15 снежня – дата афіцыйнага рэлізу дыска ўнікальнага праекту грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і інтэрнэт-партала «Тузін Гітоў». Прэзентацыя дыска «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» адбудзецца ў мінскім Loft-cafе. У ёй возьмуць удзел стваральнікі праекту – прадстаўнікі кампаніі “Будзьма беларусамі!” і партала “Тузін Гітоў” і адзін з яго ўдзельнікаў – Алег Скрыпка. Спецыяльны падарунак гасцям – этна-дыскатэка ад лідара гурта «Воплі Відаплясава», арганізаваная кампаніяй «Будзьма беларусамі!».
Праца над праектам «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» распачалася ўвесну 2010-га. Цягам года былі праведзеныя перамовы з больш чым 70 вядомымі замежнымі выканаўцамі, якія маюць беларускія карані альбо сяброўскія пачуцці да нашай краіны. Па выніку атрымалася эксклюзіўная складанка з 12 беларускамоўных хітоў у выкананні камандаў з Расіі, Украіны, Малдовы, Нямеччыны, Швецыі, Бельгіі, Нарвегіі.
Такі музычна-лінгвістычны эксперымент спадабаўся як слухачам, так і самім музыкам. «Лічу, што ўсё атрымалася. Тыя, хто чуў маю песню ў беларускім варыянце, былі ў поўным захапленні. Думаю, што абавязкова буду яе выконваць на канцэртах у Беларусі», – кажа заслужаная артыстка Расіі Алёна Свірыдава, якая праспявала для праекту кампазіцыю «Пакуль» у перакладзе Андрэя Хадановіча.
«Мы рабілі свой твор з вялікай шчырасцю, бо мне падабаюцца беларусы і беларуская культура, мне падабаецца ваша краіна. Таму мы з задавальненнем далучыліся да падтрымкі беларускай мовы і песні», – заяўляе ўдзельнік праекту Алег Скрыпка.
«Воплі Відаплясава» якраз збіраюцца выканаць ужывую беларускую «Краіну мрой» на сольным канцэрце ў Мінску 14 снежня. У Палацы рэспублікі Скрыпку можна паслухаць, а на наступны дзень у Loft-cafe разам з ім можна патанчыць. На просьбу кампаніі ўкраінскі выканаўца вырашыў застацца яшчэ на дзень у беларускай сталіцы, каб пабываць на афіцыйнай прэзентацыі дыска «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2».
Прэс-канферэнцыя з нагоды выхаду дыска «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» адбудзецца 15 снежня ў 17.00. Акрэдытавацца можна па тэл. +375 29 3948204 (Алесь Плотка, прэс-сакратар кампаніі «Будзьма беларусамі!»).
Этна-дыскатэка ад Алега Скрыпкі пачнецца 15 снежня ў 19.00 у Loft-cafе (вул. П. Броўкі, 22). Колькасць квіткоў на продаж абмежаваная. Тыя, хто набудзе першыя 30 квіткоў, атрымаюць у падарунак эксклюзіўную складанку «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». Даведкі па тэл. 638-4444 (Velcom, MTC, life).