Вялікая канцэртная восень распачалася ў Беларусі з лёгкай затрымкай. Затое як! Урачысты старт здзейсніў Noize Mc — галоўны скандаліст, фрыстайлер і зорка YouTube. Канцэрт сумясціў дзве падзеі вялікай важнасці, бо быў, па сутнасці, не толькі канцэртам, але і афіцыйным стартам жыцця новага клуба «Re: public». Яшчэ да адкрыцця клуб атрымаў званне галоўнай надзеі канцэртнага і клубнага жыцця на найбліжэйшыя гады.
“Noize MC”, адчуваючы важнасць і гістарычнасць моманту, адпрацаваў без малога тры гадзіны. Колькасць жартаў і рэверансаў у бок беларускай сталіцы ды колішняга клуба “Рэактар” была цалкам апраўданай: фактычна «Re: public» і ёсць спадкаемцам “Рэактара”. Святло, не да канца пакуль наладжаны гук і нават двое ўсім добра вядомых бармэнаў-блізнятаў — усё гэта адтуль.
Новыя песні чаргаваліся з праверанымі часам і пасядзелкамі на кухнях старымі хітамі. Не вельмі актыўны рух на сцэне ад пачатку сэта як след разбаўляўся стэйжд-дайвінгам ад актыўнай тусоўкі з удзелам колішніх чальцоў маскоўскай групіроўкі “A.J.A.C.”, якой таксама была аддадзеная роля “піхароў”. Гэта значна сапсавала шоу, бо, адчуўшы ўсёдазволенасць, апошнія фрывольна гойсалі па сцэне, неахайна і па-здрадніцку спіхваючы з яе ўсіх “левых”. Дух роўнасці і братэрства, кажаце? Show must go on, панове!
Да сярэдзіны выступу Noize і каманда разышліся як след. “Нойз эм-сі, Нойз эм-сі” — харавым ямбам сустракаў натоўп пасля кожнай песні свайго куміра, “мінск мінск мінск” — сакраментальна зрэдчас адстрэльваўся артыст. Сам Noize, арганізатар “Міхалок-тура” ў мінулым сезоне, не мог не згадаць свайго калегу і на гэтым канцэрце, прычым у гэты самы час “Ляпісы” гралі канцэрт у Маскве. Невядома, ці адначасова прагучала песня “Болт” у кожнай са сталіц, але дакладна вядома, што “Ляпісы” сабралі ў пяць разоў больш людзей. Такім чынам, агульнабеларуская карма зноў увайшла ў энергетычны баланс пасля 0:5 ад “Барселоны”.
Вераснёўскі вечар плаўна пераходзіў у кастрычніцкую ноч. Бісоўкі сціхлі. Задаволеныя, людзі разыходзіліся, каб працягваць пятнічнае паці, адзначаць адно аднаго на “відосах” укантакце ды ставіць “лайкі” да фотак. Да свежых фотак Нойза Эм-сі…