“Rebe Skrypa” — новы сольны праект Сяргея (Скрыпы) Скрыпнічэнкі

21.01.2009 Музыка

Сяргей (Скрыпа) Скрыпнічэнка вядомы найперш як лідэр гурту “žygimont VAZA”. Чарговай, не-жыгімонтаўскай працай Скрыпы стаўся альбом “Rebe Skrypa”, запісаны і зведзены напрыканцы 2008 году. Па словах аўтара, ідэя ўзнікла выпадкова, падчас штодзённых шпацыраў побач з сінагогай. У галаве пачалі круціцца пэўныя габрэйскія тэмы, якія захацелася неяк аб’яднаць і запісаць. Гэта як традыцыйныя “Hava Nagila” і “7.40”, так і кампазыцыі, створаныя самім музыкам. Першапачаткова іх меркавалася выконваць у стылі Shred Metal. Але з цягам часу было вырашана радыкальна пераасэнсаваць усю візію альбому, бо сорак хвілін гітарнага пілілава на блізкаўсходнія тэмы — рэч вельмі аднастайная і нецікавая.

У выніку гэткага пераасэнсавання быў запісаны альбом з дзевяці кампазіцый, сярод якіх “уласна габрэйскіх” — толькі тры. Гэта згаданыя “Hava Nagila” і тытульная “Six-Day War”, выкананыя ў цяжкарокавым ключы. Штопраўды, традыцыйная «7.40» гучыць зусім не традыцыйна. У версіі рэбе Скрыпы слухач адчуе рэха Амерыкі пачатку 1960-х — эпохі сёрфу. Дый сама назва кампазіцыі значна змянілася: “7,40 mm GUN (Once Upon A Time In The Wild East)”. Таксама слухач робіцца сведкам таго, як аўтар вяртаецца ў час уласнага юнацтва (“When I’m Sixteen”, “School Times Blues”) альбо звяртаецца з рамантычнымі баладамі да сябровак (“Gitana”, “Zoja”). Разважлівага, па-філасофску глыбокага Скрыпу часоў “ContraБанды” і “Fire King’s Diary” мы чуем у “Calm Day”, а таксама ў прысвячэнні жонцы і сыну — “Sleeping Angels”.

Альбом выкладзены для бясплатнага сцягвання на афіцыйным сайце групы “žygimont VAZA” (www.zygvaza.net). Па словах аўтара, падобная практыка застанецца й найдалей. Усе новыя запісы — як ад “žygimont VAZA”, так і ад “Skrypa MX” — будуць не выдавацца на CD, а выкладацца ў сеціве.

У пазажыгімонтаўскіх планах Скрыпы — заканчэнне альбомаў “Fire King’s Diary” і “Blues Mood” — пад шыльдай “Skrypa MX”, а таксама альбом “Сталёвая папараць” — своеасаблівае “балцкае фэнтэзі”; яно выйдзе пад маркаю “ТУР”. Выхаду за межы канцэпцый “žygimont VAZA”, між іншым, спрыяла сталае пашырэнне ўласнае студыйнае базы. Гэта дазваляла змяншаць залежнасць ад паслуг старонніх студый і гукарэжысёраў, што, у сваю чаргу, пакідала больш часу для даводкі і ўдасканальвання матэрыялу.