Паэтычны слэм — спаборніцтва ва ўменні не толькі пісаць вершы, але і чытаць іх са сцэны. Пры гэтым паэты павінны арыгінальна і нестандартна данесці да публікі эмоцыі, якія яны ўклалі ў свае творы.
Паглядзець на першы Купалаўскі слэм у менскім музеі Янкі Купалы назбіралася поўная заля ахвотных. Не спыніў іх нават кошт квітка ў 5 тысяч рублёў.
— Слэм — самае дэмакратычнае відовішча, бо, па-першае, гэта абсурд. Гэта тое, чаго не можа быць, бо не можа быць спаборніцтваў у паэзіі. Зразумела, што кожны паэт тут па азначэнні пераможа. Але пры гэтым будуць яшчэ адзнакі, — растлумачыў Андрэй Хадановіч, вядоўца сённяшняй імпрэзы.
Выстаўляла адзнакі журы, якое складалася з дзвюх частак. Першая — журы прафесійнае, у склад якога ўвайшлі сапраўдныя профі беларускай літаратуры: Пятро Васючэнка, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Алесь Камоцкі і Алена Мацевасян, дырэктарка Купалаўскага музэю. Другая — простыя людзі: тыя, хто прыйшоў паглядзець і паслухаць Купалаўскі слэм. Падлічвала балы Марыйка Мартысевіч.
Удзельнічаць у паэтычным спаборніцтве меліся 20 чалавек. Да месца слэму, праўда, дашлі толькі 16. Сярод іх былі як ужо вядомыя беларускія паэты (Віктар Жыбуль, Аксана Спрынчан, Вера Бурлак, Глеб Лабадзенка, Валярына Кустава, Алесь Туровіч), так і пачаткоўцы.
Спаборніцтва складалася з трох частак — папярэднія чытанні, паўфінал і фінал.
— Фінал прадугледжвае не толькі маральныя ўзнагароды, вашыя апладысменты, так што, сцяўшы зубы, паэты будуць праяўляць волю да перамогі, — адзначыў Андрэй Хадановіч.
У перапынках паміж часткамі слэму прысутных забаўляў гурт “Босае сонца”.
Было шмат эфектных выступаў — нехта лаяўся матам, нехта распранаўся, нехта заганяўся на падлозе. Але галоўнае — гэта ўсё ж паэзія. Журы пастаралася не забывацца на гэта. Урэшце ў фінале з трэцім месцам апынулася Аксана Спрынчан, з другім — Валярына Кустава, а пераможцам стаў Віктар Жыбуль.
— Я б, можа, тут і не ўдзельнічаў бы, але мяне вельмі папрасілі. Вось так пасля сваёй першай перамогі я вырашыў, што наўрад ці буду надалей удзельнічаць у беларускіх слэмах, а буду толькі ў міжнародных, — адзначыў пераможца.
Кожны з удзельнікаў слэму атрымаў адмысловы медаль з выявай Янкі Купалы.
Вось што мяркуюць пра сённяшнюю імпрэзу, названую ў гонар Янкі Купалы, удзельнікі журы і арганізатары:
Андрэй Хадановіч:
Спадзяюся, што з Купалам усё ў парадку. Памяць пра паэта жыве, пакуль ім натхняюцца. Нават калі камусьці сёння пародыя на Купалу не ўдалася, Купалы ад гэтага не паменела. А тое, што з дзесятак класных літаратараў пачыталі сёння пад сенню бронзавага Купалы… Хораша і яму, хораша і нам. Мне спадабалася, што з’явілася новая, актуальная пляцоўка. Людзі не проста будуць хадзіць нюхаць пыл у музеі, а актуальна самавыяўляцца.
Пятро Васючэнка:
Купала валодаў, па-першае, пачуццём гумару, па-другое, любіў літаратурную моладзь. У свой час “маладнякоўцы” былі не менш хуліганістыя, чым некаторыя сённяшнія маладыя паэты. Я думаю, што Купала з усмешкай успрыняў бы і гумар, і некаторыя палітычныя хуліганствы.
Ларыса Рублеўская:
Не трэба лічыць, што Купала і пры жыцці быў такім бронзавым і задуменным. Насамрэч, у 20—30-я гг. паэтычны Менск быў яшчэ куды больш бурлівы, правакацыйны, эпатажны, чым сёння мы можам сабе ўявіць.
Сённяшні паэтычны слэм — не апошні:
— Усе, каму сёння падалося мала вершаў, мала слэму, прыходзьце на яшчэ адзін беларускі слэм. Ён адбудзецца 30 красавіка. Абвесткі можна знайсці ў інтэрнэце. Вядоўцамі выступяць Маргарыта Аляшкевіч і Віка Трэнас, — абвясціла напрыканцы вечарыны Марыйка Мартысевіч.
На фота:
1. Публіка выстаўляе балы
2. Андрэй Хадановіч вядзе імпрэзу
3. Журы – Пятро Васючэнка, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, дырэктарка музею Алена Мацевасян, Алесь Камоцкі
4. Марыя Мартысевіч і Андрэй Хадановіч падлічваюць балы
5. Вера Бурлак
6. Спявае “Босае сонца”
7. Сярж Мядзведзеў
8. Валерыя Кустава
9. Аксана Спрынчан
10. Віктар Жыбуль