Погляд Сяргея Плыткевіча на «Дзікае жыццё ў цэнтры Еўропы»

08.10.2009

14

Смага. Ваўкі

«Прырода – гэта неад’емная частка нашага жыцця», – лічыць аўтар фотавыставы «Дзікае жыццё ў цэнтры Еўропы», якая адкрылася 7 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі, – вядомы беларускі мастак-анімаліст Сяргей Плыткевіч.

24

Сяргей Плыткевіч (у цэнтры)

Правакацыйная назва, як лічыць аўтар, толькі прыцягнула ўвагу публікі, якая была па-добраму ашаломленая ўбачаным: хто зазіраў у вочы мядзведзю, хто адчуваў ваўчыную «Смагу», хто дзівіўся «Цішынёй», хто сачыў за «Мужчынскім забегам», хто ўключыўся ў «Адзінаборства», хто вырашыў «Памерыцца сіламі», а хто трапіў «У царства лесуна».

34

Памераемся сіламі? Латвія

У дні працы выставы свет ўбачыць і аднайменная кніга – «Дзікае жыццё ў цэнтры Еўропы», фотаальбом, які ўключыў у сябе унікальныя кадры рэдкіх (і не вельмі) жывёл і птушак, што жывуць у Беларусі. Дзесяць гадоў фатограф (а таксама дырэктар выдавецтва «Рыфтур» і галоўны рэдактар газеты «Турызм і адпачынак») назапашваў матэрыял для гэтага фотаальбома: сотні гадзін у засадзе, пры розным надвор’і, у розных частках краіны. Але гэта таго варта!

43

Арол беркут

Толькі ўявіце, арол-змеяед запіхвае птушаняці ў дзюбу вужа, які завязаны ў вузел, – мала сказаць – рэдкі кадр, гэта ў прынцыпе немагчыма паўтарыць.

52

Адзінаборства. Глушцовы ток

«…Ці калі сядзіш у засадзе і начуеш у шалашы, раніцай прачынаешся, цёмна яшчэ, а вакол жыццё проста кіпіць, адчуванні невымоўныя. Хто хоць раз пабываў на глушцовым току, захоча яшчэ і яшчэ туды паехаць», – спрабуе перадаць «неазнаёмленым» свае адчуванні мастак.

61

На тураўскім лузе. Вусце ракі Лань. Красавік. Журавы прыляцелі

«А журавы купіліся на гарох», – дзеліцца ён сакрэтам.

71

Аўтар, у адрозненне ад папярэдніх сваіх прац, дзе ў «Беларускай экзотыцы» паказаў чытачам незвычайныя куткі нашай краіны, і наадварот, у «Нечаканай Беларусі» – вядомыя месцы з нечаканага ракурсу, гэтым разам жадае даказаць, што дзікая прырода з’яўляецца тым звяном, якое яднае ўсе краіны. Ці варта спрачацца з тэзай пра тое, што дзікая прырода – гэта нешта адзінае і непадзельнае, а чалавецтва – толькі яе частка.

81

«На прыкладзе Чарнобыльскай зоны гэта выразна відаць: чалавек пайшоў адтуль, а прырода жыве па сваіх законах», – сцвярджае мастак-анімаліст.

92

Лось. Палескі радыяцыйны запаведнік

Гледзячы на працы Сяргея Плыткевіча, разумееш, што наўрад ці давядзецца калі-небудзь так блізка падабрацца да «дзікай прыроды», гэта дадзена толькі адзінкам. І дзякуй ім за гэта!

10

Дрэва жыцця

Выстава будзе працаваць да 20 кастрычніка.

Тэгі: