Стрыт-арт: сцены не мусяць быць шэрымі, а людзі – напалоханымі

04.10.2012 Мастацтва

Апошнім часам на вуліцах Брэста можна назіраць мноства птушак: каляровых, з народнымі арнаментамі на крылах. «Няўжо ў горадзе з’явіўся стрыт-арт?!», — з захапленнем вымавіла дзяўчына, фатаграфуючы птушку, наклееную на будынак ў цэнтры горада.

Карэспандэнт «Тут і цяпер» адшукала вулічнага мастака, які “рассяліў” па горадзе птушак. Продак (так назваўся хлопец) распавёў аб тым, навошта ён малюе на сценах, хто з’яўляецца спонсарам яго творчасці і як ён пераканаў міліцыянтаў у тым, што нясе ў свет дабро.

— Як даўно ты займаешся стрыт-артам?

— Я малюю з маленства. Пачынаў з фламастараў і каляровых алоўкаў, потым узяў у рукі пэндзлі, гуаш, акварэль, крэйду — ну, як усе дзеці.

Да стрыт-арта я дадумаўся яшчэ ў 15-гадовым узросце: неяк убачыў у Нацыянальнай бібліятэцы кнігу пра стрыт-арт з сакавітымі, прыгожымі малюнкамі з усяго свету. Тады і вырашыў намаляваць на агароджы свайго першага зубатага сурка. А потым сустрэў чалавека, які навучыў рабіць трафарэты. І я зразумеў, што трэба працаваць…

Канкрэтную мэту я паставіў сабе гэтым летам, таму што дасталі гэтыя шэрыя сцены. Ды і трэба ж неяк забаўляцца! Вырашыў маляваць карціны не для таго, каб складваць іх у стос ці вешаць на сцяну, а для публікі. Так цікавей. І мне ад гэтага прыемна, і людзям.

— Чаго ты хочаш дамагчыся, малюючы птушак з нацыянальным арнаментам на будынках горада?

— Чаго хачу дамагчыся? Па-першае, таго, каб самому было прыемна ісці па вуліцы. Па-другое, мяне вельмі чаруе славянская культура. Чалавек, які ідзе па вуліцы і бачыць арнамент, з якім яго продкі жылі шматлікія гады, магчыма, задумаецца пра тое, хто ён ёсць і што такое наш сучасны свет.

Птушак малюю таму, што гэта міла і сімпатычна. Бачыць птушачак з народнымі арнаментамі прыемней, чым нахабную рэкламу аб тым, што табе трэба купіць тое ці тое. Увогуле, птушкі — гэта ўзламванне «матрыцы»: я хачу разбурыць штодзённае гарадское жыццё. Птушка, ды яшчэ са славянскім арнаментам — гэта вельмі па-бацькоўску, па-роднаму. Не павінна быць так, калі, па правілах жыцця горада, сцены мусяць быць шэрымі, агароджы — зялёнымі, а людзі — напалоханымі. Крыху перабольшваю, але ж…

Птушак я ляплю або малюю, калі шпацырую па горадзе. Вядома, калі б мне прапанавалі размаляваць сцены дзесяціпавярховых дамоў, то я б маляваў нешта іншае.

— У нашай дзяржаве трэба амаль на ўсякую ініцыятыву пытаць дазволу ў прадстаўнікоў улады. У цябе былі праблемы з міліцыяй?

— З міліцыяй і іншымі структурамі праблем няма, іх і не павінна быць. Аднойчы, калі я наклейваў сваю чарговую работу на сцяну, прыехаў нарад міліцыянтаў. Я іх пераканаў у тым, што нясу дабро і святло ў гэты свет. А гэтай сцяне, на якой напісана некалькі брыдкіх выразаў і палітычных лозунгаў, горш ужо не стане. Афіцэр мяне нават пахваліў і даў свой тэлефонны нумар, каб у выпадку чаго я мог патэлефанаваць яму. Вось так. Сутнасць паспяховага стрыт арта — не адчуваць страху. Ты, наадварот, павінен быць упэўнены, што гэта важна для цябе і гэта прыгожа. Тады ты не будзеш прыцягваць негатыўныя сітуацыі.

— Ці падабаецца тое, што ты робіш, тваім сябрам, бацькам? Ці не лічаць яны цябе вар’ятам, якому проста няма чым заняцца?

— Я думаю, што сапраўды разумнаму чалавеку такую творчасць бачыць прыемна. Неразумнага стрыт-арт прымусіць задумацца, а ў дурнога выкліча абурэнне і агрэсію.

Мае бацькі мяне падтрымліваюць ва ўсім творчым. Я для іх — гонар і плод іх сумеснай работы. Адзінае, я маці не распавядаю пра тое, колькі грошай трачу на творчасць. Гэта яе грошы, а сам я не зарабляю. Маю творчасць спансіруе ў асноўным мама.

— Колькі грошай вымагае стрыт-арт?

— Летам атрымаў стыпендыю — амаль мільён выйшаў. Дык я ўсе грошы патраціў на матэрыялы. Для стрыт-арта патрэбны звычайныя фарбы, якія прадаюцца ў любой будаўнічай краме. Для таго, каб займацца такім мастацтвам, патрэбны грошы. Альбо мецэнат. Мяне пакуль што ратуе мая стыпендыя ва ўніверсітэце. Але, на самай справе, нехта можа «бухаць» на гэтыя ж грошы і танчыць у клубах з дзеўкамі. А хтосьці накіроўвае гэтыя сродкі на нейкі праект ці на сям’ю, як мае бацькі.

— Колькі часу табе патрэбна, каб прыдумаць малюнак і рэалізаваць задуму?

— Каб намаляваць эскіз, дастаткова гадзіны. Я люблю адразу маляваць, доўга не думаючы, таму што ў галаве гэта ўсё не доўга круціцца, трэба хутчэй увасабляць яго ў жыццё.

— Для таго, каб зрабіць вялікі роспіс у горадзе, менавіта ў цэнтры, трэба прайсці пэўную працэдуру з паказам эскізаў, перакананнем некаторых асоб у карыснасці сваёй ідэі. Ну і з атрыманнем потым грашовых сродкаў. А яшчэ я размаўляў са старшынёй свайго шматпавярховага дома, і ён быў цалкам за тое, каб ператварыць наш дом у шэдэўр. Таму я таксама планую там нарабіць мастацкіх спраў.

Наконт вялікіх сцен у Брэсце я яшчэ буду дамаўляцца. Магчыма, буду рабіць роспіс у арцы на адным з будынкаў у цэнтры горада. Чакаю адказ з гарвыканкама, але яны такія “тормазы” — гэтае пытанне вырашаюць ужо месяц. Я ў дадзены момант вучуся ў Віцебску. Планую зрабіць вылазку ў горад і наляпіць некалькі пазітыўных плакатаў-заклікаў. Можа, яшчэ ажыццяўлю маленькі перформанс…

Карацей, трэба дзейнічаць, а не штаны праціраць перад «кантактам»!

— А як ты ставішся да тых, каго камунальныя службы клічуць вандаламі? Тых, хто размалёўвае сцены сваімі аўтографамі?

— Гэта іх выбар. Многія так робяць таму, што не разумеюць, што можна рабіць нешта іншае. Альбо гэта звычка з дзяцінства, калі малюеш фламастарам там, дзе нельга. На месцы гарадскіх службаў я б накіраваў іх патэнцыял туды, дзе ён патрэбен. У горадзе павінна быць шмат сцен для вольнага графіці, тады і не будзе выдаткаў на бязглуздае зафарбоўванне крамзоляў.

Аліна Бортнік, Тут і цяпер