Хрыстос Уладзіміра Караткевіча прызямліўся ў Гародні, а фэнтэзійны герой сучаснасці Гары Потэр нарадзіўся ў Гомелі. Да лета 2006-га ў інтэрнэт-прасторы не было беларускага варыянту сусветна вядомай сагі пра чараўніка ў акулярах.
Беларусізацыяй вядомага героя заняўся аматар свету, створанага Дж. Роўлінг, — Андрэй Багач:
— Летам 2006 году мне стала цікава, ці ёсць у інтэрнэце беларускі варыянт Гары Потэра. Перакладу я, на жаль, не знайшоў і з прычыны, што быў і застаюся фанам Гары Потэра, вырашыў перакласці сам.
На сённяшні момант сайт Belpotter.by — інтэрнэт-партал, цалкам прысвечаны вядомаму герою. Тут можна знайсці апошнія навіны свету Гары Потэра, кнігі, постэры, а таксама форум. Але пачыналася ўсё са старонкі на школьным сайце.
Расказвае аўтар Белпотэра:
— Адразу ў інтэрнэт выкладваць свой пераклад я і не думаў. Але на той момант у мяне ўжо быў сайт — сайт майго класа. Я стварыў простую html-старонку на TUT.by і выклаў там некалькі раздзелаў. Праз некаторы час старонка стала пашырацца, я пачаў выкладаць навіны свету Гары Потэра. У лютым 2007 году падаў заяўку на конкурс беларускіх кантэнт-праектаў. У красавіку мне патэлефанавалі і сказалі, што мой сайт стаў другім у катэгорыі “Адпачынак і пацехі”.
Над справай папулярызацыі ды беларусізацыі Потэравага свету Андрэй працуе не адзін.
Аўтар беларускага парталу пра Гары:
— Хоць большасць працы раблю я, але ёсць людзі, якія мне дапамагаюць. Амаль усе яны далучыліся да праекту ў ліпені 2007, калі сайт пераехаў на хостынг hoster.by.
Сёння адміністрацыю інтэрнэт-праекту складаюць: адміністратарка Таццяна Студнева ды мадэратары Вольга Шпакоўская і Іван Бондар.
Сярод фэнтэзійнай літаратуры на сённяшні дзень на беларускую мову перакладзеныя, бадай, толькі “Уладар Пярсцёнкаў”, бо навошта перакладаць, калі можна па-руску прачытаць.
Андрэй Багач:
— На дадзены момант не больш за 100 чалавек прачытала тыя кнігі, якія мы пераклалі. Можа, калі б была папяровая кніга, тады б ёю цікавілася больш людзей. Але яе выданне ў нашай краіне шмат каштуе, да таго ж, трэба звяртацца за дазволам да Дж. Роўлінг.
Справа перакладу папулярных твораў на беларускую мову сёння паўстае хутчэй штучнай ініцыятывай з адценнем маргінальнасці, чым прафесійнай працай.
Андрэй Багач:
— Я яшчэ вучыўся ў восьмым класе, калі пачынаў перакладаць, і ангельскай мовы амаль не ведаў. Таму перакладаў з рускай. А між тым я заўважыў: калі размаўляць па беларуску, адразу падымаецца настрой.
Акрамя перакладаў васьмі кніг на сайце размешчаныя беларускія субтытры да фільмаў пра Гары Потэра, спасылкі на іншыя пераклады ды кампутарныя гульні, але аўтар праекту не збіраецца спыняцца на дасягнутым.
–У мяне ёсць мара: агучваць фільмы на беларускай мове, а таксама перакладаць гульні. Праз месяц выйдзе шосты фільм пра прыгоды Потэра, і мы вельмі б хацелі, каб постэры гэтага фільму ў нашых кінатэатрах таксама былі на беларускай мове.
Для budzma.org