У клубе Loft прайшлі “Калядныя сустрэчы з Алегам Хаменкам”. Лідар гурта “Палац” разам з гуртамі Guda, Dzivasil ды іншымі ўдзельнікамі вечарыны паказалі, як можна адзначаць гэтае цудоўнае свята ў вялікім горадзе.
Прапанова Алега Хаменкі адзначыць Каляды ў клубным фармаце знайшла водгук у людзей. Каб трапіць у клуб, гледачам давялося пачакаць, бо чарга была вялізная. У выніку клуб запоўніўся цалкам: усе сталы занятыя, а на танцпляцы было надзвычай шчыльна. Але і ў гэтых умовах гледачы схітраліся танчыць, вадзіць карагоды ды бегаць па зале “цягнічком”. Лідар “Палаца”, аднаўляючы свае “Калядныя сустрэчы”, заявіў, што нашыя традыцыі моцна прывязаныя да вясковага асяроддзя, а вось як адзначаць Каляды ў вялікім горадзе, мала хто задумваўся: “Мы хочам увесці такую традыцыю, каб кожны гарадскі жыхар ведаў, як можна калядаваць, якія песні спяваць, якія стравы спажываць”. Што да страваў, то тут пастараўся ўжо Loft, які славіцца сваёй адметнай кухняй. Шэф-кухар кавярні распрацаваў адмысловае каляднае меню, куды ўваходзілі як звыклыя, так і даволі нечаканыя стравы.
Вечар пачаўся ўласна з калядавання, калі праз усю залу прайшло касцюмаванае шэсце. Хаменка вёў на танцпляц казу, тая супраціўлялася, у атачэнні дзяўчат у нацыянальных строях ішлі таксама мядзведзь і бусел, якія падыходзілі да наведнікаў з вітаннямі, а бусел дык яшчэ і паспяваў зазіраць у талеркі гасцей. Нечакана падчас спеву каза ўпала на падлогу, і калядоўшчыкі мусілі заклікаць прысутных кідаць грошы ў кош, каб яна паднялася і свята працягнулася. “Ай, і жадная якая, няўжо канцэрту не будзе”, – у роспачы заявіў Хаменка, калі кош трохі напоўніўся, а каза ўсё адно ляжала нібы непрытомная. Але ўсё скончылася добра: пад агульны смех залы яна ўрэшце паднялася, і тады ўдзельніцы гурта Guda завялі “Го-го каза, го-го шэрая”. Цікава, што падчас выканання старадаўніх спеваў акапэла на экране дэманстравалася калядная казка “Аднойчы ў Барахляндыі”. Не ўсім такая эклектыка была даспадобы.
Былі і абяцаныя конкурсы. Хаменка разыгрываў уласныя кампакты “Кола грукатала”, апавядаючы пра гісторыю святкавання Калядаў у Беларусі і задаючы публіцы розныя каверзныя пытаннечкі. Але людзі сабраліся абазнаныя, а таму без праблем адгадвалі, каго, напрыклад, у Давыд-Гарадку водзяць замест казы на Каляды (каня) ці як слушна па-беларуску адказваць на словы “Хрыстос нарадзіўся” (“Славім яго”).
Магічную атмасферу “Калядам у вялікім горадзе” стварыў гурт Dzivasil. Падчас выканання прэм’ернай песні, якая так і завецца – “Калядная”, – на танцпляц выйшла “жар-птушка Паліна”. Так вакалістка Іна Перасецкая прадставіла чароўную танцорку, якая прыцягнула ўвагу ўсёй залы.
А тое, што адбывалася падчас выступу “Палаца”, было проста неверагодна. Музыкі падрыхтавалі вялікую праграму, куды ўключылі найперш песні са свайго новага альбома, а таксама найлепшыя калядныя нумары з ранейшых альбомаў. А такіх у “палацаўцаў” нямала: пачалі з “А ці дома-дома”, а скончылі “Заенькам”. Перад выкананнем кожнай песні Хаменка падбадзёрваў прысутных, а тыя з ахвотай адгукаліся ды яшчэ і самі імправізавалі. У пэўны момант наогул падавалася, што танцпляц – адзінае цэлае. Людзі вадзілі карагоды, утваралі “цягнічкі” ды ладзілі скокі – атмасфера была проста выдатная. Такой разняволенасці якраз не хапала на мінулым канцэрце гурта ў тэатры беларускай драматургіі. “Хлопцы, а ну запрашайце хутчэй дзевак!” – заклікаў лідар “Палаца” ды вырашыў асобна прывітаць мадэлек з агенцтва “Тамара”, якія таксама прысутнічалі на вечарыне, песняй “Чужыя дзеўкі”.
Пасля паўтарагадзіннага сэту “Палаца” вечарына не скончылася. Запланаваныя танцы зладзілі пад бубен і дуду Яўгена Барышнікава госці вечара. Скокі доўжыліся да самай ночы. Каляды справілі на славу. “Продкі абзайдзросціліся б”, – такую ацэнку святу даў адзін з гледачоў, і гэта была найвялікшая пахвала завадатарам вечарыны.
фота – Аляксандр Ждановіч