Федарэнка Андрэй. Нічые: аповесці, раман. Мінск : Маст.літ., 2009. — 430 с. — (Беларуская проза ХХІ стагоддзя.)
Кніга Андрэя Федарэнкі выйшла на самым пачатку гэтага году. Але ўжо сёння можна прадказаць, што “Нічые” стануць лепшай кнігай прозы 2009.
Такога канцэнтрату нацыянальнай ідэі, як у кнізе “Нічые” Федарэнкі, я не адчувала нават у спрэсаваным паветры памяшкання БНФ. Прычым гэта датычыць, як аповесці “Вёска”, напісанага ў ранні перыяд творчасці пісьменніка, калі ён быў тыповым “сьвядомым”, так і твораў “Нічые” і “Рэвізія”. І ўсё ж, нават такое апантанае служэнне нацыянальнай ідэі нічога не вартае без навыкаў мастацкай рэалізацыі. Нельга не ўхваліць тое, як па-майстэрску Федарэнка трымае сюжэт, хоць, пагадзіцеся, гісторыя вяртання ў родную вёску адлічанага за “палітыку” студэнта нічога цікавага не абяцае. “Закальцаваная” структура — горад-вёска-горад — адпавядае не толькі месцазнаходжанню галоўнага героя Антона Васкевіча, але і тапаграфіі яго душы, якая то ўзмываецца на хвалі другога беларускага Адраджэння, то падае ў бездань традыцыйнай нацыянальнай абыякавасці…
Дзе лепш гэтай не па гадах спакутаванай душы? Дзе лепш самому пісьменніку Андрэю Федарэнку? Ён і сам спрабуе адказаць на гэтае пытанне… Па сутнасці, усе тры творы і ёсць спробай даследавання хваравітай раздвоеннасці “тутэйшых”, хоць найбольш поўна гэтая тэма, безумоўна, раскрытая ў рамане “Рэвізія”.
Галоўны герой рамана раздвоены і разрэзаны аўтарам на два персанажы — Алеся Трухана, студэнта і наведніка літаратурнага таварыства “Тутэйшыя”, які жыве ў горадзе, і Алеся Трухановіча, скалечанага чырвонаармейца, што вярнуўся ў вёску пасля ранення… Адзін жыве ў 1990, другі – у 1920… Гэта чарговая “гісторыя хваробы”, якую сам пісьменнік ужо даўно ператварыў ва ўсталяваны літаратурны жанр, на гэты раз ахвярна інтэгруючы ўласныя ўспаміны ў фантазіі на гістарычную тэму.
І хоць з першых старонак “Рэвізія” атрыбуціруецца як твор рэалістычны, рух часу ў ім хутчэй постмадэрны: ён то бязбожна расцягваецца, то рвецца, то забягае наперад, то ляціць у мінулае. Але аўтар дастаткова пераканаўча “сшыў” свайго персанажа на аперацыйным стале літаратуры, па ходу справы распавёўшы некалікі запамінальных эпізодаў, сярод якіх, асабіста мне былі цікавыя тыя, дзе фігурыруе паэт Ведрыч. У ім адразу ж, і без вершаванай падказкі пісьменніка, пазнаецца Анатоль Сыс. Трэба прызнацца, што мне было трохі шкада, што гэты персанаж займае так мала месца на старонках раману, бо, у сілу розных прычынаў, ён цікавіў мяне нават больш, чым галоўны герой.
А лепшым творам кнігі, як для мяне, стала аповесць “Нічые”, якая па праву дала назву ўсёй кнізе. “Нічые” — гэта ўдалае вызначэнне не толькі для тубыльцаў, якія аказаліся — добраахвотна і пад прымусам — уцягнутымі ў падзеі Слуцкага паўстання. Гэта ўдалае вызначэнне беларусаў наогул — не рускія, ні палякі… Ні “савецкія”, ні заходнія. Нацыя ў вечным пошуку ідэнтыфікацыі…і моцнага пляча.
“Дык вось яно, аказваецца, як! У нас ёсць свой ўрад, свая рэспубліка, свая мова, свае вайскоўцы! — і праўда, паглядзелі адзін на аднаго збянтэжана, здзіўлена: як жа мы раней не маглі датумкаць?! Гэта ж так проста, так правільна, так натуральна — з якога боку ні глянь! Якія тут могуць быць “рускія камітэты”, якія палякі, якія Саветы — адно цёмныя мы, няўчоныя, пакіраваць намі трэба камусьці… дык прыходзьце і валодайце намі!..” (ст.158)
***
Ганна Кісліцына -– крытык, літаратуразнаўца. Глядзі персанальны блог.