3 лютага ў страўні “Камяніца”а 15 гадзіне адбудзецца прэс-канферэнцыя з нагоды выдання новага альбома гурту “Стары Ольса” па матывах “Полацкага сшытку” пад назвай “Дрыгула”.
Альбом выдадзены пры дапамозе “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і падтрымцы Ірэны Каляды-Смірновай (кіраўнік беларускага дабрачыннага фонду “Этнічны голас Амерыкі”).
Канцэртная прэзентацыя альбому адбудзецца ў Дзень закаханых, 14 лютага, у вялікай залі КЗ “Мінск” пры падтрымцы кампаніі “БелПі”. Падтрымку ў арганізацыі прэсавай канферэнцыі аказвае страўня “Камяніца”. Выдаўцом дыску з’яўляецца “Беларуская Музычная Альтэрнатыва”.
У новым альбоме сабрана танцавальная музыка ад Позняга Сярэднявечча да Ранняга Барока, занатаваная ў Вялікім княстве Літоўскім (зборнік “Полацкі сшытак”) і краінах Заходняй Еўропы. Пры выкананні гэтых твораў выкарыстаны інструменты, адпаведныя свайму часу.
“Полацкі сшытак” – зборнік барочнай музыкі (навуковыя назвы “Астрамечаўскі рукапіс” ці “Рукапіс 127/56 Ягелонскай бібліятэкі”, сучасная архіўная сігнатура 10002). Пасля вайны з нямецкіх запаснікаў у Польшчу трапіў беларускі ўніяцкі служэбнік, які ў 1956 г. паступіў у Бібліятэку Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў). У вокладку гэтага служэбніка быў уклеены нотны рукапіс, які ў 1962 г. знайшоў беларускі прафесар Адам Мальдзіс. Даследаваў рукапіс польскі музыказнаўца Ежы Голас. З таго часу Е. Голас фігуруе ў энцыклапедыях як афіцыйны адкрывальнік рукапісу. Рукапіс быў складзены ў вёсцы Астрамечава на Брэстчыне, але належыў полацкаму Біскупу, таму атрымаў назву “Полацкі сшытак”. У наш час творы з “Полацкага сшытку” трывала ўвайшлі ў партытуры польскіх і нават нямецкіх музыкаў.
Акрамя танцаў з “Полацкага сшытку” ў альбом увайшлі камерныя творы Валянціна Бакфарка, Андрыяна ле Роя і танцы заходнееўрапейскага паходжання.
На вокладцы дыска выкарыстаны фрагменты выявы з беларускага касцельнага твору “Пляскі смерці” XVII ст.
3 ЛЮТАГА а 15 ГАДЗІНЕ Ў СТРАЎНЮ “КАМЯНІЦА” (вул. Першамайская, 18)
ЗАПРАШАЕЦЦА ТОЛЬКІ ПРЭСА