Першыя акорды “Бардаўскай восені” прагучалі ў Мінску

28.09.2009 Музыка

Конкурсны адбор музыкаў – прадстаўнікоў Беларусі на традыцыйным фэсце аўтарскай песні “Бардаўская восень-2009” сабраў шэраг бардаў і гуртоў ў мінскай кавярні “Лісіная нара” ў нядзелю 27 верасня.

Вядоўца імпрэзы:

– Першыя акорды “Бардаўскай восені” мы пачуем ужо сёння.

Музычны фестываль “Бардаўская восень”, які распачаўся ў 1991 годзе, ужо стаў традыцыйнай падзеяй для беларускай музычнай культуры. Фестываль ладзіцца ў горадзе Бельску-Падляскім, што на Беласточчыне. У розныя часы на яго сцэне выступалі Лявон Вольскі, Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Кася Камоцкая, Андрэй Мельнікаў.

Арганізатар канцэрту-адбору ўдзельнікаў Алесь Зайцаў:

– Першым крытэрам адбору музыкаў-удзельнікаў быў беларускамоўны варыянт тэксту асабістага аўтарства, за выключэннем выканаўцаў, якія спяваюць песні на вершы класікаў беларускай паэзіі. Другі крытэр – поўнагадовы ўзрост.

У пачатку свайго існавання фестываль перадугледжваў класічны варыянт выканання бардаўскай песні. З цягам часу агульны фармат фэсту пашыраецца, на яго сцэну трапляюць маладыя выканаўцы з новым бачаннем бардаўскай песні. Сёлетні арганізатар конкурснай праграмы адбору – малады музыкант з гурта “Босае сонца”.

Алесь Зайцаў:

– Конкурснай праграмай я займаюся ўпершыню ў гэтым годзе, я бачу відавочную адррозненне сёлетніх выканаўцаў ад тых, якія былі нават у пазамінулым годзе. Нельга сказаць, што гэта было горш ці лепш, проста па-іншаму. Тое, што сёння сабралося шмат людзей, добра паказвае, што фестываль развіваецца ў запатрабаваным, актуальным кірунку.

Рознастылёвасць агульнага музычнага кантэксту вечарыны паўплывала на колькасць наведвальнікаў. Выступоўцы ледзь праціскаліся між сваімі слухачамі, каб трапіць бліжэй да сцэны. Стыль музыкі скакаў ад фольку да року, ад рэгі ў выкананні гурта “Рэха” да сцёб-року ад Знарока.

Гурт “ZnaROCK”:

– Мы выраслі на такіх замечацельных людзях як Разэнбаўм і Міша Круг.

Сярод наведвальнікаў можна было сустрэць волатаў беларускай бардаўскай песні.

Зміцер Бартосік:

– Апошні раз я быў на “Бардаўскай восені” ў 1996 годзе. Фэст змяніўся вельмі выразна. Ён не змяніўся ў горшы бок, але размываецца жанр. Можа, варта сумаваць, можа, радавацца. Я – традыцыяналіст, і бардаўская песня – гэта перш за ўсё чалавек і гітара.

Сярод маладых выступоўцаў таксама былі прыхільнікі класічнага варыянту бардаўскай песні.

Міхал Бараноўскі:

– На мой погляд, фестываль ператвараецца ў выступы гуртоў. Гэта таксама класна, бо толькі чалавека з гітарай слухаць цяжка. Але шмат хто з выступоўцаў у фармат аўтарскай песні не трапляе.

За права выступу на “Бардаўскай восені” змагаліся Уладзімір Козічаў, дуэт “Скрыжалі”, гурт “Рахіс”, дуэт “Неяк так яно”, гурт “Rostra” ды інш.
Абірала будучых удзельнікаў фэсту журы ў складзе Лявона Волькага, Міхала Анемпадыстава і арганізатара фестываля Ігара Лукашука.

Міхал Анемпадыстаў:

– Гэты фестываль у першую чаргу прапагандуе беларускае слова і паэзію, таму часам даводзілася адмаўляць выступоўцам, цікавым у тэхнічным плане, і аддаваць перавагу тым, хто больш упісваецца ў дадзены фармат.

Журы ўмоўна падзяліла прэтэндэнтаў на перамогу на дзве групы: сольныя выканаўцы і гурты.

Сярод сольных выканаўцаў паехаць на фестываль у Бельску атрымалі магчымасць Міхаіл Бараноўскі, Павел Кузіч, Максім Знак, Дзяніс Філіпенка.

Сярод гуртоў: “ZnaROCK”, “Рэлікт” і “Рэбус Нялішніх”.

Вечарына скончылася выступам Лявона Вольскага, які праспяваў некалькі песняў з “Народнага альбома”, а таксама выканаў адну з новых, яшчэ невядомых кампазіцый.

Тэгі: