«Шчасьце» – Akute перарабілі на рэп-манер (mp3)

18.01.2012 Музыка

SP Kava і гурт Akute прадстаўляюць праз «Тузін Гітоў» сумесны інтэрнэт-сынгл «Шчасьце». Як прызнаецца рэпер, у яго зьявілася жаданьне працягнуць тую думку, якую ён пачуў у арыгінальнай вэрсіі твору. Раман Жыгараў з Akute кажа, што заўжды станоўча ўспрымаў экспэрымэнты па спалучэньню розных стыляў: «У выпадку з трэкам SP Kava я нават ня думаў, што так удала можа атрымацца».

Ініцыятыва запісу сумеснага сынглу належыць рэперу SP Kava, удзельніку праекту PANaNieba. «Пры праслухоўваньні песень Akute заўжды ўзьнікае шмат думак, якія хочацца занатаваць, – кажа выканаўца. – Але каб лішні раз не раздорваць камплімэнты, скажу, што ў мяне проста ў патрэбны момант апынуўся ў руцэ аловак, а ў навушніках гучала “Шчасьце”. Вось і атрымалася такое эсэ ад мяне са спробамі працягнуць тое, што я пачуў. Я рады, што хлопцы дазволілі мне такі эксперымэнт са сваёй творчасьцю».

Гурту Akute таксама прыйшоўся да спадобы гэта спроба па спалучэньню двух стыляў. «Мы заўжды вітаем падобныя экспэрымэнты. У выпадку з трэкам SP Kava я нават ня думаў, што так удала можа атрымацца. Мне дык вельмі спадабаўся тэкст, які напісаў Юрась», – кажа ўдзельнік каманды Раман Жыгараў. Зараз музыкі абмяркоўваюць магчымасьць прадстаўленьня сумеснага сынглу ўжывую на адным з бліжэйшых выступаў Akute. Магілёўцы працягнуць экспэрымэнты з іншымі стылямі, якія можна будзе пачуць на іх новым сынгле «Krou by vada», прэзэнтацыя якога адбудзецца неўзабаве.

«Шчасьце» – ня першы экспэрымэнт рэпера SP Kava з айчыннымі рок-музыкамі. Дагэтуль ён запісаў трэк «Трываю» з удзелам Аляксандра Кульлінковіча.

Тузін Гітоў