Пяць прычын, з якіх знікае айчынная літаратурная крытыка

Апошнім часам амаль усіх удзельнікаў літаратурнага працэсу яднае агульная думка: літаратурная крытыка знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Больш за тое, калі сітуацыя не зменіцца, праз пэўны час яна можа знікнуць. Чаму так адбываецца? Паспрабую акрэсліць некаторыя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны.

СМІ не патрэбная літкрытыка

Айчынныя выданні не надта зацікаўленыя ў публікацыі тэкстаў па літаратурнай крытыцы. Прычыны тлумачацца лёгка. Кожная газета ці часопіс змагаецца за аўдыторыю. Вонкавай прыкметай паспяховасці ёсць або наклад (для друкаваных СМІ) або наведвальнасць (для электронных). Фільм, які выйшаў у кінатэатрах, вельмі хутка выкладваецца “піратамі” ці самімі стваральнікамі ў інтэрнэт. Таму якую заўгодна стужку можа адначасова паглядзець шмат людзей, якіх у прынцыпе цікавіць рэцэнзія (бо шэраг крытычных тэкстаў цяжка зразумелы без знаёмства з прадметам разважанняў). Крыху меншую аўдыторыю маюць тэксты, у якіх аналізуюцца спектаклі. Але ў Беларусі колькасць тэатраў дастаткова невялікая, таму сапраўдныя тэатралы (нават тыя, хто не трапіў у залу) не абмінаюць рэцэнзій. Дадамо да іх частку наведнікаў – і пэўная аўдыторыя забяспечаная.

Заўважу, што і фільм, і спектакль (нават самы элітарныя) можна паглядзець за адзін вечар. Гэта вельмі істотна для сучасных людзей, чый нешматлікі вольны час часцей заняты не мастацтвам. Кніга (калі гэта не бэстсэлер, які прачытваецца за адзін-два вечары) апрыёры прадугледжвае больш працяглае знаёмства з тэкстам (ад некалькіх дзён да тыдняў). Да таго ж наклады кніг дастаткова малыя, што яшчэ больш звужае чытацкае кола.

Трэба дадаць, што імёны многіх айчынных пісьменнікаў невядомыя сучасным беларусам. Так, тое ж можна сказаць і пра кіна- і тэатральных рэжысёраў. Але там ідуць або на назву твора (калі тое класіка), або на канкрэтную пляцоўку (тэатр ці кінатэатр). Але амаль ніхто не выбірае кнігу па назве выдавецтва.

Такім чынам, чытачы літаратурных рэцэнзій – гэта вельмі абмежаванае кола чытачоў (выключэнне – бэстсэлер або публікацыя, звязаная са скандалам). Іх публікацыя не можа істотна павялічыць аўдыторыю выданняў. Таму ўсё залежыць ад добрай волі рэдактараў ці ўладальнікаў СМІ.

 

Патэнцыйныя крытыкі сыходзяць у іншыя сферы

Адна з праблем сучаснай крытыкі ў тым, што яе ўвесь час блытаюць з літаратурнай журналістыкай і літаратуразнаўствам. Літжурналістыка канстатуе мастацкую з’яву і дае ёй чытацкую, эмацыйную ацэнку (“спадабалася” – “не спадабалася”). Літаратуразнаўства разглядае гэтую з’яву на тэарэтычным узроўні. Крытыка павінная прытрымлівацца прынцыпу “залатой сярэдзіны”. Аўтар, які працуе ў гэтым жанры, мусіць узяць ад навукі элемент абагульнення і выказаць уласную ацэнку твора, патлумачыць яго станоўчы і адмоўны бок. З журналісцкага арсенала крытык павінен выкарыстаць прастату і натуральнасць выкладу, каб яго мог зразумець адукаваны чытач, а не толькі навуковец.

Большая частка тэкстаў, якая друкуецца ў СМІ, – гэта звычайныя журналісцкія матэрыялы. Частка аўтараў проста не ў стане прааналізаваць тэкст. Другім не хапае на тое часу ў сітуацыі ўсеагульнага цэйтноту. Трэція не жадаюць губляць час, бо дадатковая аплата за глыбіню разважанняў не прадугледжваецца. Адпаведна, асобныя патэнцыйныя крытыкі застаюцца на ўзроўні літжурналістыкі (зразумела, таксама патрэбнай з’явы).

Іншае назіраецца ў навуцы. Наўрад ці хтосьці будзе спрачацца з тым, што з пункту гледжання гісторыі літаратурная крытыка – жанр другарадны. У гісторыі застаюцца імёны пісьменнікаў, а не аналітыкаў, якія разглядалі іх творы (асоба Бялінскага, як выключэнне, толькі пацвярджае правіла). Раней ці пазней да такой сумнай высновы прыходзіць ці не кожны крытык. Таму з часам шмат хто з іх пераходзіць у літаратуразнаўства. Там існуюць навуковыя ступені (як праява грамадскага прызнання). Можна напісаць тэарэтычнае даследаванне, якое, у адрозненне ад бягучай крытыкі, мае шанец у далейшым зацікавіць кагосьці са спецыялістаў.

Пасля сыходу ў літжурналістыку ці літаратуразнаўства шмат хто ніколі не вяртаецца да крытыкі.

 

Профільныя СМІ – не месца для вострых тэкстаў

Частка праблем, якія існуюць у крытыцы, закладзеная ў айчыннай літаратурнай мадэлі. Як вядома, у Расіі і на Захадзе ўмовы кніжнага рынку дыктуюць буйныя кнігавыдавецтвы, у той час як любыя пісьменніцкія аб’яднанні не адыгрываюць значнай ролі. Таму супрацоўнікі літаратурных выданняў ці аглядальнікі адпаведных рубрык у газетах, часопісах ці на сайтах ніяк не звязаныя з выдавецтвамі і могуць выказваць уласную пазіцыю.

У Беларусі пасля абвяшчэння незалежнасці не склаўся літаратурны рынак. Адпаведна, пэўны сегмент выдавецкай справы сканцэнтраваўся вакол грамадскіх аб’яднанняў: Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія выдаюць уласныя серыі ці спрыяюць кнігавыданню. Менавіта з гэтымі арганізацыямі ў большай ці меншай ступені звязаныя профільныя газеты (адпаведна, “Літаратурная Беларусь” як дадатак да “Новага часу” і “Літаратура і мастацтва”) і часопісы (адпаведна, “Дзеяслоў” і “Верасень”, “Полымя”, “Маладосць” і “Нёман”).

У названых выданнях часцей за ўсё з’яўляюцца рэцэнзіі на кнігі, якія выйшлі намаганнямі саюзаў; аўтарства якіх належыць кіраўніцтву ці сябрам саюзаў; у выпадку “ЛіМа” – рэцэнзіі на кнігі, якія выйшлі ў “Выдавецкім доме “Звязда” (у структуру якога ўваходзіць штотыднёвік). Бясспрэчна, такая мадэль – адзіны шанец для выжывання ў сучасных умовах. Але яна апрыёры прадугледжвае акцэнт на літаратурную журналістыку, а не крытыку, на міжвольную рэкламу, а не крытычны аналіз. Бо кнігі часцей за ўсё выходзяць не дзякуючы, а насуперак абставінам. І мусяць абавязкова разысціся. Да таго ж сярод асобных пісьменнікаў існуе такое меркаванне: паколькі стан рэчаў досыць гаротны, крытыкі мусяць падтрымліваць творцаў і арганізацыі, якія паспрыялі выданню.

Пакуль крытыкі не атрымаюць пляцоўкі, не залежнай ад кнігавыдаўцоў ці творчых аб’яднанняў, сітуацыя не зменіцца.

 

Вузкае кола творцаў для разгляду

Шараговы чытач часам нават не ўяўляе, колькі праблем можа быць з выбарам аб’ектаў для аналізу. Перш за ўсё беларускай літаратуры ўласцівая надзвычай высокая ступень палітызаванасці. Таму непрадузяты разгляд твораў, напісаных прадстаўнікамі супрацьлеглых лагераў, немагчымы. Таксама цяжка ўявіць аб’ектыўны разгляд раманаў, аповесцяў ці вершаў, напісаных крытыкамі пра найбуйнейшых літаратараў сваёй плыні. Апошнія ўжо даўно сталі палітычнымі сімваламі і міфамі, якія нельга разбураць.

Існуе катэгорыя пісьменнікаў, якія займаюць важныя пасады (знаходзяцца на дзяржаўнай службе ці кіруюць грамадскімі арганізацыямі; узначальваюць творчыя саюзы, літаратурныя выданні або з’яўляюцца супрацоўнікамі ў апошніх). Зусім не памятаю рэзка адмоўных ці крытычных рэцэнзіі на іх творы. Зразумела, апанент можа адказаць мне, што на такія пасады выбіраюць ці прызначаюць толькі годных людзей. Але літаратурная Беларусь – занадта маленькая краіна, і ўсе ў той ці іншай ступені ведаюць адно пра аднаго. Дык хто будзе рызыкаваць і пісаць нешта “калючае”, калі потым, магчыма, давядзецца ісці да аб’екта крытыкі па нейкай справе?

Нарэшце, існуе катэгорыя слабых творцаў ці творцаў-графаманаў, якія ніколі не даруюць ніводнага з’едлівага радка на ўласны адрас. Неаднаразова чуў гісторыі пра пісьменнікаў, якія пісалі скаргі ва ўсе інстанцыі (нават ў Адміністрацыю прэзідэнта) або лісты ў тое выданне, якое надрукавала негатыўную рэцэнзію, змешвалі з брудам аўтараў артыкулаў у інтэрнэце, нават тэлефанавалі дадому і г.д. Дзеля чаго псаваць нервы на такіх людзей, калі пераканаць іх у нечым немагчыма? Прасцей абмінаць іх увагай.

Калі адсунуць убок названыя катэгорыі, высвятляецца, што можна пісаць пра жывых класікаў, адэкватных “сярэдніх” творцаў або пра пачаткоўцаў. А такіх не так ужо і шмат.

 

Якая літаратура – такая і крытыка

Няма сумненняў у тым, што агульная сітуацыя ў прыгожым пісьменстве непасрэдна ўплывае на стан крытыкі. Слабая крытыка можа існаваць адначасова з моцнай літаратурай (напрыклад, калі годных аналітыкаў не хапае або яны належным чынам не ацанілі і не ўсвядомілі маштаб новых твораў). А вось адваротная сітуацыя амаль немагчымая. Літаратурны журналіст можа зрабіць штучны піяр слабаму празаіку або “раздзьмуць” веліч творчай асобы. Літаратуразнаўца можа паглыбіцца ў слаўнае мінулае. Але крытык мусіць аналізаваць аповесці, апавяданні, паэмы, якія друкуюцца на старонках часопісаў або з’яўляюцца на паліцах кнігарняў. І вышэй за ўзровень, зададзены самім пісьменнікам, крытык, як бы ні намагаўся, скокнуць не можа. Калі ён зробіць гэта, дык гаворка пойдзе пра яго самастойную творчасць (напрыклад, эсэістыку), але ніяк не літаратурную крытыку.

Між тым агульная сітуацыя ў беларускай літаратуры застаецца складанай. Так, у ёй, безумоўна, ёсць невялікая колькасць вельмі моцных творцаў, якія задаюць высокую планку. Менавіта з імі праз гады будзе асацыіравацца сённяшні час. Але праблема ў тым, што назіраецца катастрафічнае размыванне так званага пісьменніцкага “сярэдняга класа”. Маю на ўвазе творцаў, якія з цікавасцю чытаюцца сучаснікамі, але праз гады застаюцца толькі ў гісторыі і ў праграмах для філалагічных факультэтаў.

Нездарма існуе тэрмін “паэты пушкінскага часу” або “пісьменнікі чэхаўскага часу”. Менавіта ўзровень іх сачыненняў стварае глебу, робіцца фундаментам для працы будучых класікаў. Але той фундамент не надта надзейны, бо апошнім часам назіраецца імклівае асяданне грунту.

Моцная крытыка не можа існаваць без выдатных твораў літаратуры.

 

***

Што можа выратаваць крытыку ці хоць крыху змяніць агульную сітуацыю? Зразумела, непараўнальна больш высокі прэстыж і сацыяльны статус самой крытыкі. І вядома, фінансавы стымул, а значыць, грошы! У якасці прыкладу згадаем прэмію імя Ежы Гедройца. Як толькі гаворка пайшла пра сур’ёзнае спаборніцтва і годную суму для пераможцы, творамі, што ўвайшлі ў лонг-ліст і шорт-ліст, зацікавіліся многія СМІ, а крытыкі пачалі пісаць рэцэнзіі. Да таго ж калі прэмія будзе ўручацца штогод, гэта стымулюе пісьменнікаў пісаць прозу.

Атрымліваецца, што з’яўленне прэміі часткова вырашыла дзве з пяці праблем, а таксама стварыла перадумовы для пераадолення трэцяй. А значыць, не ўсё так безнадзейна.

 

Дзяніс Марціновіч