Дзеля новага музычнага праекту Зьміцер Вайцюшкевіч пераўвасобіўся ў новага пэрсанажа – прагнага да славы, былога зьняволенага Хведара Шчавеля, які хварэе на частковую амнэзію і сьпявае песьні, якія могуць крануць сэрца любога таксіста і дальнабоя.
Ідэя запісаць альбом турэмнай лірыкі належыць не самому Вайцюшкевічу. На такую працу яго натхніў Генадзь Бураўкін, які і стварыў большасьць песень да гэтага сынглу і будучага паўнавартаснага альбому. Паэт перакананы, што нешта такое ў беларускай культурнай прасторы проста абавязанае існаваць. Зьміцер спачатку ўспрыняў такую прапанову за жарт, але зь цягам часу зьмяніў стаўленьне. Хоць у гэтых песьнях доля іроніі прысутнічае, але яны бяруць за душу перадусім сваёй жыцьцёвасьцю і душэўнасьцю. Расказваючы пра свой досьвед у галіне шансону, Вайцюшкевіч прычмоквае: “А што, маю права сьпяваць песьні на такую тэматыку, бо сам у пэўнай ступені адбываю пакараньне і не магу ўжо колькі часу даваць легальныя канцэрты”.
Песьні з сынглу “Шо-Шо” Вайцюшкевіч сьпявае ад імя пэрсанажа Хведара Шчавеля. Дзякуючы высілкам Юліі Ляшкевіч у гэтай пэрсоны зьявілася свая легенда. Хведар нарадзіўся непадалёк ад возера Шо – гэта на Глыбоччыне, менавіта там, паводле разьлікаў, знаходзіцца самы цэнтр Эўропы. Ён – увасабленьне спакою і нармальнасьці, хоць пакутуе на частковую амнэзію. Хведар пяе тужлівыя песьні пра тое, як яго лёс “варанок пераехаў”, ды абяцае сваёй матулі, што яго “больш ніколі спакусай зло не кране”. Песьня “Матуля” наогул прэтэндуе на тое, каб стаць усенародным шлягерам, бо атрымалася вельмі кранальнай. Дзіва, але беларускіх песень з прысьвячэньнем маці вобмаль. Ёсьць месца ў гэтай працы і весялосьці – разухабістая крычалка пра вясёлых бадзягаў – ды трэк “Залаты” аўтарства Някляева з прыпевам “я такі бедны, як той грош медны, я зусім не круты” проста просяцца ў эфір якога шансон-каналу. Дарэчы, Вайцюшкевіч натхняўся гэтай стылістыкай з дапамогай беларускіх FM-станцый, на якіх можна пачуць шансон самага нізкага гатунку. Толькі сьпявак вырашыў стылізаваць усё на найвышэйшым узроўні – ня проста з дапамогай танных мідзі-клявішаў, а прыцягнуўшы музыкаў з джаз-бэнду Apple Tea. Так што ў музычным пляне альбом атрымаўся вытанчаным і густоўным, у адрозьненьне, скажам, ад шансон-экспэрымэнтаў “па-чорнаму” ад Лявона Вольскага ў альбоме “Куплеты і прыпевы” (2008).
Сынгл “Шо-Шо” папярэднічае выхаду паўнавартаснага альбому і раздаецца бясплатна ў асноўным выпадковым людзям, пераважна таксістам і дальнабойшчыкам. Паўнавартасны дыск мае пабачыць сьвет пад канец кастрычніка і хутчэй за ўсё будзе называцца паводле першай песьні з гэтага сынглу – “Варанок”.
Прэм’ера сынглу “Шо-Шо” Зьмітра Вайцюшкевіча – на Budzma.org
Ідэя: 10
Выкананьне: 9
Тэксты: 9
Запіс: 9
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін