На хутары «Шаблі» прайшоў чарговы яркі і маштабны фестываль.
Другі па ліку «Пікнік» сапраўды стаў самай галоўнай музычнай падзеяй года. Больш за 20 гуртоў, 2 сцэны, мноства зон актыўнага адпачынку, больш за дзве тысячы чалавек, якія наведалі хутар за тры дні фестывалю – усё гэта, вядома, уражвае і «стварае ўражанне мерапрыемства еўрапейскага ўзору», як гэта прынята казаць пра цікавыя, але рэдкія для Беларусі імпрэзы. Аднак куды больш уражвае … хм, хутчэй здзіўляе думка, што хутар «Шаблі», прыватная аграсядзіба – гэта, па сутнасці, адзінае месца ў краіне, дзе магчымыя такія рэчы, як «галоўная музычная падзея года» і «мерапрыемства еўрапейскага ўзору». Атмасфера свабоды і прывабнае прасоўванне тэмы агратурызму – усё туды ж.
Забаўная думка, так? Тое, што «Шаблі» – цудоўнае месца, было відавочна заўсёды. Як, зрэшты, заўсёды былі відавочныя прычыны, па якіх немагчыма правядзенне падобных фестываляў у сталіцы. Але тысячам прыхільнікаў незалежнай музыкі не складана дабрацца на канцэрт і за 100 кіламетраў ад Мінска. Тым больш, што сёлета праграма фестывалю стракацела не толькі імёнамі выканаўцаў і гуртоў, але і відамі актыўнага адпачынку: на фестываль ехалі не толькі слухаць музыку, але і адпачываць, тусавацца, камунікаваць з сябрамі, гуляць ў разнастайныя летнія гульні, загараць і проста нічога не рабіць самым прыемным чынам, прытым у адным з самых маляўнічых куткоў нашай краіны. Увогуле, «Пікнік» самы сапраўдны!
І з надвор’ем пашанцавала. Нават больш за тое: тэмпература за 30С і мінімум ценю каля галоўнай сцэны. Але ні адлегласці, ні невыносная спякота не палохалі апантаных прыхільнікаў Monkey Bite, «Касіяпеі», «Чырвоных зорак» і групы «Чэрчыль», якія рапачыналі канцэрт на галоўнай сцэне. Дарэчы «Чэрчыль» – гэта «падабрэлы» і пашыраны RockerJoker, які, зрэшты, моцна не змяніўся: яго хвалююць усё тыя ж тэмы і гучанні. Затое ў «Касіяпеі» здарылася прэм’ера новага гарнітурнага трыа: група прыбралася ніндзямі з фільма «Хон Гіль Дон», і гэтай тонкай стылізацыяй ўразіла публіку і пераўзышла свае звыклыя ўжо маскарадныя дзействы.
На сцэне «Жывы Тузін» (другой сцэне, арганізаванай пры падтрымцы партала Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі!») разагравалі і без таго разгарачаную публіку «Князь Мышкін» і найбольш вядомыя сёння паэты: Віталь Рыжкоў, Кацярына Зыкава, Антон Рудак, Цімур Хоміч, Уладзь Лянкевіч, Ася Волкава, Андрэй Хадановіч. Паддаваў парку «Нагуаль», і дасмажвалі на павольным, але вельмі гарачым агні Guda.
Насамрэч, народ не так моцна пакутаваў ад спякоты, як можа здацца: нягледзячы на спёку, дарослыя людзі насіліся па палях, ловячы фрызбі і запускаючы паветраных змеяў, яны жмурыліся на сонца, гуляючы ў бадмінтон і пазіруючы адзін аднаму на камеры тэлефонаў. Яны танчылі пад рытмы барабанаў «бразільскай вёскі», і сёй-той нават спрабаваў сур’ёзна захапіцца ёгай.
Дарэчы «Бразільская вёска» ад школы капаэйры FICAG стала адной з самых папулярных зон адпачынку. Ну, вядома ж, не лічачы паляны перад тэлеэкранам з трансляцыяй фінальнага матчу Еўра-2012, але пра гэта крыху пазней. Дык вось наведнікі «Пікніка» не на жарт уцягнуліся ў рытмы «афра-браза». Ім прапаноўвалі ўбачыць (і нават паспрабаваць) капаэйру – імправізаваную гульню, барацьбу-танец з жывой музыкай і песнямі; макулеле – афра-танец з мачэтэ; самбу-рэгі – танец пад рытмы барабанаў; батукады – гульню на бразільскай перкусіі. Увогуле, усё, пра што марылі, але саромеліся спытаць. Менш актыўныя спрабавалі сябе ў ёзе ў адмысловай зоне, арганізаванай пры падтрымцы часопіса «Yoga + Life». А зусім маларухомыя далучаліся да курыльнага настрою, створанага мінскай «Кальяннай № 1», якая даставіла на “Пікнік” каля дваццаці кальянаў і ўсе цуды, якія да іх належаць.
А ў гэты час сёй-той прахалоджваўся ля рэчкі і непасрэдна ў ёй. Здавалася, абсалютна ўсе знайшлі сабе занятак па душы. Здавалася, усім было цікава. Дарэчы, у звыклай тусоўцы тых, хто штогод ездзіць у «Шаблі» на фестывалі, сёлета з’явіліся новыя асобы. І, мяркуючы па ўсім, яны прыехалі, у першую чаргу, весела прабавіць час, ну і заадно далучыцца да невядомай ім музыкі, што, зрэшты, таксама выдатна.
Сярод гледачоў былі свае героі: знакаміты аўтар радыё «Говорящие помидоры» Тата Памідор дабраўся да хутара з Мінска на ровары (нагадаем, гэта 100 км) – гонар яму і хвала за тое!
Здаецца, да вечара спякота стала спадаць, але майкі наведнікаў фестывалю зноў не прасыхалі: на сцэнах зайгралі Akute, The UNB, Pomidor / off і «Гаротніца». Памідораў яшчэ неяк пашкадаваў публіку, адыграўшы напаўакустычны-напаўпанкаўскі сэт, затое Akute палілі неміласэрна. А аркестр «Гаротніца» і зусім стукнуўся ў панкаўскую маладосць.
На заслужаны адпачынак гледачы выйшлі на выступе Паліны Рэспублікі. Паліна – наша ўсё! Выступаючы на другой сцэне, яна сабрала ўражлівую колькасць удзячных слухачоў і нават прымусіла адарвацца ад экранаў тых, хто ўжо ўцягваўся ў футбольны матч, які вось-вось меў адбыцца.
На ашаламляльным эмацыйным кантрасце прайшло адначасовае выступленне Настассі Шпакоўскай і гурта Botanic Project. Апошнія паднялі на ногі ўсе пагоркі, што узыходзілі ад галоўнай сцэны: танцаваць кінуліся нават тыя, хто, здавалася, ужо быў ўладкаваўся на начлег ля вогнішча. Суперская група! І яе выступ быў настолькі яркім і якасным, што па сіле ўражанняў мог бы завяршыць фестываль у якасці хэд-лайнераўскага выступу. І прытым, што Клім, адзін з двух вакалістаў, гэтым разам спяваў за дваіх.
Але ніякія пазітыўныя регійныя слабыя долі не змаглі адарваць гледачоў, закаханых у задуменныя грузнячкі, ад сцэны, дзе спявала Наста Шпакоўская. Гэта, мабыць, быў самы паказальны момант фестывальнай канцэртнай праграмы – наведнікі «Пікніка» выразна падзяліліся на групы: хтосьці слухаў вось такую музыку, а хтосьці зусім ёй супрацьлеглую, хтосьці неадрыўна сачыў за футбольным матчам, а хтосьці з музыкі і футбола выбіраў стасункі з сябрамі.
З надыходам цемры ўсе ажывіліся яшчэ больш, падцягнуліся да сцэнаў, работу якіх зачынялі гурты HandMadE, «Разбітае Сэрца Пацана» і кабарэ-бэнд «Серебряная Свадьба». А «Пікнік» працягваўся да самай раніцы: адразу па завяршэнні жвавага і па-свойму мілага хуліганскага выступу «Серебряной свадьбы», адчыніў дзверы самы модны клуб хутара «Сарай», дзе пачалося самае сапраўднае начное жыццё з рок-караоке ад Іллі Маліноўскага і дыджэйскімі сэтамі ад таты Бо, Каці Пытлевай і іншых выдатных людзей.
«Пікнік» працягваўся і на наступны дзень, і, думаецца, тыя, хто застаўся начаваць у намётах, знайшлі, чым заняцца ў адным з самых маляўнічых куткоў нашай краіны.
Ганна Трубачова, фота Аляксандра Tarantino Ждановіча