Разам з перасоўным кірмашом у чорна-белы Канзас прыязджае Оскар Дзігс, прывабны малады мужчына, які за грошы паказвае правінцыялам фокусы з падстаўнымі дзяўчатамі, якія левітуюць. У працы ён налягае на свежыя гаджэты вынаходніка Эдысана, а пасля працы — на ўсіх добранькіх жанчын. Аднойчы за Дзігсам пагоніцца цыркавы асілак, ён здуру заскочыць у паветраны шар і трапіць на ім проста ў цэнтр тарнада. На гэтым яго жыццё чамусьці не толькі не скончыцца, але, наадварот, зробіцца яшчэ больш цікавым: вакол усё расквеціцца колерамі, а сам ён апынецца ў чароўнай краіне Оз, дзе сустрэне адну за другой трох прыгожых маладых жанчын.
«Оз: Вялікі і жудасны», які з’яўляецца казачна дарагім прыквелам «Чараўніка краіны Оз» 1937 года, лёгка і зручна з чым-небудзь параўноўваць. Гэта трошкі перазапушчаныя «Зорныя войны», калі класічнаму фільму быццам пра спецэфекты прыладжваюць новыя спецэфекты, лепшыя за ранейшыя, і аказваецца, што гэта быў фільм зусім не пра спецэфекты. Крыху цімбертанаўская «Аліса ў краіне цудаў», калі дзіцячае кіно даручаюць даросламу візіянеру з карыслівых памкненняў («Аліса», як вядома, — адзін з самых касавых фільмаў у гісторыі). Трошкі аўтабіяграфія Сэма Рэймі, які сапраўды заляцеў калісьці на нягеглым паветраным шары танных хорараў у вялікі Галівуд ды так і застаўся там прафесійным чараўніком.
Але гэта ўсё паэзія, проза ў тым, што «Оз» больш за ўсё падобны на гультаяватую і струхлелую версію трэцяй часткі «Злавесных мерцвякоў» самога Рэймі. Там таксама хітры герой трапляе ў паралельны сусвет і з дапамогай невідавочных дасягненняў прагрэсу дамагаецца высокага сацыяльнага статусу. Бліжэй да канца «Оза» галоўны герой у выкананні вялікай зоркі Джэймса Франка на хвілінку апынецца ў адным кадры з галоўным героем «Злавесных мерцвякоў» Брусам Кэмпбелам, загрымаваным да непазнавальнасці, і пазбягае параўнанняў не на сваю карысць толькі з дапамогай злоснага карліка з кіем.
Уласна, праз «Злавесных мерцвякоў» галоўную праблему «Оза» і прасцей за ўсё растлумачыць. Гэта вельмі прыгожая сямейная кінаказка, у якой усё чараўніцтва вычэрпваецца рэзкім скачком са сціснутага чорна-белага малюнка ў шырокаэкраннае каляровае 3D і з’яўленнем на экране артысткі Мілы Куніс у чырвоным капелюшы. Першы прыём быў яшчэ ў арыгінальным фільме, а ў што ператвараецца Куніс у сярэдзіне фільма — страшна нават расказваць. Увесь астатні час Рэймі, які калісьці мог з дапамогай кардоннага замка або хаціны ў лесе зладзіць цэлы сусвет прыгод, сумна бубніць пра нават яму самому не цікавую, а ўжо людзям, якія прыйшлі на казку, і пагатоў, складаназлучанаю інтрыгу ва ўяўным каралеўстве. За бубняжом паміж акуратна прамаляванымі кампутарам заднікамі і людзьмі ў нікуды ляцяць характары персанажаў (з цудоўных, мяркуючы па прозвішчах, акцёраў толькі Рэйчэл Вайз у ролі злой вядзьмаркі хоць неяк засяроджвае ўвагу), дэталі, падрабязна апісаныя ў некалькіх кнігах казачнай краіны, і абсалютна ўсе сцэны экшна.
У «Злавесных мерцвяках» герой з паралельнага сусвету ў канцы трыумфальна вяртаўся ў наш свет. Калі «Оз» і гаворыць нам нешта аб трансфармацыі Рэймі, якая адбылася за дваццаць гадоў, дык толькі тое, што цяпер ён палічыў бы за лепшае застацца сярод задураных гледачоў.
Антон Серэнкоў