберга, усё роўна належыць да рэшткаў савецкай цывілізацыі, што захавалася на паўвостраве. Адпаведна, калі беларусы наведваюць Крым, яны ў літаральным сэнсе трапляюць да сябе дадому. Таму на адпачынку ім не трэба ментальна перабудоўвацца.
З мясцовымі жыхарамі беларусаў яднае яшчэ адна акалічнасць. І тыя, і тыя могуць абурацца забруджанасцю пляжаў або працай мясцовага водаправода. Але яны шчыра перакананыя, што пры дробнымі касметычным рамонце сітуацыю можна змяніць да лепшага. Інакш кажучы, яны не бачаць у праявах савецкай культуры нічога дрэннага, а значыцца, не маюць патрэбы штосьці прынцыпова змяняць у сваім жыцці. І гэта яднае іх з жыхарамі былога СССР. Бо тыя, хто разумее бесперспектыўнасць “касметычнага рамонту”, у Крым не паедуць. На жаль, акрамя тых, каму іншы адпачынак не па кішэні…
Зрэшты, акрамя цёплага мора, рускай мовы, адносна таннага падарожжа і агульнай савецкай ментальнасці існуе яшчэ адзін, не менш істотны фактар. Адпачынак у краінах, якія знаходзяцца на больш высокай прыступцы эканамічнага развіцця, міжволі прымушае праводзіць паралелі з уласнай рэчаіснасцю. Параўнанне, як правіла, не суцяшае. А вось вынікі супастаўлення Крыма і Беларусі куды больш прыемныя. Калі на іх пляжах прапаноўваюць пахлаву, піражкі і іншую, патэнцыйна небяспечную ежу, дык у нашых электрычках — бясшкодныя гаспадарчыя тавары і газеты. Калі ў Крыме дастаткова бруднымі з’яўляюцца муніцыпальныя пляжы ледзь не ў кожным прыморскім горадзе, дык у Беларусі іх пералік абмяжоўваецца невялікім спісам. І самае галоўнае, у свядомасці часткі беларусаў альтэрнатывай, скажам так, некантраляванай украінскай дэмакратыі з’яўляецца наш “парадак”. Таму для іх адпачынак на паўвостраве — гэта не толькі сонца і мора. Гэта яшчэ і порцыя аптымізму, а таксама веры ў перспектыўнасць айчынных рэалій.
Калісьці папулярнасцю сярод чытачоў карыстаўся раман Васіля Аксёнава “Востраў Крым”. У ім на востраве была створаная самастойная дзяржава і панаваў лад жыцця, альтэрнатыўны савецкаму. Бадай, ёсць сумная іронія гісторыі ў тым, што рэальны паўвостраў стаў дыяметральна супрацьлеглым вобразам аксёнаўскага Крыма, а жыццё аўтаномнай рэспублікі ўсё больш кантрастуе з рэаліямі постсавецкай прасторы. Калі ж ўлічваць, што Беларусь у значнай ступені абапіраецца на савецкі досвед, у найбліжэйшы час Крым застанецца абавязковай часткай нашага жыцця.
Дзяніс Марціновіч