
У электронным выдавецтве «Пяршак» мультымедыя-часопіса 34mag.net адбылася прэзентацыя новага альбома кабарэ-бэнда «Серебряная свадьба». Альбом называецца “Laterna Magica”.
Сваю лацінскую назву другая студыйная плытка «Серебряной свадьбы» атрымала ў гонар «чароўнага ліхтара» – прадзеда кінаапарата, папулярнага ў ХІХ стагоддзі. Гэта было кіно эпохі «да Люм’ераў», з дапамогай якога святары пугалі вернікаў, дзеткам паказвалі казкі, а прасунутая моладзь бавілася на вечарынах.
«Пры запісе альбома мы наколькі гэта магчыма эксперыментавалі з гукам, – распавядае Святлана Бень, лідарка «Серебряной свадьбы». – Мы хацелі, каб нашы гісторыі былі не падобныя адна да адной. У некаторых песнях мы выкарыстоўвалі стужкавы дылэй, апарат 1970-х гадоў, пры дапамозе якога апрацоўвалі гук. І такіх дзіўных знаходак мноства».
Новая праграма «Серебряной свадьбы» – гэта пагружэнне ў знаёмую, але забытую атмасферу дыяфільмаў, журботных і радасных гісторый з жыцця, вясёлых карцінак і страшных прароцтваў. «14 песень, што ўвайшлі ў альбом, – як 14 стракатых і розных малюнкаў з “чароўнага ліхтара”, laterna magica», – кажа Бенька.
Шмат якія песні з новага альбома ўжо знаёмыя прыхільнікам «Серебряной свадьбы», аднак у запісе яны атрымалі калі не новае жыццё, дык другое дыханне. Прэм’ера праграмы Laterna Magica адбудзецца ў Менску 26 і 27 красавіка.
Мультылэйбл «Пяршак»
