У прыемным чаканні альбома ад гурта «Мутнаевока», пра які я ўжо пісаў на гэтым тыдні, можна было падумаць, што я зусім забыўся на яркія прэм’еры ад іншых музыкаў. Але гэта зусім не так, бо складана было не заўважыць пяшчотныя песні да дня закаханых ад гурта NaviBand і дуэта VAL, альбо густоўную рок-рэп-баладу пра любоў да роднага краю ад Вектара. Заслухаўшы ўсе гэтыя рэлізы на поўную моц, я вярнуўся, каб падзяліцца імі з вамі, як заўсёды, крыху паразважаць, месцамі панудзець і ў чарговы раз адзначыць, што беларуская музыка ўмее здзіўляць!
Бачыш мяне такім, як ёсць
Што калі б вас папрасілі апісаць новую песню «Прабач» ад NaviBand адным словам? Я б сказаў, што гэта слова — цеплыня. Менавіта так, мінімалістычным інструменталам і кранальным тэкстам, мяне на рэпіце калыхала іх кампазіцыя. На мой погляд, гэта самы інтымны рэліз гурта за апошні час. Ён аб тым, як важна сказаць сваё «прабач» у патрэбны момант жыцця. Гэта можа быць цяжка, балюча і не заўсёды проста, бо пераступаць праз уласны гонар — тое яшчэ выпрабаванне, але ўсё ж такі, у фінале, каханне перамагае. І Ксюша з Арцёмам яшчэ раз гэта даказваюць.
Песня гучыць шчыра, без усялякага пафасу, нагадваючы просты дыялог двух закаханых на кухні пасля гучнай спрэчкі.
Растапіць сэрца снежнай каралевы
Хай вас не падманвае павольны пачатак трэка, ён не будзе падобным на кампазіцыю ад NaviBand. Ва ўсім вінаваты драйвовы прыпеў, які вывеў лірычны куплет у выбух з элементамі року. Дуэт VAL сваёй новай песняй «Снежная королева» задаў высокую планку самім сабе на ўвесь новы год.
Эксперымент з тым самым рокавым гучаннем усярэдзіне выйшаў больш чым удалым, зрабіўшы мяккі трэк па-сапраўднаму вострым. Хоць ідэя пра прынца, які ўсё ж такі растапіў халоднае, як айсберг, сэрца снежнай каралевы, зусім не новая, але абыгралі яе Лера і Улад па-свойму стылёва. Застаецца толькі гадаць, атрымалася б патрапіць з такой песняй на «Еўрабачанне» ў адным з паралельных сусветаў, ці не?
6:00 у Будапешце, 5:00 у Таронта і 8:00 у Мінску
Адсылкі, адсылкі і яшчэ раз адсылкі. Ці тое да канадскага рэпера пад псеўданімам Drake, ці то да расійскага OG Buda. Беларускі хіп-хоп выканаўца Вектар прэзентаваў шчыльны сінгл з кліпам на пару пад назвай «8:00 in Minsk».
Тэматыка кампазіцыі даволі тыповая для рэлізаў з падобнай назвай: настальгія па родным краі, доме, разважанні наконт жыццёвага шляху і іншых каштоўнасцяў. Аднак хапіла месца тут як рэчытатыву, так і вогненаму прыпеву, у лепшых традыцыях The Offspring. Сыграў на кантрастах, так бы мовіць.
Ці цікава было чуць Вектара ў такім амплуа? Так. Ці зрабіў ён нешта арыгінальнае? Безумоўна. Праўда, чарговая песня з матывамі пераасэнсавання эмігранцкіх боляў, праслуханая 3-4 разы, у мой плэйліст так і не зайшла, як бы ні прасілася. Далей думайце самі і вырашайце для сябе самі. За адсылку на вечнае «ты не чакай, сюрпрызаў не будзе» рэспект.
Хатні Томпсан, budzma.org