Сяргей Будкін: Блюзмэн у пагонах генэрала

Аляксея ШадзькоАляксей Шадзько нечакана нават для сябе самога запісаў яшчэ адзін цудоўны альбом, на вокладцы якога вырашыў паўстаць ў вобразе генэрал-маёра расейскіх войскаў.

З пераездам Аляксея Шадзько ў Маскву ды яго занятасьцю на тэатральнай сцэне (ён служыць у МХАТ), была рызыка, што мы страцім яго як музыку. Аляксей гэтую думку толькі падмацоўваў, заявіўшы пасьля выданьня папярэдняга дыску “Только бы не было холодно”, што чакаць новага альбому ад яго наўрад ці варта. Таму зьяўленьне 11-га студыйніка сталася ў пэўнай ступені нечаканасьцю. Высьветлілася, што гэты рэліз выканаўцу фактычна замовіў яго прыхільнік, цалкам праспансаваўшы ўвесь працэс запісу.

Песьні для дыску “…только не думай” Шадзько, па завядзёнцы апошніх гадоў, ствараў разам з Уладзімірам Ткачэнкам, гітарыстам залатога складу “Песьняроў”, а таксама флейтыстам-віртуозам Ігарам Леўчуком, клявішнікам Косьцем Гарачым (Apple Tea), басыстам “КрамыАляксандрам Ванькевічам ды бубначом Анатолем Калядом. Стылістычна музыкі не адступілі ні на крок ад таго, што грае Шадзько ўжо трэцяе дзесяцігодзьдзе. Толькі што ад саксафона гэтым разам адмовіліся.

Гучаньне песень Шадзько стала яшчэ больш аксамітным, бяз рокавага надрыву, які раз-пораз дазваляў сабе Аляксей раней. З агульнага настраёвага шэрагу выбіваецца хіба кампазыцыя “Я не суперзвезда”. Без сумневу, адразу і назаўжды западае найперш загалоўны трэк (каб яшчэ ня гэтая электронная падпеўка!). Зьвяртаюць на сябе ўвагу і дзьве блюзавыя тэмы, якія ідуць адна за адной – асабліва іранічны трэк пра “Три диплома”. Незразумела, чаму Шадзько дагэтуль не запісаў альбом чыста блюзаў – яго лад мысьленьня і голас сьведчаць, што гэта абавязкова мусіць адбыцца.

“…только не думай” – праца чалавека, якому ўжо даўно нічога ня трэба даводзіць ані сабе, ані гэтаму сьвету. У яго песьнях увасабляецца самае тое – разумнае, добрае ды вечнае. І таму аніяк не павернецца язык вінаваціць аўтара ў самапаўторах.

На вокладцы выканаўца чамусьці паўстаў у вобразе генэрал-маёра расейскіх войскаў. Разумей як хочаш.

Паслухаць песьні з альбому “…только не думай” можна на старонцы УКантакце.

Ідэя: 8
Выкананьне: 9
Тэксты: 8
Запіс: 8
Аздабленьне: 6

Сяргей Будкін