Чарговы фэст “Рок па вакацыях”, хоць і з больш чым месячнай затрымкай, адбыўся ў новым клубе Re:Public. Вялікай радасці ад наведвання і ўдзелу ў сёлетнім фэсце не было відаць. Музыкі наракалі на кепскі гук, гледачы — на адсутнасць ежы ў меню клуба і задарагое піва, а ўсе разам — на неймаверны холад… У клубе было не нашмат цяплей, чым на вуліцы.
“Прывітанне, нацыя! Гэта “Рок па вакацыях”!” — звярнуліся да гледачоў вядоўцы фестывалю з 18-гадовай гісторыяй Алесь Плотка ды Іна Кашырына. Пакуль яны тлумачылі, што мерапрыемства праводзіцца дзеля школьнікаў, “якія сустракаюцца пасля вакацый” і яго галоўная мэта — “нефармальныя адносіны між моладдзю”, аграмадная зала пакрысе напаўнялася. У выніку клуб, больш падобны да старога закінутага кінатэатра, напоўніўся працэнтаў на дзесяць.
Распачалі Akute, якія ледзьве даігралі да канца свой першы трэк “Адшукай” праз праблемы з гукам — свіст быў такі, што ўсе вакол затыкалі вушы, а вакаліст Стас Мытнік адышоў ад мікрафона і прапусціў прыпеў. Высілкамі свайго гукарэжысёра магілёўцы больш-менш нармалізавалі сітуацыю, але ўражанне ўжо трохі сапсавалі. На шостым творы вырашылі скончыць сэт: “Гэта апошняя песня, шос-тая. Шчасця вам”, — з сумам прамовіў басіст Рома Жыгараў. Здаецца, музыкі самі былі шчаслівыя, што гэты сэт скончыўся.
Akute
Разагрэць падмёрзлую публіку намагаўся гурт No comment band, які выконвае рок у яго рэстаранна-вясельным варыянце. На спевы і прамовы вакаліста Мацвея Купера публіка рэагавала слаба, але музыкаў, падобна да таго, гэта мала хвалявала. “Хто верыць у магію?” — беспаспяхова пытаў у залы Мацвей. “Хто, …ляць, верыць у магію, я пытаю!” — працягваў гукаць ён. “Хто сказаў “так”, гэта песня для вас”, — падсумаваў музыка, нічога не пачуўшы ў адказ.
No comment band
Першым гуртом на фэсце, які прывіталі сардэчна і адпускаць не хацелі, быў “Петля пристрастия”. Ілля Чарапко да хібаў гуку ды малалікасці публікі паставіўся па-філасофску: “У жыцці заўжды нечага не стае. Затое мы можам рабіць што захочам, і ў мяне такое адчуванне, што мы можам папсаваць вам мозг”, — заявіў ён і паказаў пад першую песню свой новы шызафрэнічны танец. “Вариантов ноль, вариантов нет!” — разрываўся вакаліст, выпіўшы чарку, пададзеную з танцпляцу. Потым Ілля пайшоў задам наперад п’янай хадой ды паваліўся на сцэну. “Давайце наступны канцэрт лежачы сыграем”, — прапанаваў ён сваім музыкам. Гледачы ледзь адпусцілі сваіх улюбёнцаў. Вядоўцы суцішылі залу толькі тым, што паабяцалі хуткі выхад гурта “Кассиопея” з Іллём жа на вакале.
Петля пристрастия
Праграму працягнула група ZM99, якая пасля свайго рэбрэндынгу змяніла не толькі назву, але і мову выканання. Некалькі новых песняў вакалістка Зоя заспявала па-руску. “Нешта гук лятае”, — заўважала яна між песнямі (пра кепскі гук сказалі ўсе выступоўцы без выключэння). Зоі ў дзень канцэрту споўнілася 30, так што настрой у яе быў прыўзняты. Павіншаваць яе вырашыў і лідар гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч, які выйшаў на сцэну ды выканаў з ёй разам песню “Время распрощаться”, а потым абняў ды расцалаваў.
Аляксандр Кулінковіч
Мусіць, каб не даймалі хібы гуку, гурт “Кассиопея” вырашыў напіцца. “Даганяліся” музыкі непасрэдна на сцэне, між песнямі. “Знакомьтесь, это он — знатный комбайнёр”, — крычаў са сцэны Ілля, апрануты ў гарнітур. Ён ледзьве стаяў на нагах, але тэксты выдаваў спраўна, не забываючы словаў. Яму акампаніявалі блазан-гітарыст у чырвона-зялёных ласінах ды дзіўнаваты клавішнік Ліберзон, які бегаў туды-сюды і моцна нагадваў Алега Гаркушу. Ролю робата-камбайнёра вырашыў выканаць Міхей Насарогаў з Rockerjoker, які ўскараскаўся на сцэну ды выдаў некалькі няпростых па.
Кассиопея
“Нездарма кажуць, што 90-я вяртаюцца. Такога лайна я даўно не бачыў: выходзяць п’яныя ды комбікі ламаюць”, — заўважыў у час настройкі наступны выступоўца, напісаны на афішах як Kull Orchestra. Аляксандр Кулінковіч яўна намякаў на “Кассиопею”, пасля якой доўга давялося наладжвацца. Дзеля выступу на “Року па вакацыях” Neuro Dubel вымушаны быў часова змяніць назву, каб у арганізатараў не было праблемаў і канцэрт адбыўся. Але лідар “дзюбялёў” моцна пашкадаваў, што пагадзіўся выступіць у Re:Public. Гук плаваў — і песні гурта гучалі нібы з бочкі. “Дырэкцыя клуба толькі што даведалася, што мы забароненыя, таму мы сыходзім, — паведаміў са сцэны Кулінковіч і з роспаччу дадаў: — Пайшлі ўсе нах, мы больш не будзем мяняць назву”. Падчас выканання яго апошняй песні ў зале ўключылі святло, намякаючы, што музыкам варта скончыць. Мусіць, на гэтай пляцоўцы адну з найлепшых беларускіх рок-каманд больш не пабачаць.
Drum Ecstasy
Re:Public не прайшоў тэсту. Менш за ўсё тут думаюць пра гледачоў і музыкаў. На жаль, альтэрнатывы гэтаму клубу ў Мінску пакуль няма.
Сяргей Будкін, фота Аляксандра Ждановіча (Tarantino).