Адзін з самых паспяховых альтэрнатыўных гуртоў Расіі 5diez (#####) запісаў для праекта «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» беларускую версію сваёй песні «Дождж» — аднаго з галоўных хітоў з іх пятага па ліку альбома «Пандемия», выдадзенага асобным сінглам. Па-беларуску тэкст пераасэнсаваў літаратар Сяргей Балахонаў. Хлопцы з Віцебска за восем гадоў працы ў Маскве атрымалі ўсе магчымыя ўзнагароды ў альтэрнатыўнай музыцы.
«Мы заўжды адкрытыя для прапановаў і згодныя на творчыя эксперыменты. Тым больш ідэя запісаць трэк па-беларуску нам падалася вельмі сімвалічнай, бо заўжды хочацца стаць часткай гісторыі, тым больш калі гэта звязана з роднай краінай», — гэтак адрэагавалі музыкі з гурта ##### на запрашэнне паўдзельнічаць у праекце «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2». Некалі ў пачатку свайго шляху яны спрабавалі стварыць трэк па-беларуску для адной з кампіляцый, але неўзабаве перабраліся ў Маскву з роднага Віцебска.
Бубнач каманды Грэг Карпаў неяк прызнаўся, што з’язджаў з Беларусі з думкай, што будзе працягваць займацца музыкай, але пры тым грошы зарабляць планаваў на будоўлі. Але ўжо доўгія гады яго каманда разам з «Ляпісам» лічыцца ў Расіі самым паспяховым гуртом з Беларусі. У першы ж год маскоўскага побыту 5diez атрымалі перамогу ў намінацыі «Адкрыццё года» на Moscow Alternative Music Awards-2003, у 2005 годзе іх дэбютны дыск «В этой жизни меня подводят доброта и порядочность» быў прызнаны альбомам года на Russian Alternative Music Prize, а ў 2007 ім скарыўся яшчэ і Піцер — яны перамаглі ў катэгорыі «Найлепшая няпіцерская група» на St. Petersburg Alternative Music Awards. У 2008 годзе «дыезы» атрымліваюць прэмію Fuzz за «Песню года» («2АнгелА»), у 2009 яны дастаюць яшчэ і прэмію Moscow Alternative Music Awards, цяпер ужо як «найлепшая немаскоўская група». З музыкамі 5diez заключылі кантракты сусветна вядомыя фірмы, каб яны прадстаўлялі іх інтарэсы. Грэг Карпаў, напрыклад, мае кантракт з Yamaha. Партнёрамі гурта выступаюць Adidas і BOSS.
«Мяркую, што той факт, што мы з Беларусі, нам толькі дапамагаў у нашай кар’еры. Вялізарным стымулам да скарэння вяршыняў было тое, што мы паходзілі з невялікага горада маленькай краіны. Па сутнасці, мы не мелі нічога, а так шмат хацелася. І я ўпэўнены, што нашыя першыя перамогі здарыліся толькі дзякуючы нашаму імпэту ды імкненню давесці, што зусім не важна, адкуль ты. Нашмат больш значыць тое, што ты адданы сваім ідэям і мэтам. І мастацтва не мае ніякіх межаў. Гэта зусім не палітыка», — кажа Грэг.
Для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» 5diez выканалі песню «Дождж» — адзін з галоўных хітоў з іх пятага па ліку альбома «Пандемия», выдадзены асобным сінглам. Па-беларуску тэкст пераасэнсаваў літаратар Сяргей Балахонаў. «Мне гэтая песня вельмі прыйшлася даспадобы ў арыгінале, — кажа Сяргей. — Таму праца над перакладам была сапраўднай асалодай. Да таго ж, пэўныя вобразы песні вельмі перагукаюцца з маім жыццём. Заўжды лягчэй пераствараць той тэкст, які табе бліжэйшы ў эмацыйным ці, шырэй, у быццёвым плане».
Вакаліст 5diez Яўген Белавусаў кажа, што таксама атрымаў сапраўдную асалоду ад выканання «Дажджу» па-беларуску. Ён кажа, што спяваць на «непрацоўнай» мове яму было нескладана. «Тут цяжкасць палягала ў іншым — няпроста было ўспрымаць песню на беларускай, калі яна ўжо паклалася на вуха па-расійску. Але ўсе мы ведаем беларускую мову, недасканала, але ўсё ж праблемаў не было».
Нягледзячы на шчыльны гастрольны графік, хлопцы стараюцца часцей наведвацца на Радзіму, кажа Грэг. «Дзе бы мы ні былі, заўжды перажываем за нашую краіну і за людзей. З аднаго боку, думаю: вось колькі ўжо можа кіраваць краінай адзін чалавек, а з другога падаецца, каб не ён, то гэтую геаграфічную прастору — Рэспубліку Беларусь — магчыма, паглынуць і распіляць. Дома мы адпачываем душой ад шалёнага рытму жыцця. І паглынаем дранікі без меры».
5diez — Дождж
(муз. і сл. гурта, бел. тэкст — Сяргей Балахонаў)
На вуснах пылам, што ачах,
Асеў аблудны ліпкі страх,
Загнаўшы ў шал, уцершы соль,
Свет да сябе змяніў пароль.
І ўсе замкі, і ўсе ключы
Іржою плакалі ўначы.
І я праз лёс на бераг бег,
Ў агні нябёс шукаў цябе.
Усе крыўды змые дождж.
Позірк твой — нібыта нож,
Ты стаіш, а, як душа,
Гіне лёду чарада.
Жорсткі свет, як ты і я,
І не па правілах гульня.
Гульня без пэўнага пачатку.
Гульня без пэўнага канца.
І каб імгненне мела сэнс,
Адну між зор бязмежжа неба,
Я так хацеў знайсці цябе…
Ды нас аскепкі аніяк не склеіць!
Перамогі змые дождж.
Тут заўжды ўсё будзе так.
Бераг знік. Агонь патух.
Для цябе і для мяне! Для мяне…