Пяць тэндэнцый мінскага тэатральнага сезона

02.07.2013 Тэатр

Сталічны сезон 2012-2013 няўхільна набліжаецца да завяршэння. Асобныя калектывы ўжо сышлі на летнія вакацыі, у іншых даігрываюцца апошнія спектаклі, а акцёры збіраюць валізкі для адпачынку. Час падвесці вынікі сезона, якія сведчаць пра пяць тэндэнцый.

 

Малая колькасць прэм’ер

 

Як вы лічыце, колькі прэм’ер мусіць паказаць тэатр за год? Зразумела, у кожным калектыве свая сітуацыя. Напрыклад, у наступным сезоне ў міланскім “Ла Скала” будзе пастаўлена 10 новых опер, маскоўскі Вялікі тэатр запланаваў 7 прэм’ер. Вы лічыце, гэта прыхамаць багацеяў? Але нават Рускі тэатр Эстоніі, бадай, не самы багаты калектыў, у адным з мінулых сезонаў прапанаваў гледачам 5 новых спектакляў (у асабістай размове з аўтарам гэтых радкоў адзін з акцёраў сцвярджаў, што ідэальная лічба — 7-8 новых пастановак). На маю думку, 5 прэм’ер за сезон — гэта мінімальны паказчык, які дазваляе і трымаць у творчым тонусе трупу, і займаць у пастаноўках большасць акцёраў, і ўвогуле знаходзіцца ў цэнтры, а не на перыферыі культурнага жыцця.

Узнікае пытанне, якім жа чынам фармуецца бюджэт тэатраў, якія могуць дазволіць сабе столькі пастановак? Пяць гадоў таму, калі я як турыст завітаў у Аўстрыю, я трапіў на экскурсію ў Венскую оперу. Паводле слоў супрацоўніцы, якая вяла экскурсію, адну траціну агульнай сумы складае дапамога спонсараў, другую — грошы, атрыманыя ад дзяржавы, і трэцюю — тое, што зарабляе тэатр. Пазней даводзілася сустракаць звесткі пра такія ж суадносіны ў працы іншых заходніх калектываў.

У Беларусі, дзе такая мадэль не працуе, ільвіную долю грашовых паступленняў забяспечвае дзяржава. Не сакрэт, што візітнай карткай краіны з’яўляецца Нацыянальны тэатр оперы і балета, які атрымлівае належнае па айчынных мерках фінансаванне. Вынік адпаведны — 8 прэм’ер за мінулы сезон (з іх дзве — новыя рэдакцыі)! Усе астатнія тэатры паказалі чатыры прэм’еры і менш (асобныя калектывы — па адной ці дзве). Зразумела, у кожнага тэатра былі ўласныя суб’ектыўныя прычыны для такога выніку: у Тэатры юнага гледача і ў Маладзёжным працягваецца капітальны рамонт будынка, у Купалаўскім ён толькі завяршыўся і г.д. Але галоўная прычына не надта вялікай актыўнасці — у памеры дзяржаўнай падтрымкі. Калі яна сціплая — вынік адпаведны.

 

Ігнараванне фестывальнага фармату

 

Большасць спектакляў, арыентаваных на фестывалі, заўжды сустракае супраціўленне кансерватыўнай часткі глядацкай аўдыторыі. “Дзеля чаго ставіць у тэатры пастаноўкі для эстэтаў? — спытае звычайны наведвальнік. — Можна паглядзець добрую камедыю, слязлівую меладраму або ўбачыць класіку. А тут на сцэне адбываецца невядома што!” Але навошта тады дзяўчыне вечаровая сукенка, калі дома ёсць тры халаты на выбар? Кожная тэатральная “вопратка” да месца ў пэўны час і пэўнай сітуацыі. Менавіта па фестывальнай прадукцыі (а зусім не па бягучым рэпертуары) складваецца ўяўленне пра ўзровень развіцця тэатра ў пэўнай краіне ці горадзе.

Адна з галоўных праблем сталічных тэатраў у тым, што большасці з іх проста няма чаго паказваць за мяжой. Пры гэтым дамовімся, што не будзем усур’ёз разглядаць перамогі на фестывалях ў асобных правінцыйных расійскіх і ўкраінскіх гарадах, дзе любы прывезены спектакль успрымаецца як апошняе слова ў мастацтве. Адзіным калектывам, які стабільна выпускае прадукцыю еўрапейскага фестывальнага ўзроўню, з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. За апошні сезон яго спектаклі “Адвечная песня”, “Драй швэстэрн”, “Чайка. Вопыт прачытання”, “Чароўныя падарункі” паказваліся на фестывалях у Бельгіі, Расіі, Украіне, Польшчы. Тут можна казаць аб прадуманай стратэгіі. А вось у іншых тэатрах фестывальныя спектаклі — хутчэй выключэнне, чым правіла (напрыклад, у рэпертуары Купалаўскага да іх належаць хіба толькі “Офіс” і “Вяселле”).

Нават калі максімальна пашырыць крытэрыі для патэнцыйнага фестывальнага спектаклю, да гэтага тыпу можна аднесці лічаныя пастаноўкі гэтага сезона. Сярод дзяржаўных калектываў — “Дзяды” і “Ладдзя Роспачы” у Лялечным, “Дажыць да прэм’еры” і, магчыма, “Бегчы з Эльсінора альбо Гамлет навыварат” у РТБД, “Метамарфозы” і, магчыма, “Зала чакання” ў Оперным. З недзяржаўных калектываў — “Латэнтныя мужчыны” “KorniagTHEATRE” (як, бадай, і большасць пастановак Яўгена Карняга), а таксама “Дзяды” “Тэатра Ч” (фестывальнае жыццё апошняй пастаноўкі ўжо пачалося). Хтосьці павялічыць ці зменшыць гэты пералік на адну ці дзве назвы, але агульны вынік не зменіцца. Прадукцыя мінскіх тэатраў усё ж разлічаная на вырашэнне касавага пытання, а значыць — на ўнутранага карыстальніка.

 

З’яўленне новых калектываў

 

У двухмільённым Мінску працуе каля двух дзясяткаў тэатраў. Амаль столькі ж калектываў знаходзіцца ў польскім Любліне, дзе пражывае каля 350 тысяч чалавек (у шэсць разоў меней). Зрэшты, калісьці сітуацыя была іншай. На мяжы канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў у беларускай сталіцы ўзнікла некалькі дзесяткаў тэатраў-студый. Але шэраг фактараў (перш за ўсё фінансавых) паўплывалі на тое, што амаль усе яны спынілі сваё існаванне (ацалеў толькі “Дзе-Я?”, які пераўтварыўся ў Новы драматычны тэатр).

Прыведзены факт — красамоўнае сведчанне таго, што ў Мінску не хапае тэатраў. Менавіта таму восенню і зімой (вясной і летам большасць гледачоў аддае перавагу фазэндам і лецішчам) амаль на ўсіх спектаклях (ад самых наватарскіх да самых прымітыўных) назіраецца аншлаг.

У гэтым сезоне пра сваю дзейнасць заявілі адразу некалькі калектываў. Гэта “Тэатр Ч”, які прадставіў “Дзяды”,  тэатр “Галерэя”, які паказаў некалькі музычных праектаў, канцэртаў-спектакляў, а таксама прэзентаваў оперу С. Манюшкі “Verbum Nobile”, нарэшце, “Тэрыторыя мюзікла”, у межах дзейнасці якога гледачы ўбачылі мюзікл-дэтэктыў для дзяцей і дарослых “Яхім-ліс”. Іх яднае адсутнасць як уласнага памяшкання (выступленні праходзяць на арандаваных пляцоўках), так і трупы (ролі ў спектаклях выконваць запрошаныя акцёры). Істотна, што ўсе тры калектывы імкнуцца запоўніць свабодныя нішы ў мінскай тэатральнай прасторы. Праект “Тэатр Ч” увасабляе нацыянальную ідэю праз успрыманне літоўскай рэжысуры, “Галерэя” прыцягвае аматараў камернай оперы. Што тычыцца “Тэрыторыі мюзікла”, дык у Мінску даўно існуе патрэба мець асобныя тэатры мюзікла і аперэты, якім відавочна цесна пад адным дахам Музычнага.

Далёкія перспектывы тройкі гэтых дэбютантаў пакуль незразумелыя. Ці надоўга хопіць імпэту ў арганізатараў і, што яшчэ больш істотна, грошай у спонсараў? Але ўвогуле такая тэндэнцыя не можа не выклікаць стрыманы аптымізм.

 

Замежны “сэканд-хэнд”

 

Можна доўга спрачацца, ці з’яўляецца Беларусь цэнтрам Еўропы, а Мінск — сапраўдным еўрапейскім горадам. На жаль, у дачыненні да тэатра казаць пра такое дакладна зарана. Бо статус еўрапейскага горада прадугледжвае максімальную адкрытасць, насычанае культурнае жыццё і знаёмства з апошнімі тэатральнымі навінкамі калі не ўсяго кантынента, дык хаця б рэгіёна.

Спектаклі, якія прывозілі ў Мінск у гэтым сезоне, можна падзяліць на дзве катэгорыі. Першая — прадукцыя калектываў з самой Беларусі (большасць спектакляў, паказаных падчас ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі), Расіі (гастролі драматычных тэатраў з Тулы і Тамбова) і Еўропы (Азербайджанскі тэатр оперы і балета, музычныя тэатры з Клайпеды і Каўнаса), якія нельга аднесці да бясспрэчных лідараў тэатральнага працэсу. Іх пастаноўкі могуць быць больш ці менш удалымі, але нечага новага ў інтэрпрэтацыі драматычных калізій, прынцыпах рэжысуры, тэатральнай мове яны не адкрываюць.

Другі кірунак — паказ славутых у мінулым спектакляў або выступленне асобаў з імёнамі (праект “Рускія сезоны ХХІ стагоддзя”, спектаклі Санкт-Пецярбургскага тэатра імя Леаніда Якабсона, юбілейны вечар Андрыса Ліепы, сольны канцэрт Фаруха Рузіматава). У гэтых выступленнях відавочная спроба зарабіць немаленькія грошы на сапраўды зорных выканаўцах, чый росквіт прыйшоўся на мінулыя гады. А таксама прадаць брэнды, якія ў рэальнасці больш нагадваюць запыленыя музейныя экспанаты.

Ці існавалі ў мінулым сезоне выключэнні? Перш за ўсё, ІІ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”, падчас якога мінчане ўбачылі спектаклі італьянца Рамэа Кастэлучы, паляка Крысціяна Люпы, літоўцаў Аскараса Каршуноваса і Міндаўгаса Карбаўскіса. Таксама на ІІІ Мінскім міжнародным калядным оперным форуме Сафійскі тэатра оперы і балета прадставіў вагнераўскага “Зігфрыда” (другую частку тэтралогіі “Кола нібелунга”). Падчас гастроляў Барыс Эйфман паказаў прэм’еру свайго балета “Браты Карамазавы”, а Раду Паклітару — не новы, але ад гэтага не менш цікавы “Дождж”.

Але агульны вынік не аптымістычны: на еўрапейскай карце Мінск успрымаецца як тэатральная правінцыя.

 

Ажыўленне РТБД — і агульны “застой”

 

Што такое “застой”? Гэта не толькі час стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Гэта яшчэ і перыяд, калі ведаеш: што б ты ні зрабіў, сітуацыю змяніць немагчыма. Калі акрэсліць неафіцыйную іерархію сталічных тэатраў, яе можна ўявіць у выглядзе піраміды. Прычым за апошнія гады ў ёй адбыліся мінімальныя змены, якія сведчаць пра кансерватыўнасць тэндэнцыі.

На самым версе традыцыйна знаходзіцца абсалютны лідар — Дзяржаўны тэатр лялек, які ставіць ставіў перад сабой сур’ёзныя мастацкія задачы, паспяхова іх вырашаў і прадстаўляў краіну ў Еўропе. На другім размясціўся Нацыянальны тэатр оперы і балета. Быў перыяд, калі яны ішлі поруч. Але сітуацыя ў апошнім калектыве часам выглядае як спалучэнне неспалучальнага. Калі казаць пра балет, дык гэта наватарства на новай сцэне і празмерны традыцыяналізм, калі не архаіка, на вялікай. Сітуацыя ў оперы больш стабільная і адначасова прадказальная. З аднаго боку, падаецца, што тэатр узяў пэўную планку, ніжэй за якую не апусціцца. З другога, ідучы на спектакль, загадзя ведаеш, што часцей на прэм’еры пакажуць пастаноўку рускай ці італьянскай класікі, вырашаную рэжысёрам Міхаілам Панджавідзэ ў “вялікім” стылі.

А вось за трэцяе месца ў іерархіі звыкла ідзе барацьба паміж калектывамі, якія ў цэлым не жадаюць адмаўляцца ад традыцыі, але бяруць іншым — арыгінальнымі назвамі ў рэпертуары, запрашэннем цікавых рэжысёраў і парасткамі наватарства. Гэта аздараўляе тэатральны механізм, але кардынальна не змяняе сістэму. На маю думку, у мінулым сезоне ў змаганні паміж РТБД і Музычным перамог першы калектыў. Калі закрыць вочы на няўдалыя “Тры Жызэлі”, у плюсе — наватарскае прачытанне сучаснай п’есы (“Дажыць да прэм’еры”), небанальная інтэрпрэтацыя класікі (“Раскіданае гняздо”) і своеасаблівая правакацыя (“Бегчы з Эльсінора, альбо Гамлет навыварат”). Калі да ўзроўню Лялечнага і Опернага можна прызвычаіцца, дык ажыўленне РТБД — адзін з прыемных сюрпрызаў. А вось што тычыцца астатніх тэатраў (акрамя названай чацвёркі), перафразуем Рэмарка: “На тэатральным фронце без зменаў”. І без асаблівых шансаў на тое, што ў найбліжэйшы час штосьці зменіцца.

 

Дзяніс Марціновіч