Музыка гурта “Стары Ольса” без дазволу скарыстаная ў фільме, знятым журналістамі расійскай “Комсомольской правды”. У ім ідзе размова пра сям’ю Германа Сцерлігава, аднаго з першых расійскіх мільянераў, вядомага сваімі радыкальнымі нацыяналістычнымі поглядамі. Лідар беларускага гурта Зміцер Сасноўскі абураны тым, што іх музыка скарыстаная для прапаганды расійскага нацыяналізму. “Гэта чарговы факт выкарыстання нашай музыкі ў абсалютна супрацьлеглых мэтах. Мы з’яўляемся шчырымі патрыётамі Беларусі і прыкладаем шмат намаганняў да адраджэння нашай старой музыкі, а таму не можам спакойна трываць факт выкарыстання гэтай музыкі ў прапагандзе расійскага нацыяналізму, які знішчаў і працягвае знішчаць нашу родную культуру”, — заявіў Зміцер Сасноўскі сайту budzma.org.
Гэта не першы выпадак, калі музыку беларускага гурта літаральна крадуць расійцы і выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Так, некалькі год таму таварыства “Родноверы” выдала шэраг кампазіцый “Старога Ольсы” пад назвай “Древнерусская музыка”. Тэлеканал НТВ без дазволу музыкаў скарыстаў іх творы для агучвання перадачы пра Каўказ, а адна з расійскіх кампаній незаконна прадавала рынгтоны “ольсаў”. Зміцер Сасноўскі кажа, што раней у такіх канфліктных сітуацыях дапамагаў разабрацца Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Прынамсі, продаж дыскаў “ольсы” пад шыльдай “Древнерусская музыка” і распаўсюд рынгтонаў атрымалася прыпыніць. Але, як вядома, кіраўніцтва НЦІУ звольнілася на пачатку месяца ў поўным складзе. “Фактычна цяпер беларускія музыкі не маюць ніякай абароны, і разбірацца з такім выпадкамі стала больш складана”, — кажа лідар “Старога Ольсы”.
Сяргей Будкін