Папа Рымскі Францыск заклікае бізнэс-лідараў, што сабраліся ў Давосе ў аўторак, зрабіць так, каб іхнае багацце працавала на карысць усяму чалавецтву, і спыніць заганную практыку, якая існуе цяпер, калі большая частка насельніцтва планеты жыве ў беднасці і неабароненасці.
У сваім пасланні да больш чым 2500 удзельнікаў штогадовага Сусветнага эканамічнага форуму Папа Рымскі пераконвае прамыслоўцаў і банкіраў паспрыяць росквіту ўсяго чалавецтва, але не адважваецца папракаць іх за разбэшчанасць, цягу да раскошы і празмерны кансюмерызм, якія сталі відавочнымі для ўсіх на фоне глабальнага фінансавага крызісу.
“Я прашу вас зрабіць так, каб багацце служыла на карысць чалавецтва, а не рабіла людзей сваімі рабамі”, — сказана ў пасланні Папы Францыска, зачытанага на цырымоніі адкрыцця кардыналам Пітэрам Тэрксанам, прэзідэнтам Папскай рады па пытаннях міру і правасуддзя.
Папа Рымскі, які вельмі шмат працуе дзеля паляпшэння становішча беднякоў і які строга крытыкуе капіталізм, прызнаў, што бізнэс ужо дапамагае пераадольваць галечу мільёнам бедных, але менавіта капіталістычны лад жыцця і стварыў умовы для шырока распаўсюджанай сацыяльнай маргіналізацыі.
У сваім пасланні Папа піша: “Для таго каб з’явіліся роўнасць людзей, патрэбна штосьці большае, чым эканамічны рост, нават пры тым, што эканамічны рост — неабходная ўмова роўнасці. У першую чаргу неабходна бачыць чалавека ў чалавеку, людское ў людзях”.
“Неабходна прыняць такія рашэнні і распрацаваць такія механізмы, якія будуць спрыяць лепшаму размеркаванню багацця, стварэнню новых месцаў работы і дапамагаць людзям пераадольваць галечу, а для гэтага трэба змяніць прывычны спажывецкі менталітэт”.
Няроўнасць у прыбытках, якая толькі расце, і грамадская напружанасць, якая ёсць рэзультатам гэтае няроўнасці, разглядаюцца як самая вялікая пагроза свету ў штогадовай “Глабальнай справаздачы рызык на 2014 год”, надрукаванай напярэдадні Сусветнага эканамічнага форуму.
Няроўнасць няспынна расце пачынаючы з 1980-х, але толькі пасля фінансавага крызісу, які выбухнуў у 2008 г., на гэтую праблему пачалі звяртаць увагу.
Новае пакаленне маладых людзей, якія дасягаюць паўналецця ў 2010-х, не можа знайсці працу і не мае надзеі на паляпшэнне свайго сацыяльнага становішча, і менавіта з гэтае прычыны ўпадае ў фрустрацыю і далучаецца да пратэстнага руху, хвалі якога пракаціліся ад Тайланда да Бразіліі.
Самыя багатыя 85 чалавек у свеце цяпер валодаюць багаццем, якое раўняецца ўсяму таму, чым валодае 50 працэнтаў усяго насельніцтва планеты, ці прыблізна 3,5 мільярда чалавек — такую статыстыку прыводзіць Oxfam, міжнародная арганізацыя, якая змагаецца з беднасцю ва ўсім свеце.
Oxfam заклікае пераадольваць эканамічную няроўнасць, напрыклад, узнагароджваць тых, хто мае нейкі талент, патрэбныя навыкі, і імкнецца да нечага, але таксама заўважае, што цяперашняя надзвычайная сітуацыя ў эканоміцы “не спрыяе паляпшэнню сітуацыі з беднасцю і выклікае вялікую занепакоенасць”.