Пошта Слуцкага збройнага чыну: арыгіналы і падробкі

08.06.2012 Гісторыя

Пра існаванне пошты Слуцкага паўстання 1920 года ходзіць шмат легендаў. Паспрабую апісаць, што было насамрэч.

1920 год

14-15 лістапада ў Слуцку, у доме Эдварда Вайніловіча, сабраўся з’езд Случчыны. На ім прысутнічала 107 дэлегатаў.

Васіль Русак быў абраны старшынём з’езду і вёў паседжанне. З’езд выбраў Раду Случчыны, у якую ўвайшоў і Русак. З яго ўдзелам была падрыхтаваная дэкларацыя, у якой гаварылася, што Слуцкая Рада цвёрда стаіць за незалежнасць роднай Беларусі і абараняе інтарэсы сялянства ад гвалту з боку іншаземных захопнікаў.

Васіль Русак узяў актыўны ўдзел у тлумачальнай працы сярод сялян аб неабходнасці фармавання свайго войска.

Слуцкая Рада сабрала пад свае сцягі каля дзесяці тысяч чалавек. Асноўныя падзеі паўстання разгарнуліся захад ад Слуцка, які бальшавікі занялі 29 лістапада. Пасля ўпартых баёў рэшткі слуцкіх паўстанцаў у канцы снежня перайшлі польскую мяжу і былі інтэрнаваныя.

 

Рада Случчыны праіснавала з 15 лістапада 1920 да 20 студзеня 1921.

Не магу не згадаць аднаго дакумента з “Архіва БНР”. Гэта запіс, зроблены сінім алоўкам, аўтар і дата яго невядомыя.

Вось яго змест:

Пасведчанне. Гэтым сведчыцца, што 1 снежня 1920 штабам беларускай брыгады (гор. Слуцк Мінскай губ.) аперыраванай супраць бальшавікоў, былі выпушчаныя маркі з перадрукам на польскіх марках вартасцю ў 25 грошаў на 5 грош. (Зялёная) і 50 грош. на 15 грош. (Ружовая). Перадрук: ручной чарнільны штэмпель з выявай “пагоні” і літары “Ч.Р.Сл.” (Часовая Рада Случчыны). Усяго паспела выйсці з палявой пошты вартасцю ў 50 грош. каля 200 шт. і вартасцю ў 25 грош. каля 20 шт., астатнія загінулі падчас пажару. У цяперашні час захавалася толькі некалькі штук 3 (тры) камплекта. Сапраўднасць прадстаўленых тут марак сведчым”.

Самі маркі Часовай Рады Случчыны вывучалі два спецыялісты ў Беларусі: Баціеўскі і Коласаў.

Леў Коласаў, вядомы ў Беларусі філатэліст і адмысловец марачнай справы, яшчэ ў 1999 годзе пісаў пра гэтыя маркі ў адным са сваіх артыкулаў: “Пра гэтыя маркі вядома амаль усім беларускім філатэлістам, аднак у калекцыях іх амаль няма. Пра гісторыю выпуску марак я ведаю наступнае.

Прычына ў тым, што Рада не паспела выпусціць гэтыя маркі ў Слуцку. Лістапад у сваіх успамінах піша, што Рада Случчыны ўжо 24 лістапада 1920 г. была вымушаная пад націскам савецкіх войскаў разам з паўстанцамі пакінуць Слуцк і ўладкавацца ў мястэчку Семежава каля 40 км на захад ад Слуцка, але і тут Рада доўга не затрымалася. Праз некаторы час яна апынулася ў Баранавічах. І тут пачынаецца яшчэ адна няясная старонка гісторыі слуцкіх марак. На паказанай у “ППЗ-66” паштовай картцы ёсць паштовы штэмпель Баранавічаў “BARANOWICZE. * B * 21.1.21”. Кажа гэта пра тое, што ўжо ў студзені 1921 слуцкія маркі былі ў распараджэнні Рады. Можна выказаць здагадку, што ў Баранавічах у снежні 1920 або ў пачатку студзеня 1921 хтосьці з сябраў Рады задумаў выпусціць маркі. Лягчэй за ўсё было зрабіць наддрукоўку на польскіх марках. Вядома ж, слуцкія маркі былі вырабленыя без дазволу польскіх паштовых уладаў, але той або тыя, хто ажыццявіў ідэю выпуску марак, хацелі надаць ім паштовы характар. Мабыць, таму з Баранавічаў былі дасланыя на адрас вядомай філатэлістычнай фірмы братоў Зенф у Лейпцыгу лісты, аплачаныя польскімі і “слуцкімі” маркамі адначасова. Рэпрадукцыю такога заказнога ліста, дасланага 3 лютага 1921 з Баранавіч у Лейпцыг са штэмпелем варшаўскай цэнзуры, змясціла ў №2 (17) за 1998 г. газета “Беларускі калекцыянер”, праўда, без усялякіх каментароў. Як аказалася пасля, гэты канверт захоўваецца ў калекцыі філатэліста з Чыкага Б.-О. Павука”.

Гэта адзіны заказны ліст, які захаваўся да сённяшняга часу. Сучасны кошт на маркі Случчыны – ад 100 даляраў і вышэй у залежнасці ад накладу саміх марак. Сярод філатэлістаў краіны да сёння няма адзінага меркавання, лічыць гэты выпуск сапраўднымі маркамі альбо нейкім фантастычным выпускам, зробленым спецыяльна для філатэлістаў.

Гісторыя з маркамі, прысвечанымі Слуцкаму збройнаму чыну, мела працяг у эміграцыі.

У 1960 годзе Згуртаванне беларускай моладзі выдала марку ў гонар 40-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну па эскізах мастака Генрыха Архацкага ў чырвоным, сінім, зялёным і шэрым колерах. На марцы постаць дзецюка з бел-чырвона-белым сцягам, на якім напісана: “Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Тронак сцяга ў форме паходні з надпісам на полымі: “The Slucak Uprising 1920-1960”. Справа ўнізе надпіс: “Freedom for Byelorussia!” У левым ніжнім куце – літары “БНР”. Маркі надрукаваныя ў аркушах па 20 асобнікаў з надпісам на дзвюх мовах: “Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына – жывеце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага Паўстаньня – злажыце ахвяру на выданьне Слуцкага Альманаху. Наклейвайце гэтыя маркі на лістох і пачках – пашырайце праўду аб Беларусі”.

Гэтыя маркі-віньеткі таксама сталі рэдкасцю для беларускіх калекцыянераў і сапраўдным шыкоўным аздабленнем асабістай калекцыі.

Гісторыя вывучэння гэтых марак яшчэ чакае спецыялістаў, і спадзяюся, што ў хуткім часе з’явіцца не адна праца, прысвечана гісторыі беларускай філатэліі.

Андрэй Мялешка