Neuro Dubel на новым альбоме вярнуліся да панк-року (Спампуй новыя песні)

02.11.2010 Музыка

oblozhka

Адзін з самых папулярных беларускіх гуртоў Neuro Dubel запісаў альбом «Афтары правды», прэзентацыя якога адбудзецца 11 лістапада ў клубе «Рэактар». Напярэдадні гэтай падзеі лідар гурта Аляксандр Куллінковіч расказаў карэспандэнту сайту “Будзьма разам!” пра новую плытку.

Спампуй дзве песні з новага альбому “Нейра-Дзюбель” проста цяпер:
Нейра-Дзюбель – Жэтончык
Нейра-Дзюбель – Ленін

Папярэднія альбомы Аляксандр кожны раз называў найлепшымі ў дыскаграфіі гурта. Новы не стаў выключэннем, хоць першапачаткова ў гэтым былі сумневы.

«Калі мы яго пісалі, я казаў музыкам сваім: «Хлопцы, як наогул крыўдна. Мы цяпер зробім альбом, а насамрэч ён проста гаўнічша, ён нейкі нецікавы». А потым альбом пачаў абрастаць новымі песнямі, аранжыроўкамі. І цяпер я слухаю яго і разумею, што ён найлепшы. Ён не такі брутальны, як папярэдні альбом «Stasi», у ім няма такога песімізму. Ён тлумачыць нашу жыццёвую пазіцыю: «Я*іся яно ўсё канём»! Ён найлепшы!»

Шмат у чым, па словах Аляксандра, у гэтым заслуга досведу і больш якасных інструментаў, якія выкарыстоўваліся падчас запісу альбома: «У гэтым альбоме былі ўжытыя інструменты больш высокай якасці, чым у папярэднім. Усё абсталяванне было больш высокай якасці. І мы самі пасталелі на тры гады, сталі больш дасведчанымі. Мы маем права назваць яго найлепшым альбомам».

У «Афтарах правды» Neuro Dubel вярнуліся да старога панкавага гучання. Як заўважыў у сваім блогу музычны журналіст і крытык Алег Клімаў, у гучанні «дзюбеляў» стала менш «рамштайнасці», і «гурт зайграў свяжэй, радасней, з’явіўся настрой».

«Нас часта называюць першым панк-гуртом Беларусі, і мы нарэшце апраўдалі свой стыль. Альбом, вядома ж, не панкавы ад пачатку і да канца: там ёсць абсалютна розныя песні, розныя стылі, як і ў кожным нашым альбоме. Але агульная лінія — панк-рок».

Ёсць на альбоме і сюрпрыз: на напісанне песні «Батариен» Куллінковіча натхніла прачытанне інструкцыі да шрубавёрту на балгарскай мове, таму і тэкст атрымаўся адпаведным. Ёсць у Аляксандра і любімая песня, прысвечаная добраму таварышу гурта журналісту Алегу Бябеніну, які загінуў у гэтым годзе: «Мы напісалі яе ў апошні момант, за пару тыдняў да здачы альбома. Песня называецца «Нельзя». Гэта не прысвячэнне ў поўным сэнсе гэтага слова, проста яна мне вельмі падабаецца».

На адну з песняў альбома («Касманаўты») у гэтым годзе ўжо быў зняты кліп у межах праекту «ПРОдвижение+» тэлеканалам «Лад». Гурт плануе зрабіць відэа яшчэ на адну песню.

«Гэта будзе альбо песня «Ольга Сергеевна», альбо «Сергей Иванович». Вось так у нас па імёнах. Але гэта будзе бюджэтнае відэа, якое будзе здымацца нашымі сябрамі бясплатна».

Гурт запрашае ўсіх на прэзентацыю альбома «Афтары правды» 11 лістапада: «Будзе вельмі вясёлы, вельмі забіяцкі Neuro Dubel! Прыходзьце! І будзьце беларусамі!»